Класна!

№ 5 (1079) 02.02.2013 - 09.02.2013 г

Канцэпцыя эксперта

Мы працягваем публікацыі, прысвечаныя замежнаму досведу ўдасканалення культурнай галіны. Гэтым разам гаворка пойдзе пра музейную справу. Ускосна ініцыяваў яе Б’ёрн Стэнверс — дырэктар па маркетынгу Музея Амстэрдама. Намеснік начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святлана Гаўрылава пазнаёмілася з гэтым знаным экспертам пад час маскоўскага фэсту “Інтэрмузей”. Спадар Стэнверс прэзентаваў тады праект музейнага турызму “Прастора культуры — прастора даверу”. Потым ён удзельнічаў у нашым Першым Музейным форуме, што ладзіўся летась у Гродне, а таксама — у Брэсцкім форуме па развіцці абласной культурнай прасторы, у тым ліку і Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць”...

Міністэрства культуры нашай краіны прапанавала галандскаму музейнаму эксперту праграму супрацоўніцтва. Днямі ён даслаў свае канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні беларускай музейнай справы, у тым ліку і рэгіянальнай. Сёння мы друкуем найбольш цікавыя ідэі Б’ёрна Стэнверса.

/i/content/pi/cult/409/8376/2-1.jpeg

Лагатып, слоган, сувязі...

Для прасоўвання любой ідэі музеі павінны аб’ядноўвацца. Гэты вопыт, па словах Святланы Гаўрылавай, з поспехам выкарыстоўваецца не толькі ў Галандыі, але і, да прыкладу, музейшчыкамі Аўстрыі, што працуюць на знешні ды ўнутраны турызм. А ў Галандыі з 2008 года істотна скарацілася фінансаванне ўстаноў — значыць, з’явілася патрэба ў павелічэнні колькасці паслуг насельніцтву. Праблема, пагадзіцеся, — вельмі знаёмая і нашым работнікам культуры. Як павялічыць спектр паслуг? Шляхам кааперацыі! Музеі Галандыі на шляху “заваявання новых тэрыторый” пачалі працаваць у звязцы з мясцовымі ўладамі, банкамі, калегамі з іншых музеяў... Нават на асадцы Стэнверса апрача слогана “Я люблю Амстэрдам” ёсць акенца, дзе высвечваюцца ўсе музеі, з якімі ягоная ўстанова актыўна супрацоўнічае.

Менавіта пасля такой кааперацыі, па меркаванні эксперта, скончыўся перыяд “сумнага музея”. Кожная ўстанова займела сваё аблічча: лагатып, слоган, сувенірную прадукцыю, новыя сувязі.

Краўдсорсінг: эфект гарантаваны

Расшыфруем паняцце “новыя сувязі”. У работу галандскіх музеяў былі ўцягнуты валанцёры. Да прыкладу — студэнты. Дарэчы, і ў нашых музейшчыкаў ужо ёсць такі досвед. Выкарыстанне чалавечага рэсурсу збоку — краўдсорсінг — аказалася досыць эфектыўным...

Другая валанцёрская катэгорыя — пенсіянеры з вельмі актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Дык чым канкрэтна займаюцца валанцёры? Не толькі ўдзелам у музейных акцыях, але і наладжваннем сувязей з навучэнцамі школ ды каледжаў, прапагандуючы ім самыя розныя музейна-педагагічныя праграмы. Пры штаце у дзесяць чалавек рэгіянальная ўстанова проста не ў сілах наладзіць пастаянныя стасункі з патэнцыйнымі наведвальнікамі...

Ці не гэткім чынам можна кампенсаваць кадравую нястачу нашых дробных раённых музяў, дзе і паўдзясятка супрацоўнікаў не набярэцца? Ды і экскурсіі школьнікаў пры названым “вольнанаёмным маркетынгу” стануць не такімі фармальнымі ды прымусовымі.

Вучымся здзіўляць

Б’ёрн Стэнверс прапаноўвае нашым музейшчыкам, у тым ліку і раённым, развіваць знешні ды ўнутраны турызм, а таксама перыядычна праходзіць стажыроўкі ў Берліне, Лондане, Амстэрдаме. Мэта: навучыцца здзіўляць... Я слухаў Святлану Гаўрылаву і думаў: навучыцца здзіўляць можна, відаць, толькі тады, калі ўмееш здзіўляцца. Адна са станцый амстэрдамскага метро стала музеем. Аднадумцы Стэнверса падлічылі: цягам года ці не 40 мільёнаў чалавек праязджаюць міма гэтай станцыі. Нават калі з іх адзін працэнт наведае падземныя экспазіцыі, дык маркетынгавы захад апраўдаецца цалкам. І ён апраўдваецца... Як жа нам не стае такіх простых і кідкіх ідэй! Разумею, іх ажыццяўленне — далёка не простае. Аднак дакладна вывераны па гарантаванай фінансава-маральнай аддачы праект ніколі не стане пражэктам. А вось ігнараванне такой ідэі — прыкрая недальнабачнасць. Іншая справа, што ідэй пакуль — кот наплакаў…

Выхад — праз краму

Святлана Гаўрылава пераканана, што выхад з любога музея павінен праходзіць праз сувенірную краму, якая з’яўляецца працягам экспазіцыйнай прасторы. Гэта непахіснае правіла ўстановы такога кшталту ў еўрапейскай краіне. Калі бавіш амаль цэлы дзень у музеі, ды яшчэ з усёй сям’ёй, калі адчуваеш пастаянны клопат гаспадароў, якія апрача экспазіцый, “нафаршыраваных” апошнімі тэхналогіямі, прапаноўваюць адпачынак у зімовых садах і кавярнях, што таксама паспелі стаць неад’емнай часткай музейных інтэр’ераў, дык яны, гэтыя інтэр’еры, становяцца роднымі, і памяць пра іх хочацца доўга захоўваць у выглядзе сувеніраў... Выснова: музей перастаў быць толькі адукацыйнай установай — наведвальнік хоча атрымаць у ім комплекс самых разнастайных паслуг. За мяжой — атрымлівае.

Туз у кішэні

Чым прывабліваюць у культурным плане амстэрдамскія музеі? Выстаўкамі ды падзеямі. Прэзентацыі музейных калекцый паспяхова прадаюцца з дапамогай выставачных праектаў. І гэта не толькі галандскі досвед. Любая еўрапейская ўстанова цягам некалькіх гадоў рыхтуе праект для сусветнага турнэ. Тысячы еўра, выкарыстаныя для ажыццяўлення ідэі, вяртаюцца з грашовым лішкам. На такім прасоўванні калекцый, па меркаванні Стэнверса, павінны зарабляць усе музеі, у тым ліку і беларускія. Але мусіць быць баланс. Інакш кажучы, брэндавыя экспанаты застаюцца “невыязнымі”. Гэта і брэнд установы, і эфектыўная “прынада” для турыстаў. Безумоўна, нашы раймузеі не маюць у кішэні “туза” кшталту “Начнога дазору” Рэмбранта. Аднак у іхнім распараджэнні не менш значны скарб — наша ўнікальная гістарычная спадчына, што яскрава даводзіць: Беларусь — дзяржава еўрапейская. Проста, без належнай маркетынгавай раскруткі нават унутраны турыст чухае патыліцу: а дзе той Крыж Ефрасінні Полацкай цяпер захоўваецца?..

Кааперацыя развіваецца

Мы толькі вучымся здзіўляць буйнымі падзеямі. Сярод прыкладаў музейнай кааперацыі вакол канкрэтнага культурнага праекта можна назваць акцыю “Музейныя лабірынты”. Праект дзейнічае другі год, прываблівае і спонсараў, і дадатковую колькасць наведвальнікаў. Летась у ім удзельнічала 300 сямейных каманд. Кожная з дзесяці ўстаноў прапанавала сваю праграму пад дэвізам “Дзесяць музеяў — за дзесяць дзён”. Дзеля чаго? Дзеля пашырэння сферы ўплыву і павелічэння пазабюджэтных даходаў.

Іншымі словамі, сучасны музей — гэта не толькі аглядавыя экскурсіі, нават з выкарыстаннем аўдыягідаў і інфакіёскаў. Згаданага на сёння — недаравальна мала. Калі сям’я, клас, асобны наведвальнік пераканаюцца, што музей цягам пэўнага часу прапаноўвае адно і тое ж, — паўторных наведванняў проста не будзе. І сённяшняя музейная статыстыка, па словах Святланы Гаўрылавай, улічвае не столькі агульную наведвальнасць, колькі наведвальнасць паўторную — па шматразовых музейных абанементах.

Правінцый — няма

Дык на чым кааперавацца нашым раённым установам? Пра гэта і ішла гаворка на вераснёўскім пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры. Святлана Гаўрылава ўзнімала пытанне аб неадкладнасці рэспубліканскіх міжмузейных акцый. У выніку рэспубліканскі Савет музейных дырэктараў падрыхтаваў праект “Культура не ведае правінцый”. Апошні прадугледжвае аб’яднанне музейных фондаў для “раскруткі” агульнай экспазіцыі ў межах краіны. Сёлета распачнецца рэалізацыя гэтага праекта. Глеба для выдумак тут — бязмежная. Музеі ў Глыбоцкім і Шаркаўшчынскім раёнах проста абавязаны скааперавацца вакол творчасці Язэпа Драздовіча. А Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый, да прыкладу, можа разлічваць не толькі на міжраённую, але і на міжнародную кааперацыю з установамі, што маюць дачыненне да культуры старавераў, раскіданых ці не па ўсім свеце, — той шчаслівы выпадак, калі замена шыльды музея ўплывае і на яго далейшую стратэгію. Дарэчы, менавіта веткаўскія музейшчыкі, скаапераваўшыся з гомельскімі, у свой час прэзентавалі ўнікальную выстаўку ў Нацыянальным мастацкім...

Высновы

Калі прыслухоўвацца да Стэнверса, дык у рэгіёнах пачынаць трэба з распрацоўкі дасканалай музейнай стратэгіі. Рабочы план, сцвярджае Святлана Гаўрылава, дзе пазначаны абавязковы мінімум (установа цягам года правядзе некалькі навуковых канферэнцый, распрацуе і ажыццявіць дзве-тры новыя экскурсіі, прадоўжыць камп’ютарную апрацоўку фондаў), — правальны. Музейная каманда на падставе шматграннай кааперацыі павінна штомесячна рабіць “рэвалюцыю” ў свядомасці наведвальнікаў. Лакальная падзея і поспех мае лакальны. Стэнверс нездарма замяніў шыльду сваёй установы: быў Музей гісторыі Амстэрдама, стаў Музей Амстэрдама — брэндавы горад Амстэрдам “замкнуўся” на брэндавым аднайменным музеі. Пашырэнне іміджавай прасторы — неадкладная стратэгія беларускіх рэгіянальных устаноў. Але ж у нас — 52 працэнты гісторыка-краязнаўчых музеяў, якія збольшага ні шыльдаў не змяняюць, ні стратэгій. Я не супраць гістарызму ў экспазіцыях. Ён павінен прысутнічаць, але — як атачэнне для канкрэтнага раённага брэнда. У Шчучынскім раёне, як распавядае Святлана Гаўрылава, ладзіцца Фэст кветак. А вось Музея кветак няма. Мо і дарэмна?..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"