Падзяліцца брэндам: рацыянальна або ўтапічна?

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Асабісты інтарэс у агульнай справе

У Беларусі склалася сітуацыя, калі значная частка гістарычна каштоўных ды проста цікавых для турыстаў аб’ектаў знаходзіцца ў малых гарадах, мястэчках і вёсках, а больш-менш прыстойная турыстычная інфраструктура — у сталіцы ды вялікіх гарадах. Такім чынам, вандроўнік, якога вабяць гістарычная аўтэнтыка, этнаграфія і жывая прырода, мусіць выпраўляцца па іх на ўласную рызыку. Бо цалкам верагодна, што побач з гэтай аўтэнтыкай не будзе як прыпаркавацца, падсілкавацца ды заначаваць. Я маю на ўвазе не толькі "разбэшчаных" якасным сэрвісам турыстаў з Захаду, але і сарыентавананых на "эканом-клас" расіян, а таксама беларусаў, якія маюць права ганарыцца здабыткамі сваёй гісторыі ды культуры ва ўмовах камфартабельных, а не спартанскіх або нават экстрэмальных, як часцяком адбываецца цяпер. Дарэчы, экстрым таксама можа быць таварам — ды гэта тэма для асобнага артыкула.

Вось і атрымліваецца, што замкі, палацы, храмы, іншыя манументальныя знакі гісторыі, а таксама нематэрыяльныя ды рухомыя помнікі, якія мусяць працаваць на дзяржаўную ідэалогію і пазітыўны імідж краіны, спрыяць выхаванню патрыятызму ды прыносіць у дзяржаўную казну грошы, застаюцца па-за сацыяльнай практыкай ды эканамічнай сферай. А ўсё з-за таго, што ў нас не даходзяць рукі да таго, каб наладзіць індустрыю адпачынку. Нават у Міры і Нясвіжы бракуе кавярняў, гасцініц, сувенірных крамаў. А паколькі па-за замкавымі мурамі турыстам няма чаго рабіць, няма дзе бавіць час, на што траціць грошы, вандроўнікі не затрымліваюцца тут больш як на адзін дзень. А пры наяўнасці адпаведнай інфраструктуры маглі б правесці два-тры дні, адпаведна, і грошай пакінуць у два-тры разы больш.

Тое ж можна сказаць і пра маштабныя відовішчы, кшталту фестываляў мастацтваў. У мінулым годзе я наведаў чатыры такія фэсты: у Паставах, Бабруйску, Дуброўне і Аўцюках-Калінкавічах. Аддаючы належнае прафесіяналізму арганізатараў усіх названых імпрэз, згадаю вось што. Калі госцю ў тых жа Калінкавічах ці Дуброўне няма дзе спыніцца, дык яго туды песнямі ды жартамі не зацягнеш. Такім чынам, фэст, які мог бы ўяўляць цікавасць для тых, хто прыехаў здалёк, збірае фактычна адно мясцовую публіку. З пералічаных паселішчаў толькі Бабруйск можа забяспечыць камфорт шматлікім гасцям свята. Але Бабруйск — вялікі горад з адпаведнымі магчымасцямі.

Звычайна вартыя ўвагі аб’екты або культурныя імпрэзы, здольныя сабраць вялікую аўдыторыю, з’яўляюцца брэндамі канкрэтных мясцін і фінансуюцца з мясцовага бюджэту. А ў ім, не сакрэт, далёка не заўжды стае грошай на культурныя падзеі. Ды і на тую ж турыстычную інфраструктуру. Між тым разумная, прыбытковая эксплуатацыя брэндаў патрабуе калі не агульнадзяржаўных высілкаў, дык хаця б міжраённай кааперацыі.

Скажам, чаму б пад размяшчэнне гасцей фестывалю, які ладзіцца ў нейкім раённым цэнтры, не задзейнічаць гасцініцы ды аграсядзібы не толькі гэтага раёна, але і навакольных (што, дарэчы, час ад часу і робіцца, але не сістэмна і ў маштабах нязначных)? Сёння пры наяўнасці наладжаных транспартных зносін (пры ўмове, што паміж паселішчамі рэгулярна курсіруюць аўтобусы і маршруткі) 40 — 50 кіламетраў — не адлегласць.

Вось апошняе выданне турыстычнага даведніка "Мінск і ваколіцы" ўключае ў сябе тэрыторыі аж да Лагойска і Стоўбцаў. А даведнік па рэгіёне Белавежскай пушчы ахоплівае ўсе прылеглыя да яе раёны. Зараз супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі рыхтуюць даведнік па Мінскай вобласці, дзе будзе згадана ўсё, што можа зацікавіць вандроўніка, плюс паркоўкі, гасцініцы, крамы, кавярні і гэтак далей  — словам, уся інфраструктура.

Калі нейкі раён не мае дастаткова сродкаў, каб выцягнуць свой культурны брэнд (скажам, музычны фестываль) на прыбытковы узровень, чаму б не наладзіць кааперацыю з суседзямі? Можна перадаць ім частку арганізацыйных функцый, скаардынаваць для гэтага бюджэты, а як прыйдзе час — падзяліць прыбытак у залежнасці ад прыкладзеных намаганняў. Пры гэтым, зразумела, давядзецца дзяліцца родным брэндам, на раскрутку якога ўладальнік працаваў не адзін год. Шкада, канешне ж... Ды не трэба быць "сабакам на сене". Зрэшты, усё гэта кампенсуе эканамічная выгода і новая перспектыва. Другі прыклад. Унікальныя гістарычныя і прыродныя аб’екты маюць ахоўную зону. Побач з імі нельга будаваць буйныя жылыя комплексы, гмахі-гатэлі, паркінгі, гандлёвыя цэнтры, якія будуць вонкава разбураць каштоўны ландшафт. А калі ўсё гэта ўзвесці на адлегласці ў некалькі дзясяткаў кіламетраў ды дарогу добрую пракласці?

У гэтай сітуацыі мясцовасць, багатая на гістарычныя каштоўнасці, будзе адыгрываць ролю "карціны", а навакольная прастора стане для яе "рамай". Глядач жа ўспрымае карціну і раму ў комплексе, як адзінае цэлае. Калі за кожным вартым ўвагі паселішчам вызначыць ягоны культурны арэал, дык на карце Беларусі яны будуць накладацца адно на адно. І гэтыя ўтвораныя накладаннем сумежныя зоны, адкуль блізка да адной, другой і трэцяй славутасці, у перспектыве самі могуць стаць цэнтрамі, прыцягальнымі для інвестыцый у турыстычны бізнес.

Я з павагай стаўлюся да мясцовага патрыятызму. Добра, што ў рэгіёнах шукаюць альбо ствараюць ўласныя брэнды. Але раскрутка і эксплуатацыя апошніх вымагае прыцягнення дадатковых рэсурсаў. Значыць, варта паглядзець наўкол, за межы свайго раёна, — дзеля ўласнай карысці ды карысці краіны.

Возьмем да ўвагі і тое, што вандроўнік наўрад ці выправіцца ў няблізкі край толькі дзеля аднаго, няхай сабе і разрэкламаванага, аб’екта. Чалавеку патрэбен комплекс уражанняў, каб на ўсім шляху было на чым затрымаць позірк. І каб задаволіць гэтую эмацыйную патрэбу турыста, трэба, як мне падаецца, зноў жа, забыцца пра адміністрацыйныя межы раёнаў ды абласцей і ладзіць маршруты так, як будуюць тэатральныя мізансцэны. Для агульнай справы спатрэбіцца каардынацыя намаганняў спецыялістаў розных галін розных рэгіёнаў. Агульным будзе і поспех. У тым ліку — фінансавы.

Адзін з самых паспяховых прадпрымальнікаў за ўсю гісторыю Генры Форд казаў: "Сабрацца разам — гэта пачатак, трымацца разам — гэта прагрэс, працаваць разам — гэта поспех!" Да гэтай тэзы цяжка што-небудзь дадаць…

P.S. Менавіта названай праблематыцы — кааперацыі намаганняў на карысць лакальнага брэндынгу — і будзе прысвечана серыя артыкулаў газеты ў гэтым годзе.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"