Вобласці святкуюць 75-годдзе

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Гэтымі днямі Віцебшчына, Гомельшчына, Магілёўшчына і Міншчына святкуюць 75-годдзе. Да юбілею адкрываюцца аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння, ладзяцца канцэрты, падсумоўваецца вынік зробленага за гэтыя гады, у тым ліку і ў кірунку развіцця культуры і мастацтва.

Віцебшчына

Канцэрты, выстаўкі, рамонты

Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку, па словах намесніка начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Сідарэнкі, падрыхтаваў да дня нараджэння вобласці выстаўку "Край лясоў і азёр". У Абласным краязнаўчым музеі працуе выстаўка жывапісу мастакоў пачатку пазамінулага стагоддзя. Яна таксама прымеркавана да 75-годдзя рэгіёна.

Урачыстасці з нагоды юбілею адбыліся ў мінулы аўторак. Але, як распавядае Аляксандр Сідарэнка, святочныя мерапрыемствы, у тым ліку і ў рэгіёнах вобласці, будуць доўжыцца цягам года. Да іх ліку аднесці можна не толькі культурна-масавыя мерапрыемствы, але і справы гаспадарчага кшталту. Вядуцца работы на інтэрнаце Наваполацкага музычнага каледжа. 12 мільярдаў рублёў выдаткавана ў бягучым годзе, каб Віцебск займеў добраўпарадкаваны інтэрнат для работнікаў культуры абласнога цэнтра. Капітальна рамантуюцца Віцебскі дзяржаўны музычны каледж імя І.І. Салярцінскага і Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў.

Гомельшчына

Запрасілі ўсіх губернатараў

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка паведамляе "К", што ў абласным цэнтры і ва ўсіх раёнах адбываецца сацыяльна-культурная акцыя "Гомельшчына — 75 слаўных гадоў". Да свята здадзены аб’екты сацыяльнага прызначэння ў Добрушы, Брагінскім раёне. У вёсцы Велецін Хойніцкага раёна 15 студзеня быў афіцыйна адкрыты сельскі Дом культуры. На яго рэканструкцыю выкарыстана больш за тры мільярды рублёў. Апрача танцавальнай і глядзельнай залаў тут размясцілася і бібліятэка.

А 17 студзеня на берагу Сожа ля Гомеля ўрачыста адкрыта спартыўная грабная база. Афіцыйныя святкаванні прайшлі ў Палацы чыгуначнікаў. Апрача былых губернатараў тут сабраліся дэлегацыі ды творчыя калектывы з Украіны і Расіі. Сярод запрошаных землякоў — народныя артысты Беларусі Мікалай Скорыкаў і Міхась Дрынеўскі. Выступілі і лепшыя творчыя сілы Гомельшчыны.

Урачыстыя сходы і канцэрты прайшлі і ў раённых цэнтрах.

Магілёўшчына

Урокі ў бібліятэцы

Дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі Ілона Сарокіна паведамляе "К", што да юбілею супрацоўнікі ўстановы падрыхтавалі архіўныя матэрыялы па ўзнікненні і развіцці грамадскіх аб’яднанняў Магілёва і вобласці, а таксама — самую разнастайную краязнаўчую інфармацыю. На наступным тыдні распачнецца прэзентацыя гэтай экспазіцыі для навучэнцаў адукацыйных устаноў. Адбудзецца і выстаўка новых кніг магілёўскага краязнаўцы Мікалая Барысенкі. А ў раённых бібліятэках пройдуць урокі-прэзентацыі, распрацаваныя бібліятэкарамі менавіта да 75-годдзя Магілёўшчыны…

Цудоўная нагода для святочнага настрою і ў дырэктара Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа імя А.С. Пушкіна Святланы Казловай: сёлета будзе паспяхова завершаны капітальны рамонт вучэбнага корпуса. Гэтыя работы ніякім чынам не парушаюць навучальны працэс. Сёлета, як і плануецца, будзе выпушчана 120 бібліятэкараў, якія размяркуюцца па ўсёй рэспубліцы.

Міншчына

Усе раёны — у Маладзечне

Начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок распавяла, што афіцыйныя мерапрыемствы з нагоды 75-годдзя Міншчыны адбыліся ў пятніцу, 18 студзеня. Прадстаўнікі ўсіх раёнаў вобласці сабраліся ў Маладзечанскім палацы культуры.

На галоўнай абласной канцэртнай сцэне выступілі не толькі аматарскія творчыя калектывы, але і прафесійныя выканаўцы. Усяго ў святочным абласным мерапрыемстве было задзейнічана звыш за 300 творцаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"