Сага пра Тэатр

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Пра тое, як узводзілі знакаміты будынак

(Працяг. Пачатак у №2.)

Мінскі тэатр стаў другім і не апошнім відовішчным збудаваннем у творчай біяграфіі Караля Казлоўскага. Да гэтага архітэктар шмат будаваў у Варшаве ды правінцыйных гарадах Польшчы.

/i/content/pi/cult/408/8354/14-1.jpeg

Караль Казлоўскі атрымаў еўрапейскую адукацыю. Юнацтва правёў у Францыі ў ліцэі Дуайі, куды яго аддалі бацькі Аляксандр Казлоўскі і Караліна з роду Шылінгаў. Малады ліцэіст часта бываў у Парыжы. Парыж сярэднявечных крывых вулачак станавіўся тады Парыжам Вялікіх бульвараў ды багатых дамоў у стылі эклектыкі. У 1860 г. Шарль Гарнье выйграў конкурс на будаўніцтва Гранд-опера. Менавіта ў Францыі Казлоўскі вырашыў стаць архітэктарам і выправіўся на радзіму — у Варшаву — для навучання архітэктурнаму праектаванню ў прафесара архітэктуры Юліяна Анкевіча.

Ідэалам тады была антычная і рэнесансная архітэктура, і сваю задачу архітэктары бачылі ў адаптацыі класічных антычных форм да мовы сучаснага будаўніцтва. Пышна расцвілі неастылі — неарэнесанс, неаготыка, неабарока, — якія выкарыстоўвалі дэталі і прынцыпы вялікіх стыляў мінулага. Архітэктараў вучылі ўмела маніпуляваць канструкцыямі і дэталямі, пераймаць творчасць вялікіх. Неўзабаве ў Варшаве Казлоўскі пачаў актыўную прыватную практыку. Адным з першых ён увёў у варшаўскую архітэктуру моду на “дамы-вілы” ў стылі міжземнаморскіх італьянскіх асабнякоў. Ён першым пабудаваў на вуліцы Красівай у Варшаве ўласны асабняк-вілу ў стылі неарэнесансу. На той час вуліца Красівая была ўскраінай горада і патанала ў садах. “Шык” гэтай вуліцы пачаўся менавіта з пабудовы Казлоўскага. Зараз гэта самая фешэнебельная вуліца польскай сталіцы, дзе размешчаны пасольствы многіх краін.

Праўда, пражыў архітэктар у сваім вытанчаным асабняку на Красівай нядоўга: дом давялося тэрмінова прадаць у пагашэнне судовых выдаткаў. Зайздроснікі абвінавацілі прадпрымальнага архітэктара ў махінацыях з продажам зямельных участкаў у Варшаве. Але вялікі дом па арыгінальным праекце ў цэнтры Варшавы ён сабе ўсё ж такі пабудаваў, праўда, значна пазней — цяпер ужо на вуліцы Воўчай.

Казлоўскі зрабіў сабе імя ў польскай архітэктуры на праектаванні неагатычных касцёлаў і асабліва — “Праекце сядзібы для жыхароў сярэдняй забяспечанасці”. Ён апублікаваў гэты праект у адным з папулярных часопісаў па будаўніцтве ў 1882 годзе. Такі зручны, узорны, тыпавы, як цяпер сказалі б, дом быў спраектаваны як мадэрнізаваны еўрапейскі нацыянальны варыянт традыцыйнай шляхецкай сядзібы і ўлічваў як традыцыі старога дома на прыродзе, так і новы густ да камфорту заможных абывацеляў. Казлоўскі зламаў традыцыйны стыль драўлянага ампірнага “польскага шляхецкага дома” з калонамі, часткова замяніўшы матэрыял пабудовы з дрэва на цэглу. Драўляны з каменным падмуркам, дом абавязкова меў ганак, які служыў не толькі ўпрыгожаннем: “Паколькі, па нашым звычаі, гаспадары праводзяць гасцей, выходзячы і за парог дома”, — пісаў аўтар.

Дом пачынаўся з сенцаў. Па правы бок ад увахода быў кабінет гаспадара, па левы — сталовая, дзверы вялі проста ў гасцёўню, адкуль можна было трапіць у спальню і пакой-будуар гаспадыні дома. На другім паверсе знаходзіліся пакоі для гасцей. Прадугледжваліся кухня, падвалы, пральня, пякарня і чорны ход. Гэты просты і рацыянальны праект распаўсюдзіўся вельмі шырока, і на яго базе было ўзведзена мноства дамоў канца ХІХ стагоддзя. Многія дамы пад Варшавай пабудаваны па праекце Казлоўскага. Напрыклад, нават сёння іх можна ўбачыць у прыгарадзе Варшавы — гістарычнай Зялёнцы (дзе некалі Пасхаліс адкрыў сваю знакамітую фабрыку “кунтушовых паясоў”).

Потым быў тэатр у Любліне і, нарэшце, у Мінску…

(Працяг будзе.)

Надзея УСАВА, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь