Сто мільёнаў — за месяц, або Чаму гэта — не галоўнае

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Вынікі нетаптання на месцы

Калі быў у Ваўкалатах і знаёміўся з будучым касцельна-клубным праектам, не мог пазбавіцца ад пачуцця дэжавю. Дзесьці я ўжо бачыў і такі ж касцёл, і такі ж СДК побач, праўда, не на адной вуліцы, а праз дарогу. І — такое ж надзвычай актыўнае супрацоўніцтва клубнікаў з парафіяй ды ксяндзом. І толькі ў Мінску прыгадаў: сітуацыю, падобную да ўзаемадзеяння ў Ваўкалатах, назіраў у Ліпнішках, што ў Іўеўскім раёне Гродзеншчыны. І гэта, як аказалася, далёка не апошняе падабенства культуры двух раёнаў розных абласцей.

А галоўнае з тых падабенстваў у тым, што і Іўеўскім райвыканкамам кіруе крэатыўшчык ды генератар творчых ідэй — Міхаіл Ваўчэцкі. І разам з кіраўніком аддзела культуры Георгіем Гагарыным яны — не столькі начальнік і падначалены, колькі каманда аднадумцаў з роўным правам на самыя розныя праявы самарэалізацыі.

Менавіта ў выніку каманднай “гульні” ў вёсцы Барава па-над Нёманам у памяшканні былога СК з’явілася гасцёўня для рыбакоў і паляўнічых, якую ўзяў на баланс аддзел культуры. Вясковы “гатэль” хоць і даводзіцца пакуль да ладу, але ахвотных пераначаваць ды павячэраць прымае заўжды.

Гэткімі ж агульнымі высілкамі РДК і касцёл у Іўі зладзілі раённы Фэст калядных песень. Днямі ў раённым цэнтры ў дзясяты раз збяруцца дзіцячыя хары з усіх парафій Іўеўшчыны ды суседніх раёнаў.

І гэткім жа шляхам, як і ў Ваўкалатах, ідуць работнікі СДК аграгарадка “Ліпнішкі”. Кіраўнік клубнага гуртка Марыя Пекша распавядае, што яны напісалі гісторыю касцёла Святога Казіміра і ладзяць экскурсіі для турыстаў.

Самае цікавае, што ксёндз Андрэй, з якім у Ваўкалатах сустрэцца не давялося, на Докшчыччыну пераехаў, па словах Марыі Пекша, менавіта з Ліпнішкаў. Калі супадзенняў так шмат, то інакш як заканамернасцямі іх і не назавеш. А заканамернасць — у вялікім жаданні творчай самарэалізацыі...

Яшчэ адзін турыстычны аб’ект, “народжаны” аддзелам культуры з трапнай падачы старшыні райвыканкама Міхаіла Ваўчэцкага, — Сядзіба Дзеда-Зімніка і Бабы-Завірухі. Год таму гэты казачны маршрут узнік у вёсцы Залейкі і дзякуючы сваёй арыгінальнай непрадказальнасці займеў розгалас ці не па ўсёй Гродзеншчыне. Ад сямейных экскурсій адбою няма! Так, лішні клопат для аддзела культуры. Але без клопату — якая самарэалізацыя?

Па словах начальніка аддзела культуры Іўеўскага райвыканкама Георгія Гагарына, з 15 снежня 2012 года па 12 студзеня 2013-га казачная Сядзіба прынесла мясцовай культуры 100 мільёнаў рублёў...

Але не ў мільёнах справа. І ажыццяўленне далёка не кожнага творчага праекта, я перакананы, павінна залежаць ад фондаў, грантаў ды еўрасаюзаўскага трансгранічнага падсілкавання. Справа — ва ўменні не таптацца на месцы, а штодня выдумляць і рэалізоўваць — на сваю, аддзелаўскую, і агульнанародную карысць. А такое ўменне тварыць камандай, талакой ніякімі мільёнамі не вымераць.

І яшчэ адна думка, што вынікае з крэатыўнага падабенства двух раёнаў з розных абласцей. Паўтаруся, пэўная міжабласная інфармацыйная ізаляцыя, сапраўды, мае месца. Так, наша “Культура” тую ізаляцыю імкнецца ўсяляк кампенсаваць. Аднак, мяркуючы па рэдакцыйным накладзе, чытаюць ведамасную газету далёка не ўсе клубнікі, бібліятэкары, майстры-рамеснікі, настаўнікі ДШМ ды музейшчыкі. Відаць, і нам, журналістам, часам не хапае ўмення “гуляць” у камандзе, у тым ліку і з вамі, прадстаўнікамі рэгіянальнай культуры. Давайце разам вучыцца гэтаму выключна важнаму мастацтву ўзаемадзеяння!..

Як наладзіць усебаковае ўзаемадзеянне на раённым узроўні? Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 або kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-334-57-23, абмяркоўвайце на facebook.com/kimpressby і twitter.com/kultura_by!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"