Падтэксты Фабержэ

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Нацюрморты, габелены і… адзінаццаць рам

Звычайна мастакі для завершаных жывапісных твораў рамы шукаюць. Падбіраюць іх так, каб яны стасаваліся па сваім колеры, па форме. А гамяльчаніну Арсенію Двароніну давялося рабіць усё наадварот.

— Так здарылася, — распавядае ён,— што я стаў уладальнікам адзінаццаці старадаўніх царкоўных рам. Вось і ўзнікла думка, як іх лепш выкарыстаць: неяк сама сабой прыйшла ідэя стварыць серыю карцін па матывах знакамітых яек Фабержэ...

Адразу ж зазначым, што Арсеній Міхайлавіч выдатна здолеў ажыццявіць сваю задуму. Для гэтага давялося і самі карціны дастасоўваць да рам, і пісаць так, нібыта яны заўжды былі ў іх і нават старыліся адначасова. Хапіла не толькі таленавітага майстэрства, але і зрокавага, пачуццёвага ўяўлення. І тут варта нагадаць, што знакамітая серыя ювелірных вырабаў яек Фабержэ стваралася на працягу 1885 — 1917 гадоў для расійскай імператарскай сям’і і прыватных пакупнікоў. Яны вырабляліся з золата, срэбра, каштоўных камянёў. Выкарыстоўваліся шматлікія эмалі. Традыцыйна ўнутры кожнага яйка ўтрымліваўся нейкі сюрпрыз. А на саміх — мініяцюрныя партрэты, выявы… Арсеній Дваронін піша свае асацыяцыі паводле асобных з іх (хаця і вельмі пазнавальныя), стварае жывапісны фон адпаведнага каларыту ды зместу.

/i/content/pi/cult/408/8344/9-2.jpeg

Увогуле, схільнасць да пэўнай дакументальнасці, прадметнасці жывапісу Арсеній Дваронін вельмі натуральна спалучае з фантастычнай сюжэтнасцю і нават з пэўнай вычварнасцю дэталей, вобразаў, іроніяй, іншасказаннем. І тут ужо не здзіўляешся, што адзін з самых вялікіх — трохстворкавы — твор яго называецца “Спакушэнне Босхам”. У ім сапраўды ідзе таленавіты перазоў з творамі гэтага сусветна вядомага нідэрландскага жывапісца. Зрэшты, у час размовы Арсеній Міхайлавіч не хаваў свайго захаплення фантастычным талентам Босха. Міжволі падумалася: ці не ад босхаўскіх шматфігурных алегарычных кампазіцый на тэмы народных прымавак і прыказак — дваронінскія карціны “Зіма” , “Лета”?..

Але мастак не ілюструе — ён нібыта піша жывапісныя падтэксты. Зрэшты, і самі прымаўкі можна прачытаць: “Добрыя жорны ўсё перамелюць”, “Не капай яму іншаму…”, “Баба з воза — каню лягчэй”. Прынамсі, у карціне “Лета” бачым нават указальнік з напрамкамі сэнсаў тых або іншых прымавак.

Адразу ж відаць, што Арсеній Міхайлавіч няўрымслівы ў сваіх творчых пошуках і знаходках. А шыкоўныя нацюрморты красамоўна сведчаць пра жывапісны талент рамантычнага рэаліста (“Букет у шкляной вазе”, “Свята ў Нясвіжы”, “Кветкі ў кітайскай вазе”). Да таго ж, ягонае майстэрства дазваляе, у прыватнасці, перадаць не толькі вонкавае, але і часавае адчуванне старажытных фрэсак. Адзін з твораў так і называецца: “Старая фрэска”. Далучыўся ён і да таго жанру мастацтва, якім цудоўна валодае жонка Ірына Данілава, — габелена. На выстаўцы ў Светлагорску мы бачым настраёва пераканаўчую “Элегію”. Але найбольшы поспех у гэтым вельмі працаёмкім жанры па праве належыць таленту Ірыны Мікалаеўны. Сапраўдным упрыгожаннем дзвюхзалавай экспазіцыі ў карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава стаў яе вялікі габелен “Палеская рапсодыя”, адзначаны шматлікімі дыпломамі на рэспубліканскіх конкурсных выстаўках, які і даў назву гэтай цікавай сямейнай экспазіцыі. Яна стала такой і ў многім дзякуючы творам мастачкі ў жанры батыку (“Лета”, “Восень”, "Ракавінкі”, “Птушкі ў горадзе”, “Вялікдзень”). Усе яны вольна, але надзвычай цэласна скампанаваны, прасякнуты мяккім жывапісным святлом. Знітаванасцю кампазіцыйных і каларытных магчымасцей радуе габеленавы дыптых “Паркавы матыў” і “Паляванне”.

/i/content/pi/cult/408/8344/9-1.jpeg

Выстаўка выклікала непадробную цікавасць у светлагорцаў і гасцей горада. Трэба было бачыць, з якім захапленнем распытвалі яны шаноўных творцаў пра тыя або іншыя асаблівасці іх мастакоўскіх прыхільнасцей! І тут вельмі дарэчы быў шматгадовы педагагічны вопыт Ірыны і Арсенія, якія выкладаюць у Гомельскім мастацкім вучылішчы пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў…

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск