Юрый КУЛІК, Аляксандр ОКСІНЬ. Прыгоды з чароўнай скрыначкай

№ 47 (813) 24.11.2007 - 30.11.2007 г

Вось-вось мінуць апошнія восеньскія дзянькі, распачнецца сцюдзёная зімовая пара. А там неўзабаве — і навагоднія святы. Менавіта таму, каб мець магчымасць загадзя падрыхтавацца да іх, гэтым разам “Куфар-радца” прапануе сваім чытачам дзіцячую навагоднюю п’есу — своеасаблівае падарожжа па свеце казачных прыгод і персанажаў, у выніку якога дабро, як зазвычай і мусіць быць, абавязкова пераможа зло. А спынілі мы сваю ўвагу менавіта на гэтай п’есе яшчэ і таму, што адзін з яе аўтараў — Юрый Кулік — працаваў у свой час акцёрам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

Навагодняя казка

 

Д з е й н ы я а с о б ы :

 

ДЗЕД МАРОЗ

СНЯГУРАЧКА

ДОКТАР АЙБАЛІТ

НЯЗНАЙКА

БУРАЦІНА

БАБА ЯГА

ЯГУСЯ — УНУЧКА БАБЫ ЯГІ

КОСЦІК — УНУК КАШЧЭЯ

БЕССМЯРОТНАГА

БАРМАЛЁША — СЫН БАРМАЛЕЯ

 

Праз сцэну, а магчыма, праз глядзельную залу, ідзе Нязнайка і гучна гукае Бураціну.

НЯЗНАЙКА. Бураціна! Бураціна! (Заўважыўшы глядзельную залу.) Сябры мае, вы не бачылі Бураціну? Не?! Дзе ён падзеўся?! (Крычыць.) Бураціна! Амаль гадзіну гукаю і чакаю! Дзеці, дапамажыце мне, калі ласка! Давайце разам гукнём Бураціну. Тры, чатыры! Бу-ра-ці-на!!! А зараз — ціха! Там, на галёрцы, цішэй! Ну, ціха! Я не пачую, калі ён раптам адгукнецца! Ціха…

Між палотнішчамі заслоны паказваецца галава Бураціны — ён просіць дзяцей, каб яны маўчалі. Калі дзеці пачынаюць падказваць Нязнайку і той вымушаны азірнуцца, Бураціна павінен паспець схавацца, але, у рэшце рэшт, Бураціна абавязаны падкрасціся да Нязнайкі і гучна крыкнуць над самым вухам.

БУРАЦІНА. Тут я!!!

Нязнайка павінен спалохацца. Магчыма, Нязнайка павінен зразумець, што за ягонай спіной знаходзіцца Бураціна, і азірнуцца раней, і напалохаць Бураціну. А можа, яны спалохаюцца разам. Усё залежыць ад рэжысёра і артыстаў. Галоўнае, каб пасля ўсяго гэтага смяяліся ўсе.

НЯЗНАЙКА. Усё, сябры, да пабачэння! Дзякуй за тое, што дапамаглі знайсці сябра.

БУРАЦІНА. Дзякуй, сябры!

НЯЗНАЙКА. Чакай. Я хацеў спытаць… Усе мяне пазналі? Так, я — Нязнайка. Вось бачыш, Бураціна, усе пра мяне чыталі.

БУРАЦІНА. Ну, пра мяне не столькі кніжак, колькі пра цябе, але я не менш вядомы! Праўда, дзеці? І пра мяне пісалі два пісьменнікі. І ў мяне два прозвішчы. Як мяне завуць?.. Правільна!.. Пінокіо, альбо Бураціна.

НЯЗНАЙКА. Не ў гэтым справа! Галоўнае, мы — сябры, і калі ёсць вольная хвілінка, мы заўсёды разам.

БУРАЦІНА. Шкада, што мы не з адной казкі.

НЯЗНАЙКА. Ёсць адна казка, дзе мы разам.

БУРАЦІНА. Ну, там не толькі мы! Там шмат нашых лепшых сяброў! Ягуся — унучка Бабы Ягі, Косцік — унук Кашчэя Бессмяротнага...

НЯЗНАЙКА. І непаўторны Бармалёша — сын Бармалея. З яго ўсё і пачалося!

БУРАЦІНА. Не, пачалося ўсё з Новага года. Перад навагоднім святам.

НЯЗНАЙКА. Пачакай, давай я раскажу.

БУРАЦІНА. Я і сам магу расказаць, і не горш, чым ты…

НЯЗНАЙКА. А давай так: ты расказваеш дзве хвілінкі, а потым — я дзве хвілінкі.

БУРАЦІНА. Згода. З мяне пачынаем. Раз! Два! Тры!

Сябры выкідваюць пальцы і лічаць; выпала пачынаць Бураціну.

НЯЗНАЙКА. Пачынай. Толькі з самага, самага пачатку!

БУРАЦІНА. Тады трэба пачынаць з таго, што…

НЯЗНАЙКА. Аднойчы ўсе героі ўсіх казак вырашылі жыць разам…

БУРАЦІНА. Пабудавалі цудоўны горад з магазінамі, паркамі, прыгожымі вуліцамі і вясёлым трамваем — так называў сябе паравозік з Рамашкава...

НЯЗНАЙКА. Са школай, куды мы з Бурацінам адразу пайшлі вучыцца…

БУРАЦІНА. А ўсе злыя героі казак не захацелі жыць разам з намі…

НЯЗНАЙКА. Разам з усімі...

БУРАЦІНА. ...і пасяліліся за лесам. У іх там таксама горад, які — ніхто не ведае...

НЯЗНАЙКА. Аднак дакладна вядома, што ў іхняй “школе” — уявіце сабе — працуе Баба Яга, а яшчэ… страшна сказаць!..

БУРАЦІНА. І нічога страшнага: Кашчэй Бессмяротны!

НЯЗНАЙКА. Дык вось...

БУРАЦІНА. Дык вось, калі мы гэтак будзем надалей расказваць, да раніцы не раскажам пра ўсё.

НЯЗНАЙКА. Што ты прапануеш?

Бураціна нешта шэпча Нязнайку на вуха.

НЯЗНАЙКА. Ты што? А як мы тады?.. Гэта ж!.. Зусім тады!.. Табе не шкада чароўнага валаска?

БУРАЦІНА. А як дзеці даведаюцца пра нашых сяброў? Ты паглядзі, колькі іх у глядзельнай зале. Лепей адзін раз убачыць, чым сто разоў паслухаць. Нават калі расказваць будзе сам Нязнайка!

НЯЗНАЙКА. А давай!!! Сябры мае, зараз Бураціна дастане чароўны валасок з барады Хатабыча і вы ўбачыце неверагодную гісторыю, якая называецца... “Прыгоды з чароўнай скрыначкай”!!!

БУРАЦІНА. Вы пазнаёміцеся з нашымі лепшымі сябрамі Ягусяй, Косцікам і Бармалёшам. ДОХ-ЦІБІ-ДОХ! ЦІ-БІ-ДОХ-ДОХ-ДОХ!!!

Бураціна парваў чароўны валасок, быццам лопнула струна, запалілася чароўнае святло і загучала музыка. Пачала адкрывацца заслона. Бураціна і Нязнайка пайшлі ў глядзельную залу, жадаючы ўсім цудоўнага прагляду.

БУРАЦІНА і НЯЗНАЙКА (разам).

Гляньце! Гляньце! “Школа” Кашчэя!

А тым часам казка пачалася.

 

 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Карціна першая

На сцэне стаяць парты, вісіць класная дошка, над якой — надпіс: “Школа Кашчэя Бессмяротнага”, на дошцы крэйдай крыва напісана: “Баба Іга + Бармолей = КАХАНЕ!”. Асобна стаіць вугал, на ім вісіць рэмень з вялікай спражкай. У класе — поўны кавардак.

Уваходзіць Баба Яга, кідае штосьці на стол і адразу пачынае.

БАБА ЯГА. А ну, брысь па сваіх месцах! Пачынаем заняткі! Што такое?! Нікога няма? (Кідаецца пад стол.) Эй! (Выглядвае.) Дзеткі?! Балбесікі! Дзе вы схаваліся? Нікога! Ну, слава Кашчэю Бессмяротнаму, пачынаюць разумець, што “сапраўдны” вучань заўсёды на заняткі спазняецца. Паўгадзіны, як урок ідзе, а іх нікога няма! Малайцы! Пайду Кашчэя парадую! Сапраўднымі балбесамі растуць!

Як толькі Баба Яга знікла, у класс урываюцца Ягуся і Косцік. Ягуся лупіць Косціка.

ЯГУСЯ. Вось табе! Вось табе! Будзеш ведаць, як хатнее заданне выконваць! Я сама бачыла! На! Атрымлівай!

КОСЦІК. А сама ўчора добрую справу зрабіла...

ЯГУСЯ. Якую добрую справу? Ты бачыў?

КОСЦІК. А хто ўчора Бармалёшу з-пад шафы выцягнуў? Я тры дні ножкі падпільваў. Шафа і грымнулася на яго. А як ён плакаў! Прыемна было слухаць. Пашкадавала?!

ЯГУСЯ. Ах так! Гэта я добрую справу зрабіла?! Гэта я Бармалёшу пашкадавала? Ды калі б не я, дзядзька Бармалей з цябе жвачку тры разы пажаваную зрабіў бы!

КОСЦІК. Ну, ты!..

ЯГУСЯ. А ты мне не тыкай! Мая бабуля — Баба Яга. Скажу ёй... дык на ўсё жыццё ў трэцім класе застанешся!

КОСЦІК. Ой, напалохала! Скажу дзеду Кашчэю, дык ён яе адразу выганіць. Што я захачу, тое і зробіць. А на ейнае месца Кікімару паставіць.

ЯГУСЯ. А я тады...

КОСЦІК. А я тады...

ЯГУСЯ. А я тады...

КОСЦІК. А я тады...

Не знайшоўшыся, што “тады”, разыходзяцца ў розныя бакі. Паўза. Праз некаторы час разам паварочваюцца адзін да аднаго.

ЯГУСЯ і КОСЦІК (разам). А давай мірыцца?

ЯГУСЯ і КОСЦІК (разам). Давай!

(Зарагаталі.)

Ягуся і Косцік, усміхаючыся, падыходзяць адзін да аднаго. Паціскаюць рукі, абдымаюцца і не заўважаюць, як з’яўляецца Баба Яга.

БАБА ЯГА. Што гэта такое? Што гэта такое?!! Я ў вас пытаюся! Што за сяброўскія абдымачкі? Чаму вас вучаць? А ну, брысь па сваіх месцах! Вочы б мае вас не бачылі! (Да Ягусі.) А ты прынясі навучальную прыладу. Паўторым учарашні ўрок. (Ягуся прынесла вялікую рагатку і ляпнула ёю аб стол.) Косцік, што мы ўчора праходзілі?

КОСЦІК. Не памятаю.

БАБА ЯГА. Малайчына! Значыць, урок не вывучыў?

КОСЦІК. Вывучыў.

БАБА ЯГА. А вось гэта дрэнна. Сядай!

Косцік садзіцца і адразу ўскоквае.

КОСЦІК. А-а-а-а-а-а-а!!!

БАБА ЯГА (задаволена). Што здарылася?

КОСЦІК. Ягуся мне кнопку падклала...

БАБА ЯГА. Малайчына, Ягуся! Памятае, чым учора займаліся. (Да Косціка.) Ну! А ты што павінен зрабіць?

КОСЦІК. Не ведаю.

БАБА ЯГА. Дрэнна! Чытай. (Дае сшытак.) У голас чытай!

КОСЦІК (чытае). Калі табе падклалі кнопку, альбо аблілі чарнілам, альбо яшчэ што-небудзь, трэба ўзяць нешта і ...

БАБА ЯГА. Ну?!

Косцік закрывае сшытак і збіраецца стукнуць Ягусю. Але прамазвае, і зноў завязваецца валтузня.

Малайчына! Правільна! А ты дай у адказ! А ты не паддавайся! Малайчына! Выдатны ўдар! Ну, хопіць. Хопіць, я сказала! Стаяць!!!

Баба Яга спрабуе спыніць бойку, стаўшы паміж імі, і атрымлівае сваё па поўнай праграме. Ягуся і Косцік, задаволеныя тым, што надавалі ёй грымакоў, кінуліся за свае парты, а Яга ледзь дапаўзла да парты, за якой павінен сядзець Бармалёша.

Ну, крывапіўцы! Вось і паўтарылі ўчарашні ўрок. Я задаволена. А дзе Бармалёша? Нешта я яго не бачу.

КОСЦІК. А яго ўчора шафай прыціснула! Я тры дні ножкі падпільваў!!

БАБА ЯГА. Малайчына! Вось гэта справа!

КОСЦІК. А Ягуся яго дастала з-пад шафы.

БАБА ЯГА. Дрэнна, Ягуся. Хіба гэтаму я цябе вучу ўвесь час? А ну, стань у кут.

Ягуся, вырваўшы паўстаронкі СА сшытка, становіцца ў вугал.

ЯГУСЯ (Косціку). Даносчык! Ніколі табе гэтага не забуду! (Пачынае жаваць кавалачак паперы.) Ты ў мяне яшчэ паплачаш! Ты мяне яшчэ ўспомніш! Я табе гэта абяцаю!

КОСЦІК (павярнуўшыся да Ягусі). Ой-ой-ой-ой!

Раптам у руках Ягусі аказалася трубачка, і яна стрэліла разжаваным кавалкам паперы ў бок Косціка.

БАБА ЯГА. Вось гэта па-нашаму! Добра, сядай на месца.

ЯГУСЯ (сеўшы на сваё месца). Усё роўна адпомшчу.

БАБА ЯГА. Ну дык што здарылася з Бармалёшам?

ЯГУСЯ. Ён сказаў, што ў школу сёння не прыйдзе. У яго вушы адарваліся.

БАБА ЯГА. Што, самі адарваліся?

ЯГУСЯ. Ды не! Я яго за вушы з-пад шафы выцягвала. Вушы і адарваліся...

КОСЦІК. Ён што, цяпер усё жыццё без вушэй будзе?

ЯГУСЯ. Вось ён і пайшоў да Айбаліта, каб той іх яму прыклеіў... (Наконт Айбаліта Ягуся прагаварылася.)

БАБА ЯГА. Да каго ён пайшоў?!!

ЯГУСЯ. Я не ведаю. Я сказала... можа.

БАБА ЯГА. Ну добра! Ён у мяне даходзіцца! А зараз запішыце тэму ўрока: “Рагатка і яе прымяненне”. Пішыце: “Рагатка патрэбна для таго...”

Пакуль Яга дыктуе, з’яўляецца Бармалёша і прывязвае за ножку стула, на якім сядзіць Яга, вяроўку. Рухамі паказаўшы Ягусі, што Ягу трэба неяк падняць, хаваецца.

ЯГУСЯ. А Косцік у мяне памылкі спісвае!

БАБА ЯГА (устаўшы са стула). Малайчына! Увесь у дзядулю. Выліты дзядуля ў маладосці.

Бармалёша ірвануў вяроўку, калі Баба Яга сядала на стул. Яга павалілася на падлогу, а Бармалёша кінуўся да сваёй парты, паводзячы сябе так, быццам ён за партай з пачатку ўрока.

БАБА ЯГА. Мяне-е-е?! Ну, заходзь, Бармалёша! Куды? У кут заходзь!

БАРМАЛЁША. Гэта ж не я! За што?

БАБА ЯГА. За тое, што да Айбаліта хадзіў, вушасты ты наш! (Бярэ яго за вуха, вядзе ў вугал.)

БАРМАЛЁША. А-а-а-ай! Балюча! Вуха адарвецца! Толькі ж прышылі!

БАБА ЯГА. Нічога! Кашчэю ўсё роўна рабіць няма чаго, прыклеіць! Навошта да Айбаліта хадзіў? Сваіх дактароў не ведаеш? (Здымае рэмень.)

БАРМАЛЁША. Ды я...

БАБА ЯГА. Маўчаць!! Не ведаю, як крэпка табе вушы прышылі, але памылі выдатна. А можа, яны цябе там і дабру навучылі? Адказвай!

БАРМАЛЁША. Ды я... Я... як вучылі! Я ў Айбаліта касторку і градуснік украў. Яму цяпер няма чым сваіх малпаў лячыць.

БАБА ЯГА. Пакажы.

БАРМАЛЁША. Вось. І вось. (Паказвае.)

БАБА ЯГА. Ах ты радасць мая! Бязвухі ты мой!

БАРМАЛЁША. Я — як вучылі…

БАБА ЯГА. Вучыцеся, дзеці! Сядай на месца. Але каб да Айбаліта больш ні нагой!

Гучыць званок. Дзеці з крыкам: “Канікулы!” паўскоквалі з-за парт.

БАБА ЯГА. А ну, селі ўсе на свае месцы! Ох, даведзяце вы мяне! Ператвару кожнага ў снежную бабу — усе канікулы стаяць будзеце! Пішыце заданне. У час канікул:

1. Кніжкі не чытаць.

2. Цэлы дзень глядзець тэлевізар

альбо сядзець за камп’ютэрам.

3. Старэйшым не дапамагаць.

4. Марожанае, пірожныя і цукеркі есці, колькі зможаце.

Усё. Хопіць з вас. Толькі б гэта выканалі. А цяпер — маю любімую песню... пачынай!

“Школа” лепшая у свеце.

Паступайце ўсе да нас.

Можна ў першы, можна ў трэці,

Ці адразу ў сёмы клас.

Гультаям у нас раздолле —

На занятках можна спаць!

І дурэць у нас дазволяць!

І кантрольную спісаць!

УСЕ (крычаць). КА-НІ-КУ-ЛЫ!!!

Баба Яга, задаволеная, пайшла, а ў класе пачалося нешта неверагоднае.

Наскакаўшыся, Бармалёша адышоў у бок, дастаў з кішэні вялікую цукерку і так смачна пачаў есці — вачэй не адарваць.

КОСЦІК. А што гэта ў цябе?

БАРМАЛЁША. Не твая справа.

КОСЦІК. Дай пакаштаваць. Бармалёша адвярнуўся. У, жмінда!!

БАРМАЛЁША. Так. Жмінда!

КОСЦІК. Жадзіна-гавядзіна! У, жыла-страшыла!!

БАРМАЛЁША. Так. Жыла... (Аблізнуўся.) Страшыла!

ЯГУСЯ. А мне дасі?

БАРМАЛЁША. І табе не дам. Я жмінда!

ЯГУСЯ. Ах так!! Касцюша, хадзі сюды! (Адвяла Косціка ў бок.) Чаму нас у школе вучаць? Не даюць — адбяры!

ЯГУСЯ і КОСЦІК (разам). Апошні раз пытаемся: дасі ці не? Ну?!

БАРМАЛЁША. (Дастае з кішэні вялікую жменю фанцікаў ад цукерак і кідае ім пад ногі.) Наце!

ЯГУСЯ. Ах так?!

КОСЦІК. Ды гэта ён іх столькі з’еў... а нам...

 

Ягуся і Косцік кінуліся на Бармалёшу, і праз некаторы час усе схаваныя цукеркі сталі ўласнасцю Ягусі і Косціка. Пераможцы пазапіхвалі іх сабе ў рот.

ЯГУСЯ. Ніколі ў жыцці не ела такіх смачных цукерак!

КОСЦІК. І я! Гэта ж не свае. Чужыя заўсёды смачнейшыя!

БАРМАЛЁША. Ну і ладна! Ладна-ладна!! Я ведаю, дзе іх многа-многа!. Столькі, што вам і не снілася. Пайду і яшчэ сабе вазьму, а потым схаваюся і адзін буду есці, каб ніхто не бачыў. (Пабег.)

ЯГУСЯ. А мы пойдзем за ім.

КОСЦІК. Ага.

ЯГУСЯ. Прасочым! І калі ён возьме цукеркі...

КОСЦІК. Папросім...

ЯГУСЯ. Сам аддасць! Чаму цябе ў “школе” вучаць?

Заслона. Перад заслонай, азіраючыся, прабягае Бармалёша. Як толькі ён знік, з’яўляюцца Ягуся і Косцік.

КОСЦІК. Ягуся, стой! Гэтая дарога вядзе ў школу Дзеда Мароза.

ЯГУСЯ. Ну і што?

КОСЦІК. Нам нельга туды! Калі Яга даведаецца... Ой, што будзе! Страшна падумаць!

ЯГУСЯ. А ты не думай! І потым... адкуль яна даведаецца?

КОСЦІК. Пакляніся, што не скажаш!

ЯГУСЯ. Чэснае-балбеснае! Не скажу!

КОСЦІК. Я таксама. Чэснае-балбеснае!

ЯГУСЯ. Пайшлі.

Карціна другая

На сцэне — таксама школа, Але надпіс іншы: “Школа Дзеда Мароза”.

Тут чыста і прыбрана. Снягурачка якраз заканчвае прыбіраць і пяе песню.

СНЯГУРАЧКА.

Ад вас жыву далёка я: на поўначы, на поўначы,

Дзе ходзяць мішкі белыя, дзе толькі снег і лёд.

Вясною, улетку, восенню сумую я, чакаючы,

Калі пакліча ў госці к вам, ужо старэнькі, год.

Мы ўспамінаем, што было у гэтым годзе добрага,

Прыемнага, шчаслівага, вясёлага да слёз.

А раптам прыгадаецца, што трошкі было сумнага.

Мы скажам, што было тады ўсё гэта не ўсур’ёз.

Новы год, Новы год я нясу вам усім.

Новы год, Новы год, ён маленькі зусім.

Я яго навучу толькі шчасце дарыць,

Каб ён вас навучыў дараваць і любіць.

Ну вось, усё гатова, а нікога няма!

Уваходзіць доктар Айбаліт.

Добры дзень, доктар Айбаліт!

АЙБАЛІТ. Добры дзень, Снягурачка! (Агледзеўся.) У нас сёння асаблівы парадак і чысціня. Ты сёння дзяжурная?

СНЯГУРАЧКА. Так.

АЙБАЛІТ. Выдатна! Чысціня — залог здароўя.І я думаў, што ў гэтым нікога пераконваць не трэба. Я думаў, што ўсе дзеці пасябравалі з мылам і вадой!

СНЯГУРАЧКА. А што, гэта не так?

АЙБАЛІТ. Уяві сабе, сёння прыходзіў да мяне Бармалёша…

СНЯГУРАЧКА. Дзіўна, што ён прыходзіў. Яны з намі не сябруюць, і ім забараняюць да нас хадзіць.

АЙБАЛІТ. Гэта вельмі дрэнна. Але мы, Снягурачка, абавязаны дапамагаць усім, хто трапіў у бяду…

СНЯГУРАЧКА. А што з ім здарылася?

АЙБАЛІТ. Вушы адарваліся…

СНЯГУРАЧКА. Як гэта?!

АЙБАЛІТ. Я не ведаю. Але не ў гэтым справа! Яны былі такія брудныя… Такія брудныя!!! Мне давялося спачатку хвілін 15 іх мыць, а ўжо потым прышываць. Між іншым, пра вушы: я не чую званка, а ўжо…

Гучыць званок.

Цяпер з вачыма нешта… Празвінеў званок, а я не бачу Нязнайку і Бураціну…

СНЯГУРАЧКА. Дзіўна, яны ніколі не спазняюцца…

Урываюцца Нязнайка і Бураціна і падаюць на свае парты. Зразумела, што яны вельмі спяшаліся.

БУРАЦІНА. Фу, паспелі!

НЯЗНАЙКА. Ага!

АЙБАЛІТ. Бураціна і Нязнайка, выйдзіце з класа і зайдзіце яшчэ раз, пажадана, так, як трэба.

Бураціна і Нязнайка выйшлі і, пастукаўшыся, зноў увайшлі.

НЯЗНАЙКА. Добры дзень.

БУРАЦІНА. Можна зайсці?

АЙБАЛІТ. Заходзьце, сядайце.

Снягурачка, Нязнайка і Бураціна садзяцца на свае месцы.

Ну вось, гэта іншая справа. І каб гэтак заўсёды рабілі. Ну, а зараз пачынаем заняткі. Я праверыў вашы сачыненні на тэму: “Мая любімая пара года”. (Бярэ сшытак і чытае.) “Самая лепшая пара года — зіма. Таму што ўзімку можна катацца на лыжах, санках, каньках. І таму, што яна вельмі прыгожая. Быццам у карагодзе, кружацца сняжынкі, а вокны размаляваны зімовымі ўзорамі Дзядулі Мароза. І ўсё гэта нагадвае мне добрую, добрую казку!” Якое выдатнае сачыненне! Хто яго напісаў?

НЯЗНАЙКА. Гэта я!

БУРАЦІНА. Не! Гэта я напісаў!

НЯЗНАЙКА. А чым дакажаш?!

БУРАЦІНА. А ты чым дакажаш?

НЯЗНАЙКА. А хто яшчэ мог напісаць такое выдатнае сачыненне?

БУРАЦІНА. Я мог яшчэ лепш напісаць, але не хацеў…

НЯЗНАЙКА. А чаму ты лепш не напісаў?

БУРАЦІНА. І так сыйдзе…

АЙБАЛІТ. Цішэй, цішэй! Нязнайка, чым ты сапраўды дакажаш, што гэта тваё сачыненне?

НЯЗНАЙКА. А памылкі там ёсць?

АЙБАЛІТ. Не.

НЯЗНАЙКА. Значыць, маё! Я вельмі ўважліва спісваў.

АЙБАЛІТ. А адкуль ты спісваў?

НЯЗНАЙКА. Гэта… З галавы… Вы ж ведаеце, доктар Айбаліт, якая ў мяне разумная галава.

БУРАЦІНА. Ведаем, ведаем! Кааб спісваць, галавы не трэба! А ў мяне вось чарнавічок ёсць. Я адтуль усё і спісаў!

АЙБАЛІТ. Ну што ж, чытай свой чарнавічок. Толькі з таго месца, дзе я спыніўся.

БУРАЦІНА (чытае). Я лічу, што гэта самая вясёлая пара года. Таму што толькі ўзімку сустракаюць Новы год, толькі ўзімку ўпрыгожваюць ёлку. І кожны год на гэта светлае зімовае свята...

НЯЗНАЙКА. Ну, маё гэта сачыненне!!!

БУРАЦІНА. ... я апранаю сваю любімую спадніцу!.. Якая... зіхаціць... усімі... колерамі... вясёлкі...

НЯЗНАЙКА (падыйшоў да Бураціны і зазірнуў у сшытак). Так і напісана: “сваю любімую спадніцу”. Гэта ягонае сачыненне.

Нязнайка нястрымана зарагатаў разам са Снягурачкай, якая да гэтай хвіліны трымалася, як магла.

АЙБАЛІТ. Нязнайка, але ў цябе ў сачыненні таксама спадніца зіхаціць усімі колерамі вясёлкі. Дык чыё гэта сачыненне?

СНЯГУРАЧКА. Гэта маё сачыненне.

АЙБАЛІТ. У мяне няма жадання высвятляць, як сачыненне трапіла да вас, сябры мае, але спісваючы чужыя думкі, выглядаеш, як гэта ні крыўдна…

НЯЗНАЙКА. Неразумным…

БУРАЦІНА. Мякка кажучы…

АЙБАЛІТ. У чым мы хвіліну таму маглі ўпэўніцца. Але ў нас заўсёды ёсць шанц, сябры мае, вылечыцца ад любой хваробы…

БУРАЦІНА. Я больш ніколі не буду спісваць…

НЯЗНАЙКА. І я… Ніколі!

АЙБАЛІТ. Ну што, Снягурачка, паверым?

СНЯГУРАЧКА. Паверым!

АЙБАЛІТ. Ну што ж, Снягурачцы мы ставім “выдатна”, а… (Паўза.) Нязнайка і Бураціна… здадуць свае сачыненні пасля вакацый. А зараз мы зоймемся падрыхтоўкай да навагодняга свята. Дзядуля Мароз пайшоў у лес за ёлкай, а вас папрасіў падрыхтаваць цацкі і падарункі.

НЯЗНАЙКА і БУРАЦІНА (разам). Ура!!!

АЙБАЛІТ. Цішэй, цішэй! Бураціна і Нязнайка, ідзіце і прынясіце чароўную скрыначку. Ведаеце, дзе яна?

БУРАЦІНА. Ведаем…

НЯЗНАЙКА. Зараз прынясём!! (Пабеглі.)

АЙБАЛІТ. Яна ў мяне ў кабінеце! Снягурачка, табе часам не трапляліся на вочы касторка і градуснік? Як скрозь парту праваліліся!

СНЯГУРАЧКА. Не. Не хвалюйцеся, доктар Айбаліт, знойдуцца. Не маглі ж яны прапасці. У мінулы раз градуснік знайшоўся.

АЙБАЛІТ. Сапраўды. Снягурачка, прынясі, калі ласка, ёлачныя цацкі.

СНЯГУРАЧКА. Зараз, доктар Айбаліт. (Пайшла.)

АЙБАЛІТ. Так, што гэта я шукаў? Ах, так. Успомніў.

Як толькі Айбаліт знік, з’явіўся Бармалёша і, крадучыся, накіроўваецца ў той бок, куды пайшлі Нязнайка і Бураціна. Пачуўшы галасы, хаваецца. Нязнайка і Бураціна нясуць чароўную скрыначку.

БУРАЦІНА. Стаў вось сюды.

НЯЗНАЙКА (разглядаючы скрыначку). Нічога не разумею. Да нас сёння прыйдзе так многа сяброў, а падарункаў так мала. Нам з табой можа і не хапіць, Бураціна!..

БУРАЦІНА. Ты што, гэта ж чароўная скрыначка, і падарункаў у ёй многа-многа! Калі яны скончацца, Дзед Мароз скажа чароўнае слова, і скрыначка зноў стане поўнай.

НЯЗНАЙКА. А-а-а...

БУРАЦІНА. А давай паглядзім на падарункі!

НЯЗНАЙКА. А можна?

БУРАЦІНА. Вядома, можна!

НЯЗНАЙКА. Вядома! Мы ж толькі адным вочкам.

БУРАЦІНА. Мы ж іх браць не будзем. Толькі паглядзім.

 

Адчынілі скрыначку.

НЯЗНАЙКА. Ой! Якія падаруначкі! Так і хочацца з’есці!

БУРАЦІНА. Ну! Нязнайка! Глядзі! Аднаго падарунка не хапае!

НЯЗНАЙКА. Дзе?!

БУРАЦІНА. Ды вось жа!

НЯЗНАЙКА. І праўда!

БУРАЦІНА. Нязнайка, хуценька пакладзі падарунак на месца! Ты ж ведаеш, што браць без дазволу нядобра.

НЯЗНАЙКА. А я і не браў.

БУРАЦІНА. А хто ж тады ўзяў?

НЯЗНАЙКА. А я не ведаю. Можа, гэта ты ўзяў?

БУРАЦІНА. Калі б я ўзяў — я б сказаў.

НЯЗНАЙКА. І я б прызнаўся.

БУРАЦІНА. Дык што, ён сам уцёк?

НЯЗНАЙКА. А можа, і ўцёк! Ты сам сказаў, што скрыначка — чароўная. Значыцца, і падарункі ў ёй — чароўныя. Закрывай яе хутчэй, а то яны ўсе разбягуцца!