“Летапіс” асабістай зоны

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Хаця студыя “Летапіс” даўно не з’яўляецца адзіным месцам у нашай краіне, дзе займаюцца неігравым кіно, само паняцце “кінадакументалістыка” і сёння звязваецца з гэтым знакамітым падраздзяленнем “Беларусьфільма”. Цягам мінулага года яго супрацоўнікі стварылі 24 стужкі, многія з якіх сапраўды маюць права на ўвагу шырокай аўдыторыі. Большая частка новай прадукцыі “Летапісу” — фільмы-партрэты нашых сучаснікаў і выбітных дзеячаў мінулага. Засяроджанне на асобе — прыкмета аўтарскага почырку цяперашняга “Летапісу”, якая не можа застацца па-за ўвагай.

Дакументалістыка паспяхова вытрымлівае канкурэнцыю з боку тэлебачання і ніколі не будзе мець альтэрнатывы ў якасці сродку мастацкага асэнсавання рэчаіснасці — менавіта такую выснову можна зрабіць пасля прагляду новых фільмаў “Летапісу”. Засяродзіўшыся на асобе і яе непасрэдным атачэнні, беларускія дакументалісты, тым не менш, распавядаюць пра грамадства і акаляючы свет куды больш і глыбей, чым самыя падрабязныя навуковыя даследаванні і статыстычныя абагульненні. У часы культу індывідуальнасці, засяроджанасці чалавека на асабістых праблемах, буйны план і назіранне як асноўныя мастацкія прыёмы аказаліся ці не самымі эфектыўнымі.

У “Печніку” Алы Вольскай, “Забраным краі” Юрыя Цімафеева, “Залатым вяселлі” Уладзіміра Дашука адлегласць паміж камерай і героем — мінімальная. Дакументалісты здолелі ўвайсці ў інтымную зону нашых сучаснікаў і, кожны — з розным вынікам, распавесці іх асабістыя гісторыі. Лепш за іншых гэта атрымалася ва Уладзіміра Дашука. Яго партрэт гаспадара хутара, які змяніў тлумны горад на памяркоўнае вясковае жыццё, нечакана ператвараецца ў драматычную гісторыю мужчыны і жанчыны. Цікавы ўнутраны канфлікт і вылучае “Залатое вяселле” сярод фільмаў-партрэтаў “Летапісу”.

У “Варвараўскай свечцы” Вольгі Дашук ніякага канфлікту, нібыта, няма. Ёсць просты па форме аповед пра народны абрад у вёсцы Басценавічы Мсціслаўскага раёна, што не так даўно быў унесены ў Спіс нематэрыяльных каштоўнасцей Беларусі. Але аўтару ўдалося перадаць трапяткую далікатнасць унікальнага абраду, памяць пра які падтрымлівае толькі некалькі жанчын сталага веку.

Менавіта ўменне знайсці драматычны канфлікт у будзённым жыцці вылучае найбольш удалыя дакументальныя стужкі. Зразумела, задача стваральнікаў фільма значна палягчаецца, калі герой назірання нечым адрозніваецца ад звычайных членаў грамадства. Сярод новых карцін “Летапісу” пра “незвычайных” трэба вылучыць работы Кацярыны Махавай. Яе героі — людзі з абмежаванымі магчымасцямі. У “Гісторыі Лёшы Крэчата” паказаны цалкам сляпы малады чалавек, які, аднак, вядзе практычна паўнавартаснае жыццё. У стужцы “Асобы тэатр. Пошукі шчасця” камера назірае за гастролямі аматарскай трупы, акцёры якой маюць асаблівасці псіхічнага развіцця. Дакументалісту ўдалося не проста паказаць людзей, што звычайна знаходзяцца па-за ўвагай грамадства, але і перадаць драматызм іх існавання.

Тое, што здолела зрабіць рэжысёр, якая не так даўно хадзіла ў пачаткоўцах, не ўдалося яе больш сталым калегам. “Неверагодная Бенька” Галіны Адамовіч і “Мікалай Пінігін. Мяне няма” Віктара Аслюка — фільмы-партрэты салісткі папулярнага гурта “Сярэбранае вяселле” і мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра. Метад назірання ў дадзеных выпадках не спрацаваў: нічога істотна новага ні пра Святлану Бень, ні пра Мікалая Пінігіна ў стужках няма. Аўтары разглядаюць гэтых цікавых творцаў як асоб, не спрабуючы асэнсаваць тыя мастацкія з’явы, якія яны з сябе ўяўляюць. Куды больш удалым у Галіны Адамовіч атрымаўся фільм “Першы” — пра галоўнага трэнера Нацыянальнай зборнай па веславанні на байдарках і каноэ Уладзіміра Шантаровіча. У дадзеным выпадку поспеху карціны спрыяла і эмацыйная харызматычнасць удала абранага галоўнага героя.

Сярод новых партрэтаў “Летапісу” шмат аповедаў пра творчых асоб. Цікавай падаецца стужка “Прастора Яўгена Лысіка” Наталлі Жамойдзік, што апавядае пра знакамітага сцэнографа, паўнавартаснага сааўтара шэдэўраў Валянціна Елізар’ева. Традыцыйныя для біяграфічнага фільма інтэрв’ю ўдала ўпісаліся ў кантэкст падрыхтоўкі сцэны да новага спектакля. Такім чынам, у стужцы ёсць не толькі інфармацыя пра творчасць выбітнага тэатральнага мастака, але і адчуванне атмасферы, у якой той працаваў.

Кінапартрэты кампазітара Андрэя Мдзівані, галоўнага мастака Дзяржаўнага беларускага тэатра лялек Валерыя Рачкоўскага і прымы Вялікага тэатра Аксаны Волкавай атрымаліся больш рэпартажнымі. Гэта зразумела, бо галоўныя героі стужак асабіста прысутнічаюць у кадры. Тым не менш, карыфею “Летапісу” Міхаілу Жданоўскаму ў карціне “Семдзесят пятая восень Андрэя Мдзівані” ўдалося добра перадаць рысы характару знакамітага кампазітара. А Ірына Волах і Наталля Жамойдзік здолелі, кожная — у сваёй стужцы, зафіксаваць чалавечае абаянне ды прафесійнае майстэрства асоб, пра якіх вялі аповед.

Сустрэцца асабіста з гістарычнымі персанажамі беларускай культуры, зразумела, немагчыма. Таму жыццё Людвіка Кандратовіча і Ігната Канчэўскага ў кароткім, але годным пераказе Яўгена Сяцько (“Вандроўкі пана Кандратовіча”) і Ірыны Волах (“Адвечным шляхам”) грунтуецца на вытрымках з дакументаў, кінахроніцы і фотаздымках.

Большасць створаных у мінулым годзе стужак “Летапісу” адрознівае невялікая працягласць: да 15 хвілін. Падаецца, менавіта гэтая акалічнасць ідзе на карысць некаторым з іх. Больш працяглым карцінам, перанасычаным інфармацыяй, кшталту мантажнага фільма Яўгена Сяцько і Уладзіміра Мароза “Беларусь. 4 гады вайны” і дакументальнага дэтэктыву Анатоля Алая “Без тэрміну даўнасці. Бумеранг-2”, відавочна бракуе драматургічнай логікі, хоць іх аўтары апрацавалі неверагодную колькасць архіўнага матэрыялу і зрабілі вялікі ўклад у лепшае разуменне самых цяжкіх старонак нашага мінулага.

Зрэшты, моц аўтарскіх выказванняў сучаснага “Летапісу” грунтуецца на кароткіх, “уключаных” назіраннях. Такіх, як “Доктар клоўн” Юрыя Цімафеева — вельмі эмацыйная замалёўка пра вандроўных артыстаў, якія прыходзяць на дапамогу хворым дзеткам. У дадзеным выпадку дакументаліст выступае ў ролі не толькі летапісца ды старонняга назіральніка, але і чалавека, які спачувае. Прынамсі, менавіта такая дакументалістыка падаецца нам самай каштоўнай.