У турнэ па Беларусі

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

На гэтым тыдні ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь завяршыла сваю працу прадстаўнічая выстаўка — арт-праект "Мастакі Парыжскай школы з Беларусі. З калекцыі "Белгазпрамбанка", музейных і прыватных збораў".

Выстаўка размяшчалася ў чатырох залах музея. На ёй былі прадстаўлены работы сусветна вядомых мастакоў: Марка Шагала, Хаіма Суціна, Осіпа Цадкіна. Беларусы ці не ўпершыню адкрылі для сябе творчасць васьмі добра вядомых у свеце мастакоў — нашых землякоў: Пінхуса Крэменя, Мішэля Кікоіна, Осіпа Любіча, Сэма Зарфіна, Роберта Геніна, Надзеі Хадасевіч-Лежэ, Яўгена Зака, Якава Балглея.

/i/content/pi/cult/408/8363/3-2.jpeg

Як адзначыў дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў, гэтая выстаўка — знакавы праект апошніх гадоў для ўсёй нашай краіны. Па яго словах, менш чым за чатыры месяцы яе наведалі больш за 43 тысячы чалавек. Акрамя таго, на думку Уладзіміра Пракапцова, музей выйшаў на еўрапейскі ўзровень суправаджэння падобных мастацкіх праектаў: да выстаўкі былі выдадзены каталог і серыя паштовак, створаны і растыражаваны на кампакт-дысках відэафільм. Надзвычай запатрабаванай у гасцей НММ была і адмысловая арт-кавярня, аформленая ў рамках праекта ў парыжскім стылі пачатку ХХ стагоддзя.

У сваю чаргу, як падкрэсліў старшыня Праўлення "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка, вельмі важна, што ў рамках праекта атрымалася знайсці кампраміс паміж усімі зацікаўленымі бакамі: музеем, прыватнымі калекцыянерамі і ўласна банкам. Але, на думку Віктара Бабарыкі, зараз актуальны і вельмі важны далейшы працяг, паколькі выключна пракатны лёс праекта не адпавядае яго мэце.

/i/content/pi/cult/408/8363/3-1.jpeg

Перакананы ў тым, што гэты праект займее слаўную будучыню, першы намеснік міністра культуры нашай краіны Уладзімір Карачэўскі, які паведаміў, што зараз распрацоўваецца пытанне па пошуку будынка для будучага Музея прыватных калекцый. Па яго словах, вернутыя ў Беларусь унікальныя скарбы мастацтва маюць асаблівае значэнне для развіцця культуры нашай краіны. Акрамя таго, гэты праект — выдатны прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Пасля закрыцця экспазіцыі ў сталіцы выстаўка выправіцца ў абласныя гарады Беларусі. І першым пунктам у гэтым турнэ стане Гомель. А ў далейшым карпаратыўная калекцыя стане падмуркам для Музея прыватных калекцый.

Фота Юрыя ІВАНОВА

На здымках: Віктар Бабарыка, Уладзімір Карачэўскі і Уладзімір Пракапцоў; пад час фінальных урачыстасцей.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"