“Гарбузікі” для калядоўшчыкаў

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Традыцыі захаваліся, а чаму моладзі не цікава?

Каб даведацца, як сёння ў нашай краіне захоўваюцца старадаўнія народныя традыцыі, ды, разам з тым, пазнаёміцца з героямі календара ‘’Культуры’’ на 2013 год, апублікаванага ў № 1, карэспандэнт “К” скіраваўся ў Любанскі раён, дзе, як і па ўсёй кране, 13 студзеня традыцыйна адзначаўся Шчодрык. У шырокай грамадскасці свята больш папулярнае пад назвай “Стары Новы год”.

Але перш чым убачыць народнае дзейства, наша дэлегацыя ў складзе супрацоўнікаў Інстытута культуры Беларусі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў завітала да Васіля Каткаўца, начальніка аддзела культуры Любанскага райвыканкама, каб абмеркаваць з ім надзённыя клопаты ў справе аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Па яго словах, у раёне захаваўся цэласны каляндарна-земляробчы цыкл, паступова аднаўляюцца даўнейшыя народныя традыцыі.

Па словах начальніка аддзела культуры, яшчэ на пачатку 1990-х у раёне была распрацавана праграма “Збірайма сваё, беларускае!”. Мясцовыя культасветработнікі цягам некалькіх гадоў вывучалі жывыя традыцыі, якія, нягледзячы на абставіны, захаваліся. Цяпер гэта ўсё сістэматызавана. Як адзін з паказальных вынікаў такой работы можна адзначыць Другі З’езд калядных гуртоў Любаншчыны, які зусім нядаўна прайшоў у райцэнтры. Акрамя таго, для папулярызацыі народных традыцый плануецца стварыць калядны фестываль “Крывыя вечары”, што мае доўжыцца з 7-га і да 21 студзеня — так званага свята “Паабед-Каляды”. Лічыцца, што менавіта пасля абеду ў гэты апошні дзень каляднага цыкла можна распачынаць працу па гаспадарцы.

Акрамя таго, добрай традыцыяй у раёне стала рэгулярная фальклорная вандроўка ў вёску Шыпілавічы — на радзіму славутага краязнаўцы Паўла Шпілеўскага. Яшчэ адна традыцыя Любаншчыны, адноўленая дзякуючы ініцыятыве мясцовых культасветработнікаў, — гасцявыя кірмашы. Спрадвеку ў тых вёсках, дзе не было царквы, на асобныя святы, да прыкладу, Пакроваў, Пятра і Паўла, прыязджаў святар, які каля аброчнага крыжа праводзіў малебен. Пасля гэтага кожная хата прымала гасцей.

/i/content/pi/cult/408/8349/12-1.jpeg

Сімвалічным сведчаннем пра захаваныя народныя традыцыі пад час сустрэчы з начальнікам мясцовага аддзела культуры сталі не толькі словы, але і такі невялікі штрых: на стале побач з кубачкамі гарбаты ды цукеркамі ляжала падсмажанае насенне гарбуза, якім маглі паласавацца ўсе ахвотныя. Як аказалася, “гарбузікі” — неад’емны атрыбут святаў каляднага цыкла на Любаншчыне: менавіта імі мусілі “расплачвацца” жыхары хат, куды завітвалі калядоўшчыкі.

Адмыслова для газеты “Культура” маршрут па Любаншчыне пралягаў праз вёску Обчын. Менавіта там сёння можна пачуць унікальны спеў у выкананні аўтэнтычнага музычнага калектыву “Павалякі”. Яго ўнікальная спеўная традыцыя ўнесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, пра што сведчыць адпаведны знак, размешчаны на мясцовым Доме культуры. Да слова, пад час невялікай фотасесіі народны калектыў выканаў мясцовыя калядныя песні, якія ўражваюць не толькі сваім глыбінным зместам, але і манерай выканання.

Толькі прыкладна а восьмай вечара наша невялікая экспедыцыя трапіла ў вёску Пласток, што палягае ў маляўнічай мясцовасці непадалёк ад рачулкі з адметнай назвай Ёхна, і змагла далучыцца да калядоўшчыкаў або, як іх называюць на Любаншчыне, калядных казлоў.

Спачатку збянтэжыла, што толькі дзе-нідзе ў вясковых хатах з вуліцы можна было ўбачыць святло. І тым не менш, як аказалася, людзі з нецярплівасцю чакалі калядоўшчыкаў, папярэдне падрыхтаваўшы для іх розныя прысмакі і, вядома ж, ужо згаданыя гарбузікі. Ці не адзіным выключэннем з традыцыі стаў яе пачатак. Так, у ранейшыя гады калядоўшчыкі збіраліся ў хаце аднаго з вяскоўцаў і рушылі вясёлым шэсцем па населеным пункце. Сёлета ж адпраўным пунктам стаў сельскі Дом культуры, а галоўным персанажам дзеі — традыцыйны для гэтай мясцовасці персанаж “Каза”. Акрамя таго, не абышлося без механошы і цыганкі.

Як казалі самі ўдзельніцы дзеі, многія мясцовыя жыхары звярталіся да іх з просьбай не абмінуць пад час калядавання іхні дом. На жаль, пераважная большасць тых, хто сустракаў доўгачаканых гасцей, — людзі ў сталым узросце, некаторыя з якіх раней таксама былі калядоўшчыкамі. Ёсць і сумны факт: за час свята ў вёсцы не атрымалася ўбачыць ніводнага прадстаўніка мясцовай моладзі. Хаця было і прыемнае выключэнне: у адным з сельскіх дамоў была наладжана відэасувязь праз камп’ютар з дачкой гаспадароў, якая зараз жыве ў ЗША. Тым не менш, па словах удзельніц мерапрыемства, пераемнасць адбываецца. У прыватнасці, унукі сёлетніх калядоўшчыкаў, якія жывуць у горадзе, стараюцца абавязкова завітаць да сваіх родных у Пласток і з развучанымі народнымі спевамі прайсціся ў гэты дзень па вуліцах вёскі.

Па традыцыі, завяршылася святочнае дзейства шчодрай куццёй у хаце адной з колішніх калядоўшчыц, якая хоць па стане здароўя і не можа ўдзельнічаць у абыходзе хат, лічыць за вялікі гонар прыняць у сябе на вячэру ганаровых гасцей з ліку аднавяскоўцаў.

Да слова, падобныя дзействы ў гэты вечар праходзілі не толькі на Любаншчыне. У прыватнасці, у Давыд-Гарадку Столінскага раёна ў гэты вечар праводзілі абрад пад назвай “Конікі” (на мясцовай гаворцы — “Коныкы”), а, да прыкладу, на Тураўшчыне пры ўдзеле шырокай грамадскасці адбылася адмысловая сустрэча Новага года па старым стылі і згодна з аўтэнтычнымі традыцыямі...

Мінск — Любанскі раён — Мінск

Фота аўтара


P.S. Пасля гутаркі з начальнікам аддзела культуры з’явілася думка, што на Любаншчыне правядзенне традыцыйных абрадаў скіравана, найперш, на мясцовую аўдыторыю. Але ж пры гэтым ўнікальныя абрады могуць прывабліваць у рэгіён і шматлікіх турыстаў. Для гэтага варта зрабіць усяго некалькі крокаў: наладзіць плённае супрацоўніцтва з турагенцтвамі, рэгулярна выдаваць буклеты з інфармацыяй пра традыцыйныя мерапрыемствы, што будуць адбывацца ў раёне цягам года ў вызначаныя даты. Безумоўна, зразумелая занепакоенасць і кіраўніцтва раёна: натоўпы турыстаў могуць пашкодзіць аўтэнтычнасці народных святаў, камерцыялізаваць іх. Да таго ж, пакуль галоўная праблема для турыстычнай інфраструктуры раёна — практычна поўная адсутнасць аграсядзіб. І гэта сярод такіх маляўнічых краявідаў! Але, думаецца, і гэта не з’яўляецца невырашальнай праблемай. Як аказалася, некаторыя жыхары вёсак раёна гатовы на кароткі час размясціць гасцей у сваіх сціплых апартаментах

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"