Новы год з планамі

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Маштабы і рэгулярнасць культурнага супрацоўніцтва Беларусі з суседнімі краінамі патрабуюць высілкаў па каардынацыі гэтых працэсаў, што асабліва важна на пачатку новага года дзелавой актыўнасці.

15 студзеня ў Вільнюсе па ініцыятыве беларускага боку адбылася рабочая сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Уладзіміра Дражына з міністрам культуры Літвы Шарунасам Біруцісам.

Агледзеўшы ўсе аспекты шырокафарматнага культурнага супрацоўніцтва нашых краін, удзельнікі сустрэчы звярнулі асаблівую ўвагу на тэму аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей. Гутарка вялася пра неабходнасць сумесных намаганняў у справе іх захавання, аднаўлення і выкарыстання.

Наступным днём, 16 студзеня, адбылася сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы Аляксандра Герасіменкі з міністрам культуры Латвіі Жанэтай Яўнзэме-Грэндэ, пад час якой абмяркоўваўся канкрэтны план супрацоўніцтва на бягучы год.