Механізм рэалізацыі просты?

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Рэгіёны: анкета ідэі — прынцып ажыццяўлення / Сацыяльная адаптацыя ў жанры “Hip-hop”, або “Даеш моладзь!”

Самы час распавесці больш падрабязна пра канкрэтны клубны (міжнародны ў перспектыве) праектны крэатыў. Ён таксама — доўгатэрміновы і мае сацыякультурную скіраванасць. Натхняльнік стварэння праекта — кіраўнік раёна Алег Пінчук. Працягваем гаворку, распачатую ў першай частцы матэрыялаў рубрыкі.

“Youth-mix” і “Лэдзі Агра-сіці”

У свой час ён заўважыў: “Моладзь не павінна бадзяцца без справы! На парадку дня — занятасць маладых людзей і дзейсная прафілактыка правапарушэнняў!”. З падачы начальніка аддзела культуры ідэю падхапіла дырэктар РМЦ Таццяна Дземідовіч. Падхапіла — і развіла ў гадавы праект “Youth-mix”. Такое суладнае ўзаемадзеянне і называецца, без сумневу, эфектыўнай каманднай гульнёй... Дык вось, леташняя рэалізацыя паказала, што маладзёжная субкультура — не толькі нязменна модная ды запатрабаваная плынь, але і спрыяльнае рэчышча для сацыяльнай адаптацыі маладых людзей... Толькі адзін прыклад, які пераканаў, што праект трэба развіваць ды ўдасканальваць: конкурс “Лэдзі Агра-сіці” прайшоў з немалым раённым розгаласам і пры актыўнай спонсарскай падтрымцы ўсіх мясцовых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

/i/content/pi/cult/408/8347/11-1.jpeg

Для вызначэння далейшага праектнага шляху метадцэнтр правёў летась анкетаванне сярод райцэнтраўскай ды вясковай моладзі, і высветліў, што цікавіць яе найперш творчая самарэалізацыя. У выніку нарадзіўся шматэтапны праект “Даеш моладзь!”. Вось што расказвае пра ягоную значнасць дырэктар РМЦ Таццяна Дземідовіч: “Анкетаванне пераканала нас: самарэалізуюцца юнакі і дзяўчаты па-за сценамі ўстаноў культуры і робяць гэта пад уплывам сучасных тэлекамунікацыйных сістэм... Трэба было браць сітуацыю пад кантроль. І зрабілі гэта менавіта клубныя ўстановы...”

“Іскра” — “Бягомль” — “Крулеўшчына”

У горадзе ініцыятыву на сябе ўзяла Кінаканцэртная зала “Іскра”, на сяле — клубнікі аграгарадкоў “Бягомль” і “Крулеўшчына”...

Але спачатку — пра “анкетныя” даныя праекта. Форма рэалізацыі: паэтапны конкурс. Мэтавая група: моладзь да 31 года. Тэрміны рэалізацыі: да 2014 года. Тып праекта: практыка-арыентаваны, адкрыты і творчы. Мэта: удасканаленне працы ўстаноў культуры, пошук новых метадаў культурнай адаптацыі, прыцягненне моладзі да пазітыўных спраў. Задачы: развіццё творчага патэнцыялу нефармальнай моладзі, прапаганда здаровага ладу жыцця, падтрымка талентаў... Таццяна Дземідовіч гатова гаварыць пра сваё дзецішча гадзінамі. Каго зацікавіць яе немалы ўжо досвед праектных старанняў, звяртайцеся ў Докшыцкі РМЦ.

Першая праектная акцыя адбудзецца ў лютым. Гэта — Адкрыты маладзёжны фестываль клубнага танца і брэйк-данса “Стрыт Данс”, што пройдзе ў Крулеўшчынскім ЦКіД. Умовы тут для гэтага — самыя спрыяльныя: харэаграфічную адукацыю маюць дырэктар Цэнтра культуры Вольга Навіцкая і выкладчык ДШМ Вікторыя Ласіца. Так што мясцовыя танцавальныя калектывы ўпэўнены, што перамога будзе за імі... А потым у Бягомлі пройдуць фестываль каманд КВЗ, у Докшыцах — рок-песні і альтэрнатыўнай музыкі. Запланаваны праектам і фестывалі хіп-хопа, графіці, мабіл-арту (відэаздымак мабільнымі тэлефонамі), тэатральнай творчасці...

/i/content/pi/cult/408/8347/11-2.jpeg

А механізм рэалізацыі праекта просты — усё робіць моладзь: складае слоганы, выдумляе лагатыпы, займаецца ў сацыяльных сетках рэкламай праекта, рыхтуе касцюмы... Ці варта тут падкрэсліваць, што пра фінансаванне акцый работнікі культуры не надта турбуюцца? Галоўнае ў такой агульнай справе — не грошы, а маладзёжная ініцыятыва ды энтузіязм...

16 жніўня: свята святога Роха. Міжнароднае?

Дык чаму ж аддзелу культуры мроіцца размах міжнародны? На гэтае пытанне няхай адкажа яго галоўны спецыяліст Галіна Літвін: “Я доўга думала, які працяг можа займець наш сёлетні маладзёжны праект, прысвечаны альтэрнатыўнаму мастацтву. Прыйшла да лагічнай высновы, што ён павінен быць духоўным па форме і змесце... Я родам з Ваўкалатаў, мясцовая парафія здавён ушаноўвае святога Роха — ахоўніка хворых, ікона якога знаходзіцца ў мясцовым касцёле Іаанна Хрысціцеля. Памяць пра святога ўшаноўваецца 16 жніўня. У гэты дзень у Ваўкалатах святар і клубныя работнікі пастаянна ладзяць фэст, які стаў масавым і якім зацікавіліся нават у Латвіі...”

Ідэю сумеснага міжнароднага супрацоўніцтва, у тым ліку і рэалізацыі культурна-асветніцкага праекта, прапрацаваў спачатку старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук, наведаўшы латвійскі горад-пабрацім Балві. Потым там пабываў начальнік аддзела культуры (ізноў вынікова “згуляла” каманда). Тамтэйшых каталікоў уразіла тое, што ксёндз у Ваўкалатах актыўна супрацоўнічае з мясцовымі работнікамі культуры. Дырэктар СДК Марыя Кімстач — удзельніца касцельнага хору, мастацкі кіраўнік установы Уладзімір Чыкун — кіраўнік гэтага хору і касцельны арганіст. Хрысціянскай музыкай цікавяцца дваццаць юнакоў і дзяўчат з аматарскага аб’яднання “Голас душы”, што дзейнічае пры СДК і спявае ў касцёле. 16 жніўня, пасля імшы, ладзіцца канцэрт арганістаў, свята працягваецца на канцэртнай пляцоўцы ля СДК. Ваўкалацкія песенна-музычныя ды рэлігійна-свецкія традыцыі і прыцягнулі замежнікаў. Так у аддзеле культуры з’явіўся маладзёжны праект “Духоўнае адраджэнне. Традыцыі і сучаснасць”. Латвійскі бок цяпер выступае з ініцыятывай фінансавання сумеснай акцыі ў Еўрасаюзе. У рэалізацыі праекта прымуць удзел дзесяць клубных фарміраванняў з Ваўкалацкага СДК, народныя рамеснікі і кулінары, уся, без выключэння, мясцовая моладзь...

Адзін маладзёжны клубны праект рэалізоўваецца поўным ходам, другі — у стадыі фарміравання. Якім будзе трэці? Неаспрэчна толькі адно: цікавым ды нестандартным.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"