Нататкі на палях старадрукаў

№ 5 (1079) 02.02.2013 - 09.02.2013 г

У экспазіцыях і фондах Нацыянальнага мастацкага музея нашай краіны можна ўбачыць не толькі жывапісныя палотны розных стыляў і краін, каштоўныя скульптурныя кампазіцыі, прыклады дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, але, разам з тым, і каштоўныя ўзоры пісьменства. Аднымі з найбольш яркіх помнікаў кніжнай культуры ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея з’яўляюцца выданні кірылаўскага шрыфту, якому сёлета спаўняецца 1150 гадоў.

Сімвалічна, што да гэтай юбілейнай даты быў падрыхтаваны і пабачыў свет альбом-каталог “Кнігі кірылаўскага шрыфту XVI — пачатку XX стст. у зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”, аўтарамі якога з’яўляюцца Галіна Кірэева і Наталля Трыфанава. У альбоме дадзена падрабязная характарыстыка кожнага з экзэмпляраў кніг, што былі выдадзены на кірыліцы, а таксама адлюстравана іх мастацкае афармленне, стан паперы і нават ступень захаванасці.

Але як у Мастацкім музеі апынуліся каштоўныя старадрукі? Як аказалася, калекцыя кніг там пачала фарміравацца яшчэ з 1954-га — менавіта тады ў музей трапіла рукапіснае Евангелле XVI ст. Вялікая частка кніг калекцыі была выратавана і, дзякуючы намаганням тагачаснага дырэктара музея Алены Аладавай, пад кіраўніцтвам якой з канца 50-х гадоў мінулага стагоддзя праходзілі экспедыцыі і даследаванні закінутых пасля Вялікай Айчыннай вайны храмаў, вярнулася ў навуковы зварот.

/i/content/pi/cult/409/8367/1-2.jpeg

Сёння ў сценах музея зберагаецца 186 адзінак захоўвання — як паўнавартасных выданняў, што ў добрым стане дайшлі да нас, так і фрагментаў кніг, якія час не пашкадаваў. Пры гэтым калекцыя кірылаўскага друку налічвае дзясяткі кніг XVI — пачатку ХХ стст., надрукаваных, у тым ліку, на тэрыторыі Беларусі, а таксама ва Украіне, у маскоўскіх ды пецярбургскіх друкарнях і нават у Румыніі.

Большасць кніг, надрукаваных кірылічным шрыфтам, — гэта богаслужэбныя і асветніцкія кнігі, разлічаныя на святароў ды прыхаджан праваслаўных і ўніяцкіх прыходаў, а таксама кнігі, прызначаныя для стараабрадцаў.

Што да ўласна беларускіх выданняў, то самым раннім з іх з’яўляецца Евангелле 1600 года, якое выйшла ў друкарні братоў Мамонічаў у Вільні з чатырма гравюрамі чатырох евангелістаў. Адметна, што гэтыя выявы з’яўляюцца якаснымі копіямі ксілаграфій аналагічнага выдання 1575-га нашага славутага друкара Пятра Мсціслаўца.

Можна згадаць і такое цікавае ды досыць рэдкае выданне, як “Акафисты всеседмичные” 1698 г., надрукаванае Максімам Вашчанкам у Магілёўскай брацкай друкарні. Сёння адзінкавыя экзэмпляры дадзенай кнігі, акрамя аднаго, знаходзяцца за межамі Беларусі. Праўда, з 19 ксілаграфій, змешчаных у кнізе, якія складалі своеасаблівы “новазапаветны” цыкл, у музейным экзэмпляры захавалася толькі 12. Тым не менш, яны яскрава перадаюць дакладнасць вобразных характарыстык адлюстраваных святых і простую мастацкую мову аўтараў — стваральнікаў выяў. Гэта, да прыкладу, можна ўбачыць у “Тайнай вячэры” або ў шматфігурнай кампазіцыі “Успенне Божай Маці”, што ўключае сцэну каранавання Дзевы Марыі.

Прадукцыю вядомых друкарняў Вялікага Княства Літоўскага — Віленскага Троіцкага манастыра і Гродзенскай каралеўскай друкарні — прадстаўляюць выданні апошняй чвэрці XVIII ст., прызначаныя для старавераў. Гэта “Псалтыр” (Гродна, 1788 г.), “Евангелле вучыцельнае. Каноннік” (Вільня, 1794 г.), “Псалтыр” (Вільня, 1795 г.). Да слова, Гродзенская каралеўская друкарня, якая распачала сваю працу ў 1775-м, выпускала кнігі па заказах старавераў пачынаючы з 1781 г.

Варта адзначыць і яшчэ адну асаблівасць прадстаўленых у калекцыі Мастацкага музея кніг кірылічнага шрыфту — наяўнасць у іх разнастайных запісаў, рукапісных каментарыяў, а таксама штампаў царкоўных аб’яднанняў і нават кнігарняў. Дзякуючы гэтаму можна даведацца пра мясцовыя моўныя ды канфесійныя адметнасці. Асабліва цікавыя запісы, нататкі, у якіх згадваюцца беларускія манастыры і храмы. Да прыкладу, Куцеінскі жаночы манастыр у Оршы, куды перадала “Минею общую с праздничной” 1687 года схіманахіня Новадзявочага манастыра Тарэлія Андрэеўна.

Можна разгледзець запіс і ў “Мінеі службовай”. У кнізе, якая пабачыла свет у 1705-м, адзін з запісаў расказвае, што гэтае выданне першапачаткова належыла Рафаілу Казановічу — іераманаху Буйніцкага манастыра, які быў выхадцам з вядомага шляхецкага роду, прадстаўнікі якога ў той час займалі адказныя пасады ў органах мясцовага самакіравання Магілёва. Акрамя таго, адной з характэрных асаблівасцей кірылічных кніг XVIІІ ст. стала пашырэнне колькасці запісаў на польскай мове, што сведчыць пра іх гаспадароў — уніяцкіх святароў і манахаў-базыльянаў.

Відавочна, што створаны альбом-каталог дае магчымасць не толькі дакрануцца да кніжнай культуры, шмат у чым супярэчлівых гістарычных эпох, але і знайсці разгадкі таямніц нашай мінуўшчыны.

К.А.

На ілюстрацыі: гравюра "Тайная вячэра" з Магілёўскага выдання 1698 г.