Дысананс ад “Песняў…”

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

З ліста ў рэдакцыю

"...Прагледзеў некалькі тэлеперадач праекта АНТ “Песні маёй краіны”. Вельмі добра, што робіцца нешта канкрэтнае, каб жыла народная песенная творчасць. Але здзівіла іншае.

Ні выканаўцы, ні іх мастацкія кіраўнікі (за выключэннем адзінак) беларускай мовай у перадачы не карыстаюцца, аднак спяваць на ёй спяваюць. І ў гэтым прыклад, на жаль, ім падаюць заслужаныя ды народныя артысты, прафесійныя музыканты і спевакі, выкладчыкі…

Ядвіга Паплаўская, Аляксандр Ціхановіч, Алег Елісеенкаў, Леанід Захлеўны, Валерый Скаражонак не палічылі патрэбным гаварыць па-беларуску пры абмеркаванні вынікаў конкурсу, дзе выконваліся “песні маёй краіны”. А вось народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, спявачка Таццяна Лазоўская, навуковец Пётр Гуд родную мову шануюць.

Не разумею, як можна далучаць сябе да айчыннага мастацтва і ігнараваць пры гэтым беларускую мову? Яна ж — падмурак усёй нашай культуры!.."

Уладзімір ГУК, пенсіянер

Пінскі раён