Шэсць разоў “На тым жа месцы…”

№ 5 (1079) 02.02.2013 - 09.02.2013 г

Спроба формулы спектакля “для ўсіх”

Не сакрэт, што сучасная тэатральная аўдыторыя вельмі розніцца па сваіх прыхільнасцях. Тое зразумела: публіка, асабліва ў буйных гарадах, мае добрыя магчымасці глядзець, выбіраць, параўноўваць тэатры і спектаклі. Стварыць пры такіх умовах відовішча “для ўсіх” — звышскладаная задача. Калектыву аднадумцаў на чале з рэжысёрам Таццянай Траяновіч, здаецца, удалося падысці да вырашэння гэтай задачы максімальна блізка. Сведчаннем таму — поўная Канцэртная зала “Мінск”, дзе адбыліся прэм’ерныя паказы новага праекта па вядомым творы амерыканскага драматурга Бернарда Слэйда.

П’еса “На тым жа месцы ў будучым годзе” — не толькі яшчэ адзін аповед пра адносіны паміж мужчынам і жанчынай, але і своеасаблівы экскурс у гісторыю ЗША 1950 — 1970-х. Каханкі выпадкова знаёмяцца ў правінцыйнай гасцініцы і пачынаюць сустракацца адзін раз на год у гэты самы дзень. Час ідзе, Джордж і Дорыс сталеюць, змяняюцца адпаведна модзе і падзеям у грамадстве, але іхняе пачуццё застаецца нязменным. Прайшоўшы выпрабаванне часам, іх каханне становіцца толькі мацнейшым, а самі героі, кожны па-свойму, здзяйсняюць так званую амерыканскую мару…

/i/content/pi/cult/409/8372/2-3.jpeg

Камерную і вельмі зручную для пастаноўкі на антрэпрызнай сцэне гісторыю, у якой задзейнічаны толькі тры акцёры, адразу ўпадабаў Брадвей, а ў 1978-м з’явілася паспяховая галівудская экранізацыя Роберта Малігана. Паказальна, што за тры з лішнім дзесяцігоддзі п’еса Слэйда не састарэла, і, атрымаўшы, нарэшце, увасабленне на беларускай сцэне, выглядае не менш актуальна, чым у кінаварыянце. Сачыць за героямі Слэйда ў выкананні Веры Паляковай і Віктара Рыбчынскага ці не цікавей, чым за героямі ў выкананні амерыканскіх кіназорак. Неверагодна, але беларускім рэжысёру-пастаноўшчыку і акцёрам удалося зрабіць сваіх Дорыс і Джорджа больш фактурнымі ды рознабаковымі, чым знакамітым Элен Бёрсцін і Алану Алда, а саму гісторыю — больш шчымлівай ды атмасфернай.

Фактычна кожны з выканаўцаў з’яўляецца перад гледачом у шасці розных вобразах, змяняючыся не толькі знешне, але, найперш, знутры. Бліскучая Стэла — несумненная акцёрская ўдача Веры Паляковай — за няпоўныя дзве гадзіны праходзіць шлях ад звычайнай хатняй гаспадыні да ўмудронай няпростым жыццёвым вопытам асобы. Асабліва ўдалымі ў актрысы атрымаліся вобразы сталай гераіні. У іх на сцэне існуе зусім іншая жанчына, чым тая, якую глядач бачыў на пачатку гісторыі. Актрыса, чый камедыйны патэнцыял добра вядомы прыхільнікам яе таленту, прапануе востры драматычны вобраз чалавека, які сумеў застацца сабой, прайшоўшы праз рознабаковыя жыццёвыя выпрабаванні.

/i/content/pi/cult/409/8372/2-4.jpeg

Сапраўдным адкрыццём для сталічных тэатралаў павінен стаць герой Віктара Рыбчынскага. Трактоўка вобраза Джорджа атрымалася таксама даволі нечаканай. Персанаж у выкананні Рыбчынскага існуе ў вялікім дыяпазоне: ад тыповага прадстаўніка “сярэдняга класа” да камічнага вобраза “гарадскога неўротыка” а-ля герой Вудзі Алена.

Трэці персанаж, сувязнае звяно паміж эпізодамі, — парцье каліфарнійскага гатэля на беразе Ціхага акіяна, дзе адбываецца дзеянне п’есы. Гэта невялічкая роля, амаль незаўважная ў арыгінале, у беларускай інсцэніроўцы атрымлівае асобны сімвалічны сэнс. Ролю выконваюць па чарзе два акцёры, і, трэба сказаць, Аляксандру Бранкевічу роля “старога Чалмерса” ўдаецца больш дакладна, чым Георгію Сівохіну.

Рэжысёру Таццяне Траяновіч, а таксама артыстам, добра вядомым сталічным гледачам па гучных спектаклях Тэатра-студыі кінаакцёра “Сродак Макропулуса” і “№ 13”, як у свой час Бернарду Слэйду, удалося захаваць баланс паміж чыстай меладрамай і авантурнай камедыяй. Іх варыянт “На тым жа месцы ў наступным годзе” — узор атрэпрызнай пастаноўкі, якая даспадобы “і розуму, і сэрцу”…

С.А.

На здымках: сцэны з п'есы "На тым жа месцы ў будучым годзе".