Невядомае пра Суціна

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Эксклюзіў "К". Расповед смілавіцкага сябра

...Добра вядомы і дастаткова вывучаны феномен Віцебска з яго школай Ю.Пэна, з дзейнасцю маладога Шагала, са створаным ім Народным мастацкім вучылішчам, дзе працавалі Малевіч, Лісіцкі, Ермалаева. Але ёсць у нашай краіне яшчэ адно мястэчка, дзе нарадзіліся адразу два будучыя выдатныя мастакі Парыжскай школы — Хаім Суцін ды Шрага Царфін. Гаворка — пра Смілавічы.

Зусім рознае было стаўленне двух гэтых землякоў да роднага мястэчка. Суцін не вельмі любіў узгадваць пра яго, казаў, што родам з Літвы (энцыклапедыі заходніх краін доўга пазначалі, што Суцін нарадзіўся непадалёк ад Вільнюса), у той час як Царфін любіў распавядаць пра сваю малую радзіму, раку Волму, навакольныя лясы, што атачалі мястэчка. У розных дакументах ды анкетах ён не толькі пазначаў Смілавічы ў якасці месца свайго нараджэння, але і ўдакладняў: “Russie Blanche” (Белая Русь).

/i/content/pi/cult/408/8355/14-2.jpeg

На жаль, Суцін не пакінуў якіх-кольвечы згадак пра сваё жыццё на радзіме, ён увогуле быў чалавекам даволі скрытным. (Аўтар памыляецца: у сваіх мемуарах "Маё жыццё з мастакамі "Вулля" (М., "Искусство-XXI", 2004) Марыя Вараб'ёва Стэбельская (Марэўна) дае шмат матэрыялу пра тое, як Суцін ёй расказваў пра сваё дзяцінства ў Смілавічах, а таксама пра свае ўзаемаадносіны з бацькамі, але, канешне ж, гэтага недастаткова. — Рэд.).

Затое захаваўся невялікі расповед Царфіна пра Суціна. У нашы рукі трапіў машынапісны экзэмпляр гэтых згадак з праўкамі аўтара, ласкава прадастаўлены нам Ліліян Дзюлак, дачкой Царфіна. Вытрымкі з гэтых успамінаў мы і прапаноўваем сёння чытачам “Культуры”. Дадзены дакумент цікавы яшчэ і тым, што ў ім ёсць некаторыя дэталі пра лад жыцця ў невялікім беларускім мястэчку пачатку ХХ стагоддзя.

…У той час Смілавічы былі, хутчэй, яўрэйскім мястэчкам. Па сведчаннях Царфіна, там пражывала амаль чатыры тысячы чалавек: яўрэі, татары, палякі і беларусы (“рускія сяляне”, як піша Царфін), пры гэтым “яўрэі складалі большасць насельніцтва мястэчка”. У большасці сваёй смілавіцкія яўрэі былі заможныя людзі: прамыслоўцы, лесагандляры ці займаліся гарбарнай вытворчасцю, як бацька Царфіна...“ Сярод іх было шмат адукаваных і нават інтэлігентных людзей. Бацькі адпраўлялі сваіх дзяцей атрымліваць адукацыю ў бліжэйшыя гарады — Мінск ды Вільню. Мой бацька належаў да кола адукаваных яўрэяў. Ён выпісваў некалькі газет і любіў чытаць Тургенева, Талстога ды іншых…”

Бадай, Шрага Царфін — адзіны, хто пакінуў апісанне бацькі Хаіма Суціна: “…Мужчына невысокага росту, прыемнага знешняга выгляду, выхаваны ў рэлігійных традыцыях. Ён любіў дыскутаваць з маім бацькам пра Талмуд, у той час як мой бацька распавядаў яму пра Талстога. Суцін-бацька быў частым госцем у нашым доме… Звычайна ён прыходзіў пасля малітвы і выпіваў у нас шкляначку лікёру, закусваючы яго прыгатаваным маёй маці пірагом…” Вядома, што Суцін-бацька не ўхваляў мастацкія схільнасці сына, але, па сведчанні Царфіна, ён, хаця і “не ўпускаў выпадку выказаць сыну сваю незадаволенасць, <…> ганарыўся талентам сына і заўсёды паказваў кліентам малюнкі Хаіма, якія пакрываюць сцены яго дома”.

Царфін, як і Суцін, з дзяцінства любіў маляваць. “…Калі мы былі дзецьмі, ён змаляваў сцены бацькоўскага дома, а я — канторскія кнігі майго бацькі. Хаім любіў маляваць партрэты, я ж аддаваў перавагу мацляванню пажарнікаў, чые бліскучыя каскі рабілі на мяне надзвычайнае ўражанне. Суцін часта змалёўваў з фотаздымкаў. Ён рабіў з іх павялічаныя копіі, што прыводзіла ў захапленне жыхароў мястэчка. Пазней, калі ён вучыўся ў Вільні, Хаім спрабаваў зарабіць гэтым на жыццё, паколькі яго бацька не мог дапамагаць яму грашыма, як гэта было ў маім выпадку…”

А вось як Царфін апісвае бацькоўскі дом Суціна: “Невялікі дом <…> фасадам выходзіў на вялікую плошчу, дзе два-тры разы на тыдзень і па святах працаваў рынак. З адваротнага боку іх дзялянка спускалася да ракі Волмы, якая ў час працяглых паводак амаль цалкам залівала сад. <…> Злева ад дома Суціных праходзіла дарога на Мінск, сталіцу Беларусі. З правага боку знаходзілася адна з трох сінагог мястэчка…” Далей Царфін распавядае пра юнацтва Суціна: “…Спачатку ён паступіў было вучыцца ў майстэрню мастака Кругера ў Мінску, але вельмі хутка перабраўся ў Вільню. Як і большасць іншых студэнтаў, на ражджэсцвенскія канікулы і летам ён прыязджаў дадому. Улетку ён часта працаваў на пленэры, на беразе ракі ці ў навакольных палях, альбо ўладкоўваўся ў ценю якога-небудзь хлява. Ён аддаваў перавагу маляванню і напісанню партрэтаў пажылых людзей і старых. Паколькі старым пазіраваць не хацелася, Хаім пайшоў на хітрасць. Будучы студэнтам Віленскай Мастацкай школы, ён насіў яе форму, што рабіла ўражанне на многіх жыхароў мястэчка. Суціну прыйшла ў галаву ідэя выдаць сябе за чыноўніка. “Прыстаў даручыў мне зрабіць ваш партрэт”, — казаў ён старым-сялянам.

Аднойчы хітрыкі Суціна раскрыліся, бо нехта паскардзіўся на яго прыставу. Сыны 85-гадовага старога, партрэт якога пісаў Суцін, моцна пабілі яго палкамі. Суцін падаў на іх скаргу. Міравы суддзя, высокаадукаваны немец, прысудзіў вінаватым выплаціць штраф у 15 рублёў. Суцін быў у захапленні, паколькі гэта дазволіла яму набыць палотны і фарбы, а таксама заплаціў за невялікі пакойчык, які ён здымаў у мястэчку пад майстэрню…”

Царфін адзначае ў сваіх успамінах, што ўжо тады Суцін не любіў, калі нехта глядзеў, як ён працуе, асабліва — дзеці. Маленькі Шрага быў адзіным дзіцем, якому дазвалялася знаходзіцца побач з ім, калі ён маляваў, — магчыма, дзякуючы таму, што іхнія бацькі сябравалі. У знак удзячнасці хлопчык прыносіў маладому Суціну яблыкі з бацькоўскага саду…

“…Суцін назаўсёды з’ехаў з нашага мястэчка ў 1913 годзе, — працягвае Царфін. — Я паехаў на год пазней…” Абодва мастакі назаўсёды пакінулі родныя мясціны, бацькоў, братоў і сясцёр (Памылка: з'ехаў са Смілавіч значна раней. — Рэд.)…

Цікавая тая частка ўспамінаў Царфіна, дзе ён распавядае пра інтарэсы маладога Суціна: “Я часта заспяваў Суціна за чытаннем. Аднойчы ўвечары, калі я прыйшоў да яго, ён быў заглыблены ў чытанне “На дне” Горкага. Я пачаў прасіць яго даць мне прачытаць гэтую кнігу, але ён адказаў, што я яшчэ занадта малы і што мне пакуль зарана чытаць такія кнігі. І сапраўды, <…> мне ў гэты час было толькі 12 ці 13 гадоў.

Хаім вельмі любіў музыку. Ён граў на балалайцы і адчайна грымаснічаў пры гэтым. Ён натхнёна пеў і граў, выгінаючыся ўсім целам. Часцяком ён найграваў адну і тую ж мелодыю, называючы яе “Вальсам вар’ята” — “Вальсом сумасшедшего” (напісана Царфіным ад рукі па-руску. — Ю.А.). Цяпер мне здаецца, што гэта быў пачатак “Месяцовай санаты” Бетховена…”.

Свае ўспаміны пра юнага Суціна Царфін завяршае наступным цікавым назіраннем: “У юнацтве Суцін старанна сачыў за сваім знешнім выглядам і з гонарам насіў форму студэнта Віленскай Мастацкай школы. Нягледзячы на беднасць, ён быў франтам, пудрыўся і надушваўся…”.

Затым на дваццаць гадоў шляхі двух смілавічан разышліся: Суцін паехаў у Парыж, Царфін — у Палесціну (“Паведамленне пра пачатак вайны заспела мяне ў адкрытым моры, на караблі, які вёз мяне ў Палесціну”, — успамінаў пазней мастак). Узнавілі знаёмства яны толькі ў 1936 годзе. “Па просьбе ягоных бацькоў я адшукаў яго ў Парыжы, — піша Царфін. — З тых часоў Суцін прыходзіў да нас <…> амаль кожны вечар. Калі ён і спыніў стасункі тады з многімі так званымі прыяцелямі, то зусім не таму, што стаў багатым. Уся яго маёмасць складала 10 000 франкаў, якія ён паклаў у банк, і ён з гонарам сакрэтна паведаміў мне пра тое ў 1939 годзе”.

Суцін добразычліва паставіўся да мастацкіх праяў свайго малодшага сябра і ацаніў яго работы. Ён часта даваў яму прафесійныя парады і настойваў: “Кінь усё, займіся жывапісам. Будзь, як я”. Царфін прыслухаўся да гэтай парады сябра, але значна пазней: гадоў праз дзесяць. Пакуль жа ён не можа кінуць усё: ён цяпер жанаты, у яго маленькая дачка. Трэба ўтрымліваць сям’ю… У многіх успамінах пра Суціна згадваецца пра тое, што ён быў скупаваты. Царфін з гэтым меркаваннем не згаджаецца: “…Суцін не быў скупы. Ён часта перадаваў мне грошы на дабрачынныя патрэбы. Ужо ў юнацтве ён быў шчодры. Памятаю, наш местачковы цырульнік казаў майму бацьку, што Хаім, тады яшчэ студэнт, заўсёды даваў яму добрыя гасцінцы.

І калі ён разарваў адносіны з многімі знаёмымі, то зрабіў гэта таму, што яны прынеслі яму шмат засмучэнняў. Хаім часта казаў мне пра гэта: яны не разумелі ягоны жывапіс, смяяліся з яго ды з ягонай творчасці і раілі яму стаць шаўцом, каб зарабляць на жыццё.

Аднойчы, гэта было ў Парыжы ў 1939 годзе, мы па звычцы прагульваліся па вячэрнім горадзе, і я прапанаваў яму зайсці ў “Купал” (Кавярня “Купал” — адно з месцаў штовячэрніх збораў ды гулянак багемы Манмартра. — Ю.А.). Ён адмовіўся і сказаў мне: “Усе яны выклікаюць у мяне агіду…”

На жаль, на гэтым успаміны Царфіна абрываюцца…

Юрый АБДУРАХМАНАЎ

На ілюстрацыі: партрэт Хаіма Суціна пэндзля Марэўны.