Верыць сваёй інтуіцыі...

№ 47 (813) 24.11.2007 - 30.11.2007 г

Анатоль ЯРМОЛЕНКА, нязменны кіраўнік ансамбля “Сябры”, народны артыст Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін г. Мінска, сапраўдны джэнтльмен на сцэне і ў жыцці (так выказаўся аб беларускім артысце сам Дэміс Русас), сёлета святкуе свой юбілей. 15 лістапада ў Палацы Рэспублікі адбыўся вялікі канцэрт, прысвечаны святочнай падзеі, на які павіншаваць славутага імянінніка прыехалі вядомыя артысты беларускай, расійскай і замежнай эстрады: Дэміс Русас, Леў Лешчанка, Валянціна Талкунова, Аляксандра Пахмутава, Мікалай Дабранраваў, Bad Boys Blue, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Мікалай Гнацюк, Нaнi Брэгвадзэ… “К” далучылася да віншаванняў славутага спевака і, скарыстаўшыся магчымасцю, распытала яго аб здзейсненых марах, асабістых прынцыпах, беларускай музычнай індустрыі і сцэнічных сімпатыях.

 /i/content/pi/cult/138/836/Yarmolenka.jpg
— Анатоль Іванавіч, для рэпетыцыі вашага канцэрта выкарыстоўваўся Інтэрнет, праца з вашым галоўным госцем вечара — перш чым ён прыехаў у Беларусь, — Дэмісам Русасам — гэтаксама ладзілася з дапамогай сучасных тэхналогій. Усё гэта сведчыць пра тое, што вы ўпэўнена і з задавальненнем карыстаецеся ўсімі, такімі далёкімі, у сэнсе зразумеласці для многіх людзей, знаходкамі цывілізацыі, як Інтэрнет, web-камера.
— А як жа інакш! У наша стагоддзе неабходна быць сучасным, — або застанешся ў мінулым. Сучасныя тэхналогіі трэба асвойваць. Мой сын займаецца абсталяваннем з 10 гадоў, наш калектыў адным з першых зрабіў свой сайт, зараз падчас падрыхтоўкі да канцэрта мы перасылалі песні артыстам праз Інтэрнет, удакладнялі тэмп, танальнасць... Аніякіх непаразуменняў тут няма. Усё верна. Я, карыстаючыся смартфонам, ноутбукам, новымі тэхналогіямі, адчуваю, што жыву ў гэтым часе. З гэтай нагоды мне хочацца выказаць і вялікую падзяку каналу АНТ за якасную арганізацыю канцэрта, за здымкі, за тую падтрымку, якую тэлебачанне аказала для таго, каб шоу адбылося. Без іх многае не здзейснілася б.
— На ваш канцэрт прыехалі ўсе вашы сябры, любімыя артысты і кампазітары: Аляксандр Буйноў, Леў Лешчанка, Валянціна Талкунова, Аляксандра Пахмутава, Мікалай Дабранраваў, Нані Брэгвадзэ, Палад Бюль-Бюль Аглы, прыехаў і ваш кумір Дэміс Русас… Як вам удалося сабраць іх усіх разам?
— Прызнаюся шчыра, я да апошняга думаў, што хтосьці “сарвецца”, што ў кагосьці штосьці не атрымаецца, і ён не прыедзе. Але ўсе прыехалі. Мяркую, што гэта адбылося не толькі з-за мяне, а і таму, што спевакі вельмі паважаюць нашу песенную культуру. Палад кінуў усё і прыляцеў, хтосьці адмяніў канцэрт... Усе яны зрабілі мне вялікі падарунак сваім прыездам, бо кожны з іх — гэта асобная дарагая мне старонка лёсу. З Паладам Бюль-Бюль Аглы мы пазнаёміліся падчас службы ў арміі, з Сашам Буйновым мы гастралявалі па Каўказе ў складзе калектыву Гомельскай філармоніі, Давід Тухманаў, песні якога я спяваў амаль усе… Пра знаёмства з Дэмісам Русасам я нават і не марыў. Калі я ўпершыню пачуў яго “Good bye, my love, good bye”, я зразумеў, што гэта спявак надзвычайны, неверагодны, голас “сто ват”, як пра яго гаварылі. І вось сёлета мая мара здзейснілася: мы сустрэліся. Больш за тое — разам выканалі “Алесю”, “Souvenirs” . Дэміс да сумеснага выканання “Алесі” паставіўся вельмі адказна: спецыяльна прыехаў за тры дні, каб адпрацаваць выступленне. Што і казаць, канцэрт стаўся для мяне грандыёзным падарункам.
— Анатоль Іванавіч, а як жа падвядзенне вынікаў, уласцівае падобным імпрэзам?
— Гэта абсалютна не пра мяне. Асабіста для мяне юбілей — гэта яшчэ адна падстава сабраць сяброў, магчымасць зрабіць мерапрыемства. Я роўна “дыхаю” да атрыбутаў статуса падобнага кшталту, мне нават становіцца няёмка, калі чую размовы: “Анатоль Іванавіч, вы такі-сякі, столькі зрабілі”, і да т. п. Мяне гэта проста напружвае. Я не какетнічаю: для мяне ўсё, што зроблена сёння, — гэта ўжо ўчора. Падводзіць вынікі, купацца ў промнях славы — гэта мне не цікава, бо я ведаю, што будзе за гэтым. Толькі ты “паплыў”, расслабіўся, спыніўся — гэта раўназначна таму, што ўпаў. Асабліва сёння — у той сітуацыі, калі густы мяняюцца ў свеце кожную гадзіну, калі ў шоу-бізнесе не вызначаны арыенціры, калі многія людзі не разумеюць, за што сёння можна любіць артыстаў, гэты перапынак не дапушчальны. Толькі спыніўся, даў слабінку — і цябе адкінуць назад. Ведаеце, нашаму калектыву было нялёгка з’явіцца, потым нялёгка сцвердзіцца, пратрымацца першыя 10 гадоў, 20, 30… Але гэта ўсё атрымалася таму, што мы не давалі сабе спуску. Трэба “пахать” — тады будуць вынікі. Але падводзіць іх — зусім іншая справа.
— Я так разумею, што вы зараз ужо думаеце аб іншым канцэрце ці праекце?
— Канешне. Мне яшчэ тэлефануюць сябры, калегі, віншуюць, дзеляцца ўражаннямі аб канцэрце, але я ўжо сапраўды пачынаю думаць аб тым, які б новы праект зрабіць. Ведаеце, мне зараз хацелася б (і ёсць такая магчымасць) сабраць разам нашых лепшых беларускіх артыстаў — маладых і вядомых, увогуле лепшых прадстаўнікоў нашай беларускай культуры, нашага мастацтва і зрабіць вялікі тур па Расіі, Украіне, па былым Савецкім Саюзе. Напрыклад, назваць і гэтую акцыю “Мы — беларусы” або “Прывітанне з Беларусі” і аб’ездзіць з канцэртамі ўсе бліжэйшыя краіны, нагадаць людзям аб беларускай культуры, паказаць яе. Але зрабіць гэты тур як належна і з гонарам: гучна праанансіраваць акцыю, узяць цягнік або самалёт і даць ва ўсіх буйных канцэртных залах гэтае шоу. Магчыма, мне і не варта было б раскрываць вам карты?
— Ну чаму? Ідэя годная. А каго з вашых куміраў вы зараз марыце запрасіць на наступную імпрэзу? Майкла Джэксана?
— Мне больш падабаюцца сэр Пол Макартні і сэр Элтан Джон. Пакуль гэта толькі мары, але, калі вы спыталі…Што тычыцца дакладных мэт — ведаю, што наступны канцэрт будзе лепшы за гэты. Мая пазіцыя ў гэтай справе прынцыповая. Па сутнасці, я зараз раблю вельмі важную справу — узнімаю ўзровень беларускай эстрады. Бо калі мае калегі ўбачаць такое шоу, яны наўрад ці захочуць зрабіць горшы канцэрт. Такім чынам, паляпшаецца ўся эстрадная культура.
— Анатоль Іванавіч, на вашу думку, калі было лягчэй прабіцца таленту: у савецкія часы або зараз? Гэта пытанне да вашага выслоўя, што ў беларускім шоу-бізнесе не вызначаны арыенціры.
— Таленту прабіцца заўжды было цяжка. Раней галоўнай перашкодай, іспытам для выканаўцы быў мастацкі савет. Але калі ты яго праходзіў, гэта сведчыла пра тое, што твая песня чагосьці вартая, ты сам штосьці з сябе ўяўляеш, і цябе будуць слухаць. Што мы маем сёння? Песенек — мноства, а вось сапраўдных песень — адзінкі. Умовы дыктуе рынак. Дзяўчынка прынесла песеньку на радыё, яе паставілі, а праз тыдзень гучыць ужо кампазіцыя новай невядомай дзяўчынкі. Гэта бясконцы канвеер, мэта якога — прыбытак. І, звярніце ўвагу, тыя людзі, якія ставяць гэтую дзяўчынку ці хлопчыка ў эфір, у сябе дома слухаюць зусім іншую музыку, як кажуць, “для душы”. Вось вам і нявызначаныя арыенціры. У выніку мы маем на нашай эстрадзе копіі копій. Маладыя выканаўцы капіруюць расійскіх спевакоў, якія, у сваю чаргу, капіруюць замежных. Я не ведаю, як можна выправіць гэтую сітуацыю, але яна мяне вельмі бянтэжыць.
— Ды ўсё ж не ўсе беларускія выканаўцы так безнадзейны, як вы кажаце…
— Я згодны з вамі. Мне самому цікавыя многія, але далёка не ўсе. Цікавыя “J:Морс” — яны, на маю думку, пішуць глыбокія песні і сур’ёзна ставяцца да справы, таму я і запрасіў іх на свой канцэрт. Вялікія магчымасці ў Пятра Ялфімава, пераможцы “Славянскага базару ў Віцебску” (2004 г.), калі ён здолее іх рэалізаваць. Падабаюцца“Крама” і “Крамбамбуля” — ну добрыя песні ў іх — нічога тут не скажаш! Люблю гурт “Тройца”. Вельмі ўразіла беларуская дзяўчынка з “Фабрыкі зорак” — Дакота. Канешне, сітуацыя з беларускім шоу-бізнесам сведчыць пра тое, што зараз мы праходзім этап станаўлення, але ж вельмі хацелася б, каб, урэшце рэшт, мы самі былі ў стане “адкрываць” такіх дзяўчат, як беларуская канкурсантка “Фабрыкі зорак”.
— Падчас вашай кар’еры, Анатоль Іванавіч, ці надараліся ў вас моманты, калі вы былі гатовы “кінуць усё” і сысці, як часам хочацца зрабіць многім сённяшнім выканаўцам?
— Быў такі момант. Але, ведаеце, я заўжды прытрымліваюся залатога правіла: “Утро вечера мудренее”. Гэта сапраўды так. Ужо здаецца, што сіл аніякіх няма, кінуць бы ўсё, а раніцай прачнешся — і рашэнне абавязкова прыйдзе. Я, прызнаюся, чалавек гарачы, рашучы. Я прызвычаіўся прымаць рашэнні, браць на сябе адказнасць, бо вырас у сям’і без бацькі і гэта мяне вельмі моцна выхавала. Але ж усё роўна — спакой і розум нікому не перашкаджалі. Вось гэтае правіла — прымаць рашэнні ў спакойным стане на свежую галаву — пазбавіла мяне ад шматлікіх памылак. Часам у мяне пытаюцца: чаму ты робіш так, вось жа за паваротам тое, што табе трэба, чаму не возьмеш? Але я бачу наступны ход: я бачу тое, што крочыць за гэтым “лёгка”. Лёгка нічога не бывае. За гэтым “лёгка” абавязкова будзе цяжка.
Я ў сваім жыцці часта давяраў сваёй інтуіцыі, і яна мяне не падводзіла. Давяраюць ёй і мае сябры.
Што тут можна параіць? Калі ў артыста ёсць розум, ён яго абавязкова выратуе і выведзе.
— Такім чынам, можна сказаць, што сакрэт вашага поспеху і сцэнічнага доўгажыхарства ў гэтай “патаемнай зброі” — інтуіцыі?
— І ў гэтым таксама. Але самы просты сакрэт поспеху — праца. “Пахать” трэба ўвесь час. Але рабіць гэта так, каб не было бачна, што ты змучаны і ўвесь “у мыле”. Усё павінна быць прыгожа. Гэтага патрабуе сцэна.

Распытвала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
На здымку: Дэміс Русас і Анатоль Ярмоленка
падчас выканання эпахальнай “Алесі”.