Сцены для шэдэўра — ужо не адно ідэя

№ 5 (1079) 02.02.2013 - 09.02.2013 г

Слуцкі пояс займее ўласны дом...

У годзе, які распачаўся, праз рэалізацыю Праграмы адраджэння Слуцкага пояса краіна пабагацее на “раскручаны” ў стагоддзях брэнд, а горад Слуцк — на новы музей. Пра канцэпцыю гэтага музея і некаторыя аспекты згаданай дзяржаўнай праграмы нашаму карэспандэнту распавёў навуковы кіраўнік праекта, загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Барыс ЛАЗУКА.

/i/content/pi/cult/409/8366/11.jpeg

 — Адраджэнне тэхналогіі вырабу слуцкіх паясоў — важны, але не адзіны чыннік Дзяржаўнай праграмы. Я нават сказаў бы — і не галоўны. Колькі тых “літых” паясоў, тканых золатам і срэбрам, будзе вырабляцца ў Слуцку за год? Дзесяць, дваццаць, ну, можа, сто. Гэта дарагія рэчы для прадстаўнічых мэт. Кожны такі пояс мусіць быць унікальным, вырабляцца па асобнай замове. Краіне ў год іх спатрэбіцца, мабыць, некалькі дзясяткаў. Прынамсі, так падаецца мне сёння.

А вось сувеніраў па матывах слуцкіх паясоў патрэбна процьма. Прычым не толькі тканых, але і вышываных, выкананых у тэхніцы выцінанкі, саломкі, карункаў, разьбы па дрэве. Гэта можа быць нават інкруставаны шклом метал. Я неаднойчы сутыкаўся з той акалічнасцю, што замежныя госці не ведаюць, на што ў Беларусі грошы патраціць. Турыстычны сэрвіс у нас увогуле не надта развіты. І адчуваецца гэта, між іншым, і ў адсутнасці сувеніраў высокай якасці, і ў патрэбнай іх колькасці. Мне давялося трымаць у руках аздобленую фрагментам слуцкага пояса так званую бурсу — сумку, якую ў касцёле скарыстоўваюць пад час літургіі. Я запытаўся ў сваіх каляжанак, ці хацелі б яны з сумачкай падобнай аздобы з’явіцца ў тэатры або на якойсьці прэзентацыі. І яны пацвердзілі, што гэта было б шыкоўна. А мужчыне пасаваў бы шалік-кашнэ па матывах слуцкіх паясоў як знак нацыянальнай адметнасці. Такіх ідэй і прапаноў можа быць шмат. Гэта тое, што навідавоку, нават шукаць не трэба.

Дзяржаўная праграма адраджэння Слуцкага пояса складзена такім чынам, што на яе аснове павінны сфарміравацца рэгіянальныя падпраграмы. А таксама — навучальныя і вытворчыя планы для ўстаноў адукацыі ды прамысловых прадпрыемстваў. Пэўныя палажэнні Праграмы будуць скарэктаваны самім жыццём. Сёння ж нам важна ўсвядоміць, што Слуцкі пояс узнік не на роўным месцы. Беларусь — частка еўрапейскай культурнай прасторы, і Слуцкі пояс — з’ява не лакальная, а частка еўрапейскага ды сусветнага культурнага працэсу. Радзівілы невыпадкова перанеслі вытворчасць паясоў з Нясвіжа ў Слуцк: там былі і глыбокія народныя традыцыі ткацтва, і рамесная вытворчасць. Інакш кажучы, існавала глеба для ўкаранення найноўшых для свайго часу тэхналогій ды эстэтычных ідэй. Музей, які зараз ствараецца ў Слуцку, мусіць давесці да грамады гэтую думку.

Дарэчы, група экспертаў выязджала ў Слуцк, каб асэнсаваць, як будзе глядзецца на фасадзе будынка, дзе размесціцца музей, мастацкая аздоба — манументальных памераў выява фрагмента Слуцкага пояса.

 — У якой тэхніцы выканана гэтая аздоба?

 — Сінтэтычны матэрыял, “упакаваны” ў шкло. Мяркую, тое ж самае, але ў малым ці мініяцюрным памеры было б добрым сувенірам. Каб не памыліцца з маштабам ды яркасцю колераў і потым не перарабляць гатовую рэч, для камісіі на фасадзе прыладжвалі шаблон. Задача для мастакоў, насамрэч, няпростая: аздоба павінна працаваць у прасторы, глядзецца здалёк, але пры гэтым не страціць вобразнасць, успрымацца менавіта поясам, а не чымсьці іншым.

У часе таго наведання Слуцка ішла гаворка і пра аздабленне кавярні пры музеі.

 — І якой яна мусіць быць?

 — Уявім такую карцінку: звычайныя шляхцюкі, не магнаты, прыязджалі ў Слуцк набываць паясы, а потым, паводле народнага звычаю, ішлі ў карчму, дзе збіралася процьма самага рознага люду, каб “абмыць” пакупку. Сённяшняя кавярня, мне падаецца, павінна быць падобная да тагачаснай карчмы і мець выгляд даволі дэмакратычны. Падкрэслены арыстакратызм, раскоша або модная сёння этнаімітацыя ў інтэр’ерах не патрэбны.

 — Раскажыце, калі ласка, пра канцэпцыю будучага музея…

 — Музей і сувенірны шапік зоймуць першы паверх будынка прадпрыемства “Слуцкія паясы”. Іх плошча — крыху больш за 139 квадратных метраў. Экспазіцыя падзелена на тры зоны, тры раздзелы, унутры якіх ёсць свае градацыі.

Першая зона экспазіцыі прысвечана гісторыі паясоў у народнай і арыстакратычнай культуры. У другой распавядаецца пра Слуцкую мануфактуру. Гэта гісторыя стварэння, гістарычныя асобы; мастацкія, функцыянальныя і тэхнічныя асаблівасці паясоў. Матэрыял трэцяй зоны прадстаўляе сучасную вытворчасць. Тут дэманструюцца копіі (рэканструкцыі) слуцкіх паясоў, і могуць быць прадстаўлены варыянты сувенірнай прадукцыі, іншых экспанатаў, што даюць уяўленне пра асноўныя віды побытавых і мастацка-дэкаратыўных рэчаў, якія робяцца, у тым ліку, і на РУП “Слуцкія паясы”. Пасля прагляду экспазіцыі можна нешта прыдбаць на памяць у сувенірным шапіку.

 — У першай зоне пояс будзе прадстаўлены ў кантэксце нацыянальнай альбо сусветнай культуры?

 — Сусветнай і нацыянальнай. Напачатку ахопліваецца перыяд ад Старажытнага Егіпта да еўрапейскага Рэнесанса. А працяг экспазіцыі — наша нацыянальная гісторыя. XVIII стагоддзе. Тут будзе імітаваны інтэр’ер шляхецкага дома. Экспазіцыя адной з частак раздзела “завязана” на сюжэце з жыцця беларускай шляхты, дзе прадстаўнічую ролю адыгрывае слуцкі пояс. Прадугледжана гукавое суправаджэнне экспазіцыі: музыка, галасы, шумы.

Далей — аповед пра ўласна Слуцкую мануфактуру. Тут з’явіцца рэканструкцыя ткацкага станка ў натуральную велічыню. Станок мусіць быць запраўлены, за ім — фігура ткача, — каб глядач мог уявіць працэс стварэння пояса.

На мяжы гэтай і наступнай экспазіцыйных зон будзе ўстаноўлена вітрына з арыгіналам слуцкага пояса. А таксама — копіі слуцкіх паясоў, варыянты іх выкарыстання ў царкоўным ужытку.

І апошняя частка — традыцыйная народная творчасць пераходзіць у паказ сучаснай прадукцыі беларускіх мастацкіх промыслаў і работ народных майстроў. Далей — экспазіцыйны шэраг, дзе адлюстраваны працэс стварэння копіі слуцкага пояса.

Пераказваць падрабязна “змест” кожнай вітрыны і выяву кожнай карціны ў дадзеным выпадку не мае сэнсу. Тым больш, нейкія карэктывы дызайн-праекта экспазіцыі ў часе яго рэалізацыі непазбежныя: гэта натуральны творчы працэс. Для мяне ж галоўнае, што Музей гісторыі Слуцкіх паясоў — ужо не ідэя, а праект на стадыі ўвасаблення…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"