"Падарожная" да аднаго лёсу

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Мікалай Шчакаціхін: "Я паспеў зрабіць штосьці для навукі..."

…Жыццё Мікалая Шчакаціхіна шчасліва і спакойна пачыналася ў “златоглавой” Маскве. Пачатковую адукацыю ён атрымаў у прыватнай мужчынскай гімназіі Аляксандра Флёрава. Яна была створана з прагімназіі ў 1907 г., а адкрыта — у 1910-м у арэндным памяшканні дома Элькінда на рагу Мерзлякоўскага завулка і Вялікай Нікіцкай вуліцы. У наступным годзе паступіў сюды і пятнаццацігадовы Коля Шчакаціхін. Адначасова Флёраў пачаў узвядзенне свайго уласнага збудавання для гімназіі побач з Мядзведжым завулкам — уздоўж Мерзлякоўскага. На другім паверсе жылі гімназісты, на першым — быў “штаб” дырэктара Аляксандра Баркова, географа, і настаўнікаў К.Гарбачэўскага, Я.Фішэра, В.Львовай, А.Каліцінскага, Я.Разанава, М.Зарчэнікава, С.Агнёва.

/i/content/pi/cult/408/8356/15-1.jpeg

Мікалай Цімафееў-Расоўскі, будучы знакаміты генетык, біёлаг, успамінае: “…У Флёраўскай гімназіі быў надзвычай высокі, нават для сталічных гімназій — маскоўскіх, пецярбургскіх, харкаўскіх, адэскіх, — працэнт таленавітых настаўнікаў. Ну проста занадта таленавітых у нейкім сэнсе! Многія з іх былі таленавітыя людзі, другія, апрача ўсяго іншага, здаваліся дзівакамі, трэція — па-сапраўднаму з’яўляліся выдатнымі спецыялістамі. У нас, па сутнасці, у кожным класе было, прынамсі, трое-чацвёра вельмі добрых, адораных вучняў…”

Да такіх вучняў адносіўся і Коля Шчакаціхін. Мне здаецца, што менавіта гэтая гімназія заклала ў яго той падмурак ведаў, той творчы стрыжань, на якім потым павырасталі залатыя крылы выдатнага беларускага культуролага, тэарэтыка і гісторыка выяўленчага мастацтва і архітэктуры. Гімназія была дарагой, але ўвесь даход ішоў на аплату маламаёмасных, бедных студэнтаў, хаця, у цэлым, тут вучыліся дзеці з заможных інтэлігентных сем’яў. Сярод выхаванцаў гімназіі, да прыкладу, — артыст Ігар Ільінскі, мастак Барыс Шаляпін, сын вялікага спевака, а таксама Аляксандр Рэфармацкі, Макс Церашковіч, Іван Вітвер, Леў Кніпер, Сяргей Канавалаў, Мікалай Рыжоў, Васіль Зубкоў — імёны, якія ўвайшлі ў гісторыю Расіі ў розных галінах культуры і навукі. Пасля рэвалюцыі гэты будынак стаў агульнаадукацыйнай сямігадовай школай, потым — Адзінай працоўнай вопытна-паказальнай школай № 10, а былыя педагогі (хто выжыў у рэвалюцыйным ліхалецці) раз’ехаліся па розных паралелях ды мерыдыянах Еўропы…

Перад Першай сусветнай вайной, 1 чэрвеня 1914 года, Шчакаціхін скончыў гімназію з залатым медалём. Захаваўся яго атэстат сталасці, дзе літаральна па ўсіх трынаццаці прадметах — ад Закону Божага, філасофіі, матэматыкі да французскай, нямецкай, грэчаскай і лацінскай моў — суцэльныя пяцёркі. І не дзіва, што ён без усялякіх праблем паступіў у Маскоўскі універсітэт. У архіве гэтай установы знаходзіцца даведка, у якой сказана, што Шчакаціхін быў залічаны студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта 1 жніўня 1914 г., а 31 жніўня 1915-га — пераведзены на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта. 6 кастрычніка 1917 г. яго зноў перавялі на гісторыка-філалагічны факультэт (аддзяленне тэорыі і гісторыі мастацтва), які ён паспяхова скончыў у 1918-м.

Вучоба Шчакаціхіна ва ўніверсітэце (у гуманітарным аспекце) праходзіла пад кіраўніцтвам прафесара старажытнай класічнай археалогіі Уладзіміра Мальберга. Той быў вядомы як аўтар даследаванняў помнікаў старажытнай грэчаскай скульптуры і вазавага жывапісу, а таксама антычнага мастацкага рамяства, рэшткі ўзораў якога былі знойдзены на поўдні Расіі. Некаторы час ён узначальваў Маскоўскі музей прыгожых мастацтваў імя Аляксандра II (будучы Пушкінскі).

/i/content/pi/cult/408/8356/15-2.jpeg

Сярод іншых універсітэцкіх педагогаў вылучаўся і Аляксей Сідараў — спецыяліст у галіне даследавання малюнка і мастацтва кніжнай графікі. Аляксея Аляксеевіча я трошкі асабіста ведаў у сярэдзіне 60-х; у мяне нават ёсць ягоная манаграфія “Васіль Якаўлеў” (выдання 1949 года) з аўтографам аўтара. Апошні застаўся ў маёй юнацкай памяці як вельмі жорсткі прыхільнік сацрэалізму, хаця напісаў цікавыя манаграфіі пра Рэпіна і Хогарта. Аднак і тут даўся ў знакі яго асаблівы “марксісцкі” погляд на сутнасць мастацтва. Думаю, Шчакаціхін мала што пачарпнуў з ягоных лекцый, хаця Сідараў нейкі час, да Першай сусветнай вайны, стажыраваўся ў музеях Заходняй Еўропы. Аднак дзякуючы гэтаму настаўніку першай друкаванай работай выпускніка ўніверсітэта Шчакаціхіна з’явілася стастаронкавая кніжка “Фелікс Валатон” з прадмовай менавіта А.Сідарава. Кніга была прысвечана творчасці выдатнага швейцарскага графіка і жывапісца, якога Аляксей Аляксеевіч вельмі цаніў за майстэрства ксілографа і нават асабіста быў знаёмы з мастаком яшчэ будучы ў Парыжы ў 10-я гады ХХ ст.

Карацей кажучы, гэта была першая манаграфія пра Валатона на рускай мове, да таго ж, таленавіта напісаная зусім маладым, 22-гадовым, чалавекам. І, увогуле, гэта было першае ў жыцці Шчакаціхіна сур’ёзнае мастацтвазнаўчае даследаванне. На жаль, яно, наколькі я ведаю, больш ніколі не перавыдавалася. Вось толькі два фрагменты стылю мовы аўтара пра творы Валатона. Пра серыю літаграфій “Патаемнае”: “…Можна толькі здзіўляцца той псіхалагічнай вастрыні і той жывой рэалістычнасці адлюстраванага, якую дае Валатон пры дапамозе такіх мінімальных сродкаў. Яго праніклівасць сапраўды геніяльная…”. Пра ксілаграфіі Валатона да кнігі-альбома “Маскі” Рэмі дэ Гурмо: “…Гэта падзея ў гісторыі сучаснай літаратурнай Францыі не меншая, чым у галіне графічных пошукаў…” Пра графічны валатонаўскі партрэт аўтара “Братоў Карамазавых”: “…З усіх створаных Валатонам партрэтаў партрэт Дастаеўскага, бясспрэчна, належыць да самых глыбокіх і вострых у серыі знакамітых людзей…”

І ўсё ж, на мой погляд, большы уплыў на Шчакаціхіна як на будучага вучонага-мастацтвазнаўцу, мысліцеля і даследчыка таямніц старажытнай беларускай культуры аказаў прыват-дацэнт Аляксей Іванавіч Някрасаў — прапраўнук паэта, буйны спецыяліст па візантыйскім і старажытнарускім мастацтве і архітэктуры. Так здарылася, што вясной 1938 г. ён быў арыштаваны па 58-м артыкуле за “арганізацыю ў МДУ манархічнай тэрарыстычнай групы для звяржэння Савецкай улады” і атрымаў дзесяць гадоў лагераў і пяць гадоў паражэнняў у правах. Пакаранне адбываў у Варкуце да студзеня 1947-га, а пасля вызвалення ціха-мірна пасяліўся ў мястэчку на 101-м кіламетры ад Масквы. Аднак у лютым 1949 года быў ізноў арыштаваны за самавольны прыезд у сталіцу (для сустрэчы з сям’ёй) і кінуты ва Уладзімірскую ўнутраную турму НКУС. Адтуль яго выслалі ў пасёлак Венгерава, што ў Новасібірскай вобласці, дзе знясілены вучоны праз год памёр.
У 1956-м Аляксей Іванавіч, як і ягоны былы вучань Шчакаціхін, быў рэабілітаваны. Божа мой! Колькі соцень тысяч такіх трагічных лёсаў захавала савецкая гісторыя часоў сталінізму? І хто за гэта трымаў адказ?..

Але вярнуся назад. Пасля заканчэння ўніверсітэта, калі пачыналася Грамадзянская вайна, Шчакаціхін уладкаваўся на работу інструктарам Аддзела па справах музеяў і аховы помнікаў мастацтва і даўніны ў Наркамасветы, але ў сакавіку 1919-га пераехаў на радзіму маці — у горад Арол, дзе працаваў у музейным пададдзеле Губнарадукацыі і лектарам у палітаддзеле Арлоўскай ваеннай акругі (па запрашэнні камандуючага Пятра Шчарбакова). Але там доўга не пратрымаўся, і ўжо на пачатку 1920-га ён — у Харкаве. За два гады жыцця ў гэтым горадзе змяніў некалькі прафесій: ад лектара і навуковага супрацоўніка музея і камітэта Тэатральнага аддзела Наркамасветы да загадчыка літаратурнай секцыі клуба “Будучыня” пры Харкаўскай ваеннай акрузе і члена Праўлення Усеўкраінскага саюза пісьменнікаў. А яшчэ паспеў пабываць у доўгатэрміновай камандзіроўцы ў Адэсе, дзе займаўся інструктажам па арганізацыі навукова-даследчай работы ў розных установах горада. Словам, без справы не сядзеў, але ўся гэтая мітусня ў прафесійным жыцці ніякага творчага задавальнення не прыносіла...

/i/content/pi/cult/408/8356/15-3.jpeg

У снежні 1921-га пачынаецца зусім новы этап у жыцці і творчасці Шчакаціхіна: ён пераязджае ў Мінск, які на дзесяць гадоў становіцца не толькі яго родным домам, але і месцам, дзе Мікалай змог праявіць сябе як бліскучы мастацтвазнаўца, вучоны і гісторык мастацтва старажытнай і новай Беларусі. У той час амаль два месяцы ўжо існаваў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і на гістарычным факультэце працавала кафедра гісторыі мастацтваў пад кіраўніцтвам прафесара М.Г. Сыркіна. Вось на гэтую кафедру і быў запрошаны Шчакаціхін на пасаду асістэнта. Хто яго канкрэтна запрасіў — дакладна не вядома. Шчамялёў, да прыкладу, лічыць, што гэта быў Уладзімір Іванавіч Пічэта — першы рэктар універсітэта, які асабіста яго сустрэў на вакзале. Мабыць, гэта так, бо Пічэта таксама запрасіў на выкладчыцкую працу і Я.Коласа, і Я.Лесіка, і М.Доўнар-Запольскага, і В.Друшчыца, і У.Ігнатоўскага, і Ф.Турука, і А.Смоліча, і Д.Даўгала. Ён марыў зрабіць універсітэт “цэнтрам грамадскага жыцця Беларусі” і імкнуўся яшчэ ў 1921 г. стварыць у Мінску Інстытут беларускай культуры, хаця на той час гэтага зрабіць не ўдалося.

Паралельна Шчакаціхіна ўзялі на працу ў якасці інструктара літаратурнага гуртка на 21-х кавалерыйскіх курсах, якія размяшчаліся ў доме па вуліцы М.Горкага. Дарэчы, менавіта тут, калі мастацтвазнаўца чытаў лекцыю пра творчасць паэта А.М. Някрасава, адбылося яго знаёмства з будучай жонкай, 16-гадовай Ганнай Мацвееўнай Раманавай, якая была на дзесяць гадоў маладзейшая за яго. Знаёмства перарасло ў каханне, і 5 снежня 1923-га яны зладзілі вяселле…

(Працяг будзе).

На здымках: М.Шчакаціхін сярод прафесараў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (злева направа): М.Нікольскі, А.Міхайлоўскі, У.Пічэта, М.Шчакаціхін. Мінск. 1926 г.; даведка аб вучобе ў Маскоўскім універсітэце ў 1914 — 1918 гг., атрыманая М.Шчакаціхіным у 1936-м; Ганна Раманава. Мінск. 1923 г.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"