"Нашым ідэям цесна ў межах раёна!"

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Рэгіёны: тэндэнцыі і актуаліі / Амбіцыйны праект патрабуе міжнароднага прарыву

“К” распачынае чарговую серыю публікацый, прысвечаных культурнаму развіццю рэгіёнаў. Сёлета паспрабуем разгледзець гэтае пытанне пад новым ракурсам. Па-першае, акрэслім тэндэнцыі, уласцівыя сёння мясцовай клубнай ды бібліятэчнай справе, а таксама адсочым, што ж змянілася ў тым або іншым рэгіёне цягам апошніх гадоў. Статыстыка паказвае, што адзін і той жа раён журналісты “К” наведваюць прыблізна раз на два-тры гады. Аналіз назапашанай за гэты час фактуры дазволіць, як падаецца, адлюстраваць дынаміку станоўчых ці адмоўных зрухаў у галіне сельскай культуры...

Па-другое, звернем чытацкую ўвагу на канкрэтны творчы праект, які рэалізуецца ці плануецца ў канкрэтна ўзятым раёне. І такі расклад не выпадковы: менавіта праектная дзейнасць, як пераконвае сусветны досвед, найбольш вынікова ўплывае і на задавальненне культурнага попыту, і на рост аўтарытэту аддзела культуры.

Сённяшні артыкул — пра клопаты работнікаў культуры Докшыччыны.

Усё пачалося з дыскамфорту

У Докшыцкім раёне мне давялося пабываць не раз і не два. Што запомнілася з першага прыезду ледзь не дзесяцігадовай даўніны? Пэўны кадравы дэфіцыт. Недахоп яркіх брэндавых ідэй у клубнай дзейнасці. Адсутнасць буйных інвестараў, гатовых спансіраваць творчыя акцыі. Слабая тэхнічная забяспечанасць сельскіх устаноў... Карацей, стандартны набор праблем, уласцівы, без перабольшання, ці не кожнаму аддзелу культуры Беларусі. Што змянілася? Бадай, самае галоўнае: свядомасць каманды, якую сёння ўзначальвае начальнік аддзела культуры Докшыцкага райвыканама Інга Журомская. Па сутнасці, апошнім часам гэтая каманда і фарміравалася са стараннем зайздросным ды ўхвальным. У выніку цяперашняя палітыка аддзелаўскага кіраўніцтва зводзіцца да, шчыра скажам, нестандартнай высновы: “Нашым ідэям цесна ў межах раёна! Размаху не стае!”.

На трансгранічным супрацоўніцтве я спынюся крыху пазней, у другой частцы артыкула, дзе гаворка пойдзе пра канкрэтны праект. А зараз хацелася б распавесці, што мяне надзвычай здзівіла ў Докшыцкім раёне яшчэ пад час маіх першых журналісцкіх візітаў. А здзівіла актыўнасць мясцовых бібліятэкараў. Менавіта яны ці не першымі ў рэгіёнах пачалі ладзіць буккросінгавыя акцыі, ініцыявалі з’яўленне грамадскага транспарту з бібліятэчнымі “філіяламі”, адкрылі Цэнтр мультымедыйнага чытання...

Начальнік аддзела культуры ў свой час адну з рабочых нарад пачаў з сур’ёзных прэтэнзій на адрас клубнікаў: “А што адметнага, апрача правядзення дзяржаўных святаў, можаце прапанаваць вы?” Тыя адчулі сябе, прама скажам, не вельмі камфортна. А ў раёне — 29 клубных устаноў, у тым ліку ў 12 аграгарадках. Так, пэўную інертнасць ламаць давялося не адзін месяц. Зараз снежаньская абарона планаў работы сельскіх устаноў пачынаецца рэплікамі клубнікаў “А мы хацелі б вось што...”, “А давайце зробім так...”… Потым намечанае начальнік аддзела абараняе на ўзроўні старшыні райвыканкама Алега Пінчука. Дарэчы, такая нарада прайшла літаральна днямі.

— І не планы мы на ёй абараняем, а праекты, — кажа Інга Журомская. — Праект, асабліва — доўгатэрміновы, патрабуе прыцягнення ўсіх творчых сіл. А паколькі мы імкнёмся пад час аптымізацыі да стварэння, так бы мовіць, сацыякультурных цэнтраў, дзе пад адным дахам — бібліятэка, клуб, філіял ці клас ДШМ, філіял Раённага дома рамёстваў, дык доля ўдзелу кожнай структуры ў творчай акцыі — роўная. І, як паказвае практыка, асаблівых фінансавых укладанняў нашы праекты, нават надзвычай цікавыя, не патрабуюць...

“Ёлка-фэст” і 300 мільёнаў рублёў

Але ў тым, што праектная дзейнасць, безумоўна, пашырае пазабюджэтныя магчымасці аддзела культуры, у Докшыцах ужо ніхто не сумняваецца. І было б несправядліва не згадаць цяпер апошнюю доўгатэрміновую кніжную акцыю “Бібліятэка па-за сценамі”. Па словах дырэктара ЦБС Ірыны Карэпанавай, аддзел бібліятэчнага маркетынгу рэалізуе праект з 2010 года. Ён, сапраўды, разлічаны на “заваяванне” гарадскіх вуліц і скверу. Тут адкрываюцца прэс-кавярні для дзяцей. Шпацыруюць кніжныя персанажы, з якімі можна сфатаграфавацца. Працуюць кніжныя выстаўкі, дзе можна займець свой чытацкі фармуляр. Гэтак жа “навязліва” ды эфектыўна крэатывяць і сельскія кніжнікі.

У выніку беспраблемна выконваецца план па аказанні платных паслуг, пашыраецца кола чытачоў, павялічваецца і сфера бібліятэчнага ўплыву. Дзіцячая бібліятэка ладзіць у сябе заняткі нядзельнай школкі, праект называецца “Добрае слова”. Пры ЦБС неўзабаве адкрыюцца камп’ютарныя курсы для пенсіянераў. А на сяле з’явяцца два філіялы мультымедыйнага цэнтра, што даўно і вынікова дзейнічае пры Раённай дзіцячай бібліятэцы...

На роўных з бібліятэкарамі крэатывяць цяпер не толькі работнікі клубаў і СДК. Дырэктар ДШМ Вольга Сушко распавяла, што з мінулага года пры ўстанове дзейнічае праект “Школа ранняга развіцця”, аналагаў якога ў рэспубліцы няма. Сутнасць яго папярэджвае магчымы вучнёўскі адсеў са школы мастацтваў. На, так бы мовіць, падрыхтоўчае аддзяленне летась было набрана дзесяць чатырохгадовых дзяцей. Выкладчыкі ДШМ па ўласных праграмах займаюцца з імі музычным выхаваннем. Урокі праходзяць у нядзелю ў прысутнасці бацькоў. Месячны кошт такога выхавання — 40 тысяч рублёў. Вольга Сушко ўпэўнена, што ў выніку трохгадовага выхавання “выпадковых” навучэнцаў у ДШМ не будзе. Дарэчы, сёлетні набор “...ранняга развіцця” павялічыўся больш чым удвая.

А клубнікам пад час навагодніх святаў райметадцэнтр прапанаваў месячны праект “Ёлка-фэст”. Гаворка — не толькі пра ранішнікі ды святочныя вечары, але і пра абавязковую жанравую вучобу ў РМЦ кіраўнікоў фальклорных і тэатральных калектываў раёна. Нездарма ў Докшыцах Цэнтр не толькі метадычны, але і навучальны...

Канешне, грошай на набыццё новай камп’ютарнай і музычнай апаратуры па-ранейшаму не хапае, ноўтбукі ў клубах — досыць рэдкая з’ява, а суперсучасная музычная ды светлавая апаратура ёсць хіба толькі ў філіяле ГЦК — Кінаканцэртнай зале “Іскра”. Тым не менш, старшыня райвыканкама Алег Пінчук адзначыў крэатыўнасць усіх структур аддзела культуры і абвясціў у снежні мінулага года, што на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы будзе выдаткавана з раённага бюджэту 300 мільёнаў рублёў.

Каля сарака мэтавікаў і завочнікаў

Апошняя камандзіроўка на Докшчыччыну яшчэ раз пераканала: сярод агульнарэспубліканскіх праблем нашых аддзелаў адной з хваравітых падаецца пэўная інфармацыйная ізаляцыя работнікаў культуры, якія іншым разам не ведаюць, што за пытанні даводзіцца вырашаць іхнім калегам з іншых абласцей. І тут да месца нагадаць: “Выпісвайце і чытайце “Культуру”!” Іншай крыніцы сістэмнага пастаяннага міжраённага і міжабласнога інфармавання пакуль проста не існуе. На Докшыччыне я неаднойчы чуў пра тое, што курсы ўдасканалення, да прыкладу, у Інстытуце культуры Беларусі, павінны мець больш прыкладны практычны характар. Нашым сельскім работнікам культуры хранічна бракуе, скажам, ведаў менавіта па арганізацыі планавай праектнай дзейнасці, у тым ліку і з выхадам на самыя розныя замежныя фонды...

Культасветработнікам Докшыцкага раёна пашанцавала: кіраўнік краю ў свой час скончыў Інстытут культуры. Цудоўна ведае, што замацаванне маладых спецыялістаў — прэрэгатыва мясцовых улад. Прынамсі, праблемы з жытлом для згаданай катэгорыі працаўнікоў у раёне не існуе. Таму і асаблівай кадравай ратацыі няма. Больш за тое: на сёння, як распавядае начальнік аддзела культуры, вучыцца 17 мэтавікаў і больш як 20 завочнікаў. І вучаць іх, асабліва ў БДУКіМ, вельмі няблага. У праектных тэхналогіях выпускнікі ды студэнты арыентуюцца ўпэўнена. Менавіта на глебе вось такой прафесійнай дасведчанасці і “прараслі” шматгадовыя праекты, якія рэалізоўваюцца цяпер сіламі ўстаноў культуры не адной вёскі, а цэлага сельсавета, да прыкладу, Крыпульскага, дзе аб’ектам увагі бібліятэкараў і клубнікаў сталі вясковыя лазні. Інакш кажучы, праект “З лёгкай парай, землякі!” прэтэндуе стаць чарговай тэмай для асобнага артыкула “К”...

І апошняя, але немалаважная дэталь кадрастымулюючага механізма. Кожную крэатыўную ідэю “знізу” аддзел культуры матэрыяльна стымулюе мільённай прэміяй, вышуканай з эканоміі бюджэтных сродкаў. Карацей кажучы, выдумляць і тварыць на Докшыччыне становіцца не толькі модна, але і выгадна. І цяпер, напэўна, становіцца зразумела, чаму межы раёна для мясцовых культасветнікаў сталі цеснымі: папраўдзе амбіцыйны праект патрабуе міжнароднага творчага прарыву.

А выснова першай часткі артыкула адназначная: галоўная тэндэнцыя сённяшняга развіцця культуры Докшыцкага раёна — актыўная праектная дзейнасць. Праўда, ідзе тут аддзел сваім шляхам, набівае пры гэтым свае гузакі, аднак і атрымлівае пры гэтым свой аўтарытыт ды свой непадманны поспех.

У другім матэрыяле рубрыкі -- пра новыя праекты аддзела культуры Докшыччыны.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"