Расла ў тэатры “ёлачка”... Грашовая, а ці якасная?

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Дзесьці атрымаўся "хіт", а дзесьці — "ранішнік" ад слова "раней"

Навагоднія святы, памножаныя на зімовыя канікулы, — сапраўднае эльдарада дзіцячых ранішнікаў. Якімі ж атрымаліся сёлета прэм’ерныя спектаклі? Што цікавага падрыхтавалі для маленькіх гледачоў тэатры і творчыя калектывы?

Леташні такі агляд (гл. “К” № 1 за 2012 г.) не прынёс асаблівай радасці: праблем з дзіцячым рэпертуарам і яго ўвасабленнем было куды больш, чым мастацкіх здабыткаў. Тым больш прыемна было бачыць сёлета зрухі ў лепшы бок: і новых пастановак відавочна паболела, і якасць іх палепшылася. Але адсутнасць абсалютнага крызісу яшчэ не азначае, што можна супакоіцца канчаткова. Бо галоўнай праблемай застаецца ўсё тая ж: дзе ўзяць добрую казку?

Дубль два, тры, пяць…

Выйсцяў, вядома, некалькі. Адно з фінансава ашчадных — паўтарыць леташні спектакль. Калі ён папраўдзе цікавы, дык выгода ад такіх паўтораў — не толькі грашовая. Беражліва ставячыся да “часовых” праектаў і аднаўляючы іх, што называецца, “у сезон”, мы тым самым узводзім побытавыя, прыкладныя рэчы ў ранг мастацтва, якое, як вядома, апелюе да вечнага. Праўда, кожнае падобнае аднаўленне, у ідэале, павінна спалучацца хаця б з мінімальным “перачытаннем” і, адпаведна, некаторым рэдагаваннем ранейшай задумы.

Менавіта такога “перагляду”, здаецца, не хапіла Беларускаму дзяржаўнаму акадэмічнаму музычнаму тэатру, калі праз год ён вярнуўся да леташняга спектакля “Чароўны гадзіннік, або Хто выратуе Новы год?” з музыкай Алены Атрашкевіч. Пастаноўка, безумоўна, — цікавая і крэатыўная, але за год неяк можна было, пэўна, “змікшыраваць” сюжэтныя “несупадзенні”, давёўшы гэты мюзікл-фэнтазі да абсалютнай дасканаласці. Відавочна, тэатру папросту перашкодзілі затрымкі з рамонтнымі работамі ў будынку, з-за чаго давялося карэктаваць усе планы на сезон, перасоўваючы прэм’еры на пазнейшыя тэрміны. Але ж Новы год не зрушыш!

Вельмі хацелася б прадоўжыць жыццё сёлетняй філарманічнай пастаноўкі “Чароўнае заклінанне мадам Завеі”, надта сціпла названай “навагоднім прадстаўленнем”. Бо ўсё тая ж Алена Атрашкевіч стварыла сапраўдны мюзікл, дзе героі маюць свае лейттэмы, вобразы дадзены ў развіцці, ёсць шмат цікавых інструментальных фрагментаў і што ні нумар — бясспрэчны хіт. Настолькі “хітовы”, што я і дагэтуль не магу “адвязацца” ад запамінальна-прыцягальных, “нязбітых” мелодый, бо тыя ўсё круцяцца ў галаве. Апошняму садзейнічаюць і такія ўласцівыя лепшым мюзіклам прыёмы, як паўтор найбольш яркіх мелодый, разнастайнасць жанравых вытокаў і музычных форм, складанасць гарманічных сродкаў, нешараговая аранжыроўка Ільі Палякова з лёгкай джазавай стылізацыяй.

Каб адчуць сябе руплівымі гаспадарамі, а не “раскідухамі”, трэба, па-першае, запісаць музыку “Чароўнага заклінання…” на радыё. Па-другое, падумаць, як скарэктаваць казку, каб яна стала рэпертуарнай, а не “разавай”. Па-трэцяе, спланаваць варыянт пастаноўкі (рэжысёр — Ганна Маторная) на малой сцэне, з мінімумам дзеючых асоб і дэкарацый (хаця цяперашняя сцэнаграфія выхаванца Акадэміі мастацтваў Мікіты Шаршнёва — адметна філарманічная, яна быццам “працягвае” ідэю арганных трубак, якімі “ўпрыгожана” сцэна). Такі спектакль можна будзе “пракатваць” на розных пляцоўках, у тым ліку рэгіянальных.

Дарэчы, шматгадовы прыклад сталічнай філармоніі працягваюць падхопліваць у абласцях. У прыватнасці, Магілёўская абласная філармонія падрыхтавала “Куфэрак навагодніх цудаў, або Штукарствы Снежнай каралевы”, дзве вакалістаў дапоўнілі нумары Тэатра танца “Тэт-а-тэт”, цыркавыя выступленні дрэсіраваных жывёл. Аўтарам праекта выступіла галоўны рэжысёр філармоніі Тамара Залешчанка, стварыўшы па матывах вядомых казак музычнае шоу.

Прэм’ера плюс …

У многіх жа тэатрах, наадварот, замест падобных рэвю прапаноўвалі звычайную прэм’еру (а ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек увогуле сабралі лепшыя дзіцячыя спектаклі розных гадоў), дапоўніўшы гэта карагодамі вакол ёлачкі ў фае. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага спыніўся на “Чароўных пярсцёнках Альманзора” Т.Габэ. Рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Кавальчык стварыў удалую творчую групу, і відовішча ўпрыгожылі не толькі сцэнаграфія ды фантазійныя строі Алы Сарокінай, але і надзвычай яркая, маляўніча “партрэтная” харэаграфія Вольгі Скварцовай-Кавальскай і папраўдзе “смачная”, не менш пластычна выразная музыка Цімура Каліноўскага, якая можа прэтэндаваць на самастойнасць у выглядзе сюіты. Але над фіналам спектакля хацелася б “паваражыць” пабольш — у сэнсе больш глыбіннага пераасэнсавання п’есы, напісанай у савецкія часы паводле французскай казкі ХІХ стагоддзя. Бо паводзіны “злой” Аўгусты надта добра чытаюцца “паводле Фрэйда”: ну хоча яна шлюб узяць — што ж тут дрэннага?

“Стойкаму алавянаму салдаціку”, пастаўленаму Святланай Навуменка ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі яшчэ на пачатку сезона, з музыкай пашанцавала менш. Бо мелодыі высокай класікі, выкладзеныя як эстрадныя “песенькі” герояў, зніжаюць уражанне ад добрых акцёрскіх работ. Спектакль міжволі вымушае ўзгадваць, прычым не на карысць прэм’еры, аднайменную дзіцячую оперу расійскага кампазітара Сяргея Баневіча, што неаднойчы ставілася ў нас на прафесійнай і аматарскай сцэнах.

У “Шчаўкунку”, днямі ўвасобленым Паўлам Марынічам у Палескім драматычным тэатры паводле ўласнай інсцэніроўкі, тэкст казкі Гофмана спалучаны з музыкай Чайкоўскага. Пастаноўшчыкі імкнуліся стварыць светлую казку-ідылію для дзяцей і бацькоў, дзе гармонія сямейных стасункаў дазваляе гераіні не балансаваць на мяжы мары ды рэальнасці, а папросту верыць у цуды, якія збываюцца, асабліва — на Каляды…

Ад скокаў адмаўляліся...

“Вакол-ёлачныя” скокі з Дзедам Марозам — асобная тэма. Часцей яны ставяцца зусім іншай групай і ніяк не звязаны з самім спектаклем. Але ўвагі заслугоўваюць іншыя прыклады — своеасаблівых “пралогаў” і “эпілогаў”. Сталічны ТЮГ далучыў да прэм’еры “Вясёлага Роджара” адпаведны “ўступ” з пірацкай тэмай, які ўдала настройвае на будучае дзеянне (праўда, спектакль аказваецца не столькі пра піратаў, колькі пра… каханне). У філармоніі ж, на жаль, адмовіліся ад ранейшых карагодаў з героямі прагледжанай пастаноўкі: у фае дзятву чакаюць зусім іншыя персанажы, што часам выклікае непаразуменне. А чаму б не сумяшчаць абодва варыянты? Да пачатку — настройваць на спектакль, дазваляючы сабрацца ўсім, хто спазняецца (бацькам — аддыхацца, гарэзам — “выпусціць пару”). Пасля — працягнуць знаёмства з акцёрамі на яшчэ больш блізкай адлегласці, што раўназначна запрашэнню за кулісы і звычайна ўражвае юных гледачоў не менш за спектакль. Такая “трохчасткавасць” (фае — зала — фае) дапаможа і стварэнню ўласна тэатральнай атмасферы, пабудаванай не на крыку, што ідзе са сцэны і “патанае” ў зале, дзе таксама пачынаюць шумець, а — на інтанацыях душы…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"