Замена лямпачкі як мастацкі кірунак

№ 5 (1079) 02.02.2013 - 09.02.2013 г

Жызэлей — тры. А колькі творчых знаходак?

Прэм’ерай спектакля “Тры Жызэлі” Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ў чарговы раз сцвердзіў сваю назву: пастаноўка Аляксандра Гарцуева (дарэчы, першая для яго на гэтай сцэне ў якасці мастацкага кіраўніка тэатра) “прэзентавала” аднайменную п’есу Андрэя  Курэйчыка.

У 2004 годзе п’еса заняла ІІІ месца на Міжнародным конкурсе “Еўраазія”, у 2005 — 2010-м, увасобленая тым жа Аляксандрам Гарцуевым, ішла ў Новым драматычным тэатры (з запрашэннем артыстаў з розных труп). Цяперашні варыянт нельга лічыць пераносам спектакля (чаму спрыяе, найперш, новая сцэнаграфія) — гэта, хутчэй, далейшае спасціжэнне перыпетый лёсу францужанкі, якая стала беларускай. Але, пэўна, зусім не выпадкова п’еса не атрымала асаблівай папулярнасці на розных сцэнах, як гэта было, да прыкладу, з “П’емонцкім зверам” таго ж А.Курэйчыка. Драматургія “Трох Жызэлей” нагадвае кінасцэнарый. Замест падзелу на акты — ажно 34 “карціны” агульнай працягласцю больш за дзве гадзіны, відавочна мантажны тып іх спалучэння, бо дзеянне разгортваецца нібыта ў “трох вымярэннях”: у Францыі (1940 — 43) і ў розны час (1957 і 1999) у беларускай вёсцы Карзуны. Аўтар надае гэтаму жанравае азначэнне “тры гісторыі”, пазначаючы іх ужо ў пераліку дзеючых асоб як “Жызэль юная”, “Жызэль дарослая” і “Жызэль старая”. Кожная з гісторый мае сваю “экспазіцыю — завязку — развязку”, якія і складаюцца ў гісторыю жыцця, заснаваную, дарэчы, на абсалютна рэальных фактах біяграфіі рэальнай Жызэлі Купэс.

/i/content/pi/cult/409/8369/1-1.jpeg

Ставіць такую п’есу вельмі складана. Яна — з тых твораў, якія дастаткова прачытаць. Ну, можа, яшчэ паказаць “гаворачыя галовы” для большай запамінальнасці, хоць і так усё зразумела. Праўда, рэжысёр дадае голас “за кадрам”, які не толькі вызначае месца ды час дзеяння, але і сведчыць пра спробу неяк паэтызаваць гэтую мастацка-дакументальную “хроніку”, зрабіўшы Жызэль “вясновай”, “летняй” і “асенняй”, што пазначана і ў праграмцы. Ды толькі гэтага замала: спектакль не выходзіць за межы простай апавядальнасці, дый поры года не набываюць філасофскага асэнсавання.

/i/content/pi/cult/409/8369/1-2.jpeg

Калі галоўнай задачай пастаноўшчыка было заняць усю трупу, дык мэта дасягнута, чаму спрыяе не толькі ўнушальны спіс дзеючых асоб, але і падвойны склад артыстаў амаль на кожную з іх. Але такі “парад” адразу выяўляе неаднароднасць трупы, звычку акцёраў працаваць “на розных хвалях”. Адразу вылучаецца характар героя, “злеплены” Сяргеем Шымко, які цудоўна “спецыялізуецца” на каларытных персанажах. А вось тры абліччы галоўнай гераіні так і не зрастаюцца разам. Вераніка Буслаева ўвасабляе дзяўчынку-падлетка з няпростым, у адрозненне ад старэйшай сястры, характарам. Людміла Сідаркевіч — сапраўдную францужанку, ды яшчэ і парыжанку. Таццяна Мархель — такую ж сапраўдную… вясковую бабулю, што спрадвек не пакідала сваёй беларускай хаты. Яны застаюцца нібыта трыма рознымі людзьмі, бо між акцёрамі не ўзнікае нават намёку на нейкую пераемнасць. Можа, у гэтым і была рэжысёрская задума? Але тады яна не атрымала сцэнаграфічнай падтрымкі. Мастака Андрэя Меранкова, здольнага мысліць канцэптуальна, выкарыстоўваючы яркія рэчы-сімвалы, што на нашых вачах атрымліваюць усё новыя трактоўкі, тут не пазнаць, быццам над пастаноўкай працаваў забранзавелы традыцыяналіст, выхаваны адно на рэалізме мінулых дзесяцігоддзяў. Затое Дзмітрый Фрыга добра папулярызуе музыку А.Адана з балета “Жызэль”. А частыя мізансцэны, адрасаваныя “на дырыжора”, міжволі адсылаюць да традыцыяналісцкіх оперных пастановак. Можа, РТБД заключыў дамову з Вялікім тэатрам па абмене гледачамі?

На здачы ды прэм’ерах быў аншлаг. Спектакль паспела паглядзець і афіцыйная дэлегацыя з Беластока (разам з “Адвечнай песняй” — там жа, у РТБД, а таксама “…Тэатрам Уршулі Радзівіл” у купалаўцаў). Так што будзем спадзявацца на далейшыя гастрольныя запрашэнні ды абменныя мерапрыемствы. Трэба думаць, “Тры Жызэлі” і надалей будуць збіраць у нас залу без асаблівых праблем: публіка любіць “праўдзівыя гісторыі жыцця” (невыпадкова на іх часта будуюцца і “мыльныя оперы”, і дакументальныя “сенсацыі”). Але ж у тэатры хочацца не толькі гэтага! А яшчэ і мастацкасці. Ці хаця б той тонкасці псіхалагічных адносін, якая дазваляе гледачу адкрыць штосьці новае і ў сабе самім. А не толькі… узгадаць правілы бяспекі карыстання электрычнасцю: маўляў, каб Франсуа не загінуў, замяняючы лямпачку ў стане лёгкага ап’янення, дык усё было б зусім іначай…

На здымках: сцэны са спектакля "Тры Жызелі".

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"