Срэбраныя “…Вечары” з Залатой лірай

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

У Брэсце пад апладысменты італьянскім тэнарам завяршыўся ХХV Міжнародны фестываль “Студзеньскія музычныя вечары”. У прывітальным адрасе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка назваў “…Вечары” цудоўнай культурнай акцыяй, якая выхоўвае людзей на лепшых узорах сусветнага мастацтва і садзейнічае ўмацаванню дружбы між народамі.

Юбілейны фестываль прымаў удзельнікаў з Расіі, Украіны, Малдовы, Казахстана, Літвы, Латвіі, Арменіі, Польшчы, Венгрыі, Германіі, Італіі, Карэі, Кітая ды іншых краін свету, упершыню — з Даніі і Бельгіі. Сёлета юбілейны форум гасцінна вітаў больш за шэсцьсот чалавек і, канешне ж, адкрыў Брэсту новыя імёны. У праграме кожнага “…Вечара” толькі і гучала: “На фестывалі ўпершыню…” Прычым гэтыя словы датычыліся не толькі выканаўцаў, але і твораў. Так, упершыню на свяце класічнай музыкі брэстчане пачулі буйны духоўны твор “Stabat Mater” італьянскага кампазітара Д.Пергалезі. Яго выканалі выдатныя салісткі Пермскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя П.І. Чайкоўскага — Надзея Бабінцава і Ірына Крыкунова разам з дзіцячым хорам Мінскай музычнай школы № 10 і сімфанічным аркестрам Белдзяржфілармоніі (дырыжор — Аляксандр Анісімаў).

/i/content/pi/cult/408/8343/8-3.jpeg

Дарэчы, салісткі і дзеці таксама выступілі ўпершыню на фестывалі, як і Юрый Бліноў, у дачыненні да якога нязменны дырэктар фэсту Лілія Батырава адзначыла:

— Пачуць піяніста такога сусветнага ўзроўню, першага беларуса, які даў сольны канцэрт у Карнэгі-холе, — шчасце!

Між іншым, згаданы канцэрт, што адбыўся ў верасні 2006 года ў знакамітай амерыканскай канцэртнай зале, быў прызам, які Юрый атрымаў як пераможца Конкурсу імя Ф.Шапэна ў Тэхасе. А вось прэстыжную прэмію — раяль Steinway Юрый Бліноў выйграў на конкурсе Асацыяцыі педагогаў фартэпіяна Амерыкі. Але ж знакавым для яго спаборніцтвам стаў Першы Міжнародны конкурс імя С.Пракоф’ева ў Санкт-Пецярбургу. Тады яму было сямнаццаць. З конкурсу і пачалося ўзыходжанне на музычны Алімп ураджэнца беларускага Драгічына.

Адным з дыяментаў фестывалю была і народная артыстка Грузіі, народная артыстка СССР непераўзыдзеная Ліяна Ісакадзэ. Яна выканала Канцэрт П.Чайкоўскага для скрыпкі з аркестрам разам з Дзяржаўным сімфанічным аркестрам Беларусі. Знакамітая скрыпачка з сусветным імем, як і пад час сваіх папярэдніх выступленняў у Брэсце, уразіла сваёй віртуознасцю, бездакорным пранікнёным выкананнем, рэдкім па прыгажосці пявучым гукам. Дарэчы, на пытанне, скрыпка якога майстра дапамагае ёй адкрываць сваё поўнае любові да музыкі сэрца, яна з усмешкай адказала: “Гэта мой сакрэт!”.

Ганаровым удзельнікам “…Вечароў” па праве лічыцца народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў. Ён прыязджаў амаль на ўсе фестывалі ў якасцях піяніста, арганіста, акампаніятара. Прычым яшчэ ні разу ягоныя праграмы не паўтарыліся! Вось і сёлета маэстра бліскуча выканаў Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам Ф.Ліста разам з сімфанічным аркестрам Брэсцкага музычнага каледжа імя Р.Шырмы пад кіраўніцтвам Людмілы Жабінскай.

Жаданым удзельнікам “Студзеньскіх музычных вечароў” без сумневу можна назваць прафесара Італьянскай Акадэміі флейты, першую флейту опернага тэатра ў Рыме Антоніа Амендуні. “Я люблю Брэст”, — прызнаўся публіцы на рускай мове музыка, які ў пяты раз удастоіў сваёй увагай фэст. Уявіце: пасля трохтыднёвых гастролей па гарадах Кітая ён адразу ж прыехаў у Брэст, каб сустрэцца з любімай публікай…

/i/content/pi/cult/408/8343/8-4.jpeg

На сцэне з Антоніа Амендуні зноў выступіў камерны аркестр “Акадэмія” з Львова, зачараваўшы залу ідэальным выкананнем і тонкай філіграннай нюансіроўкай “Кармэн-фантазіі”. У калейдаскопе на працягу невялікага адрэзку часу папраўдзе пранесліся сцэны славутай оперы! А папярэднічала ж выступленню ўсяго адна рэпетыцыя!

— Нашаму аркестру больш за 50 гадоў, — сказаў кіраўнік і канцэртмайстар аркестра, народны артыст Украіны, прафесар Артур Мікітка. — За гэты час мы выступалі з выбітнымі музыкантамі. Наша мара — прывезці ў Брэст твор Ё.Гайдна “Сем слоў Хрыста”…

/i/content/pi/cult/408/8343/8-5.jpeg

Узнёслая атмасфера “…Вечароў” вабіць. Многія артысты прызнаюцца, што хацелі б яшчэ раз пабываць у Брэсце. Народнаму артысту Беларусі Міхаілу Казінцу давялося разоў пятнаццаць выступаць на фестывалі з аркестрам “Маладая Беларусь”. А сёлета маэстра дырыжыраваў родным яму Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам краіны імя І.Жыновіча, чыя праграма стала ўпрыгожаннем юбілейнага фестывалю. Велізарнае задавальненне прынесла выступленне Нацыянальнага дзяржаўнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча — перліны нацыянальнай культуры.

Слухачы цёпла сустракалі і іншых добра знаёмых артыстаў: салістку Кіеўскага тэатра аперэты Саламею Прыймак, лаўрэата леташніх міжнародных конкурсаў “Бельканта”, “Мансерат Кабалье” Марыну Начкебія, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Польшча, арт-дырэктара Міжнароднага вакальнага конкурсу “Бельканта” Ганну Самсон, таленавітага піяніста з Германіі, прафесара Барыса Блоха. Вялікі дзякуй пастаянным удзельнікам фэсту — камернаму аркестру абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Аляксандра Мартыненкі і сімфанічнаму аркестру Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, які ўзначальвае Аляксандр Сасноўскі. Самыя ж першыя апладысменты слухачоў форуму дасталіся аркестравым, інструментальным, харавым калектывам і салістам Брэсцкага музычнага каледжа імя Р.Шырмы.

Сюрпрызам фестывалю ўсе называюць вядомага мастацтвазнаўцу і тэлевядучага Святаслава Бэлзу. Майстра канферансу падаўся і абаяльным апавядальнікам. Ён акрэсліў музычныя традыцыі ў горадзе над Бугам: у свой час сюды прыязджаў Міхаіл Глінка, сто гадоў таму у Брэсце даў сольны канцэрт Сяргей Рахманінаў, васямнаццаць разоў тут бываў піяніст Святаслаў Рыхтэр...

А заключны акорд “…Вечароў” выклікаў сапраўдны шквал эмоцый: тры тэнары — Матэа Бертарэлі, Даменіка Стасі і Рабэрта Косці — весела, з шыкам, спявалі “Застольную песню” з “Травіяты”. Лепшага фіналу і не прыдумаць!

Як водзіцца, на свяце не абышлося без прызоў. Шэраг удзельнікаў атрымаў узнагароды ад Беларускага саюза музычных дзеячаў. Ад фонду імя Ірыны Архіпавай Ліліі Батыравай уручылі сярэбраны медаль. Ганаровыя ўдзельнікі фестывалю атрымалі, акрамя дыпломаў, элегантную статуэтку — Залатую ліру, якую начальнік абласнога ўпраўлення культуры Сяргей Панасюк тут жа ахрысціў “брэсцкім Оскарам”. Юным жа талентам з розных краін дасталіся памятныя ўзнагароды з паруснікам на п’едэстале і красамоўным надпісам — пажаданнем “Шчаслівай дарогі!”.

Алена КАПАЧОВА

Брэст

Фота Мікалая ЧАБЕРКУСА і Валерыя КАРАЛЯ