Эканоміка пачынаецца з “народнай дыпламатыі”

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Дыяпазон кантактаў: ад “Песняроў” да Эміра Кустурыцы

15 студзеня Прэзідэнт Рэспублікі Сербія Таміслаў Ніколіч прыняў Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у гэтай балканскай краіне — Уладзіміра Чушава. Сярод іншага, пад час сустрэчы абмяркоўваліся і пытанні развіцця культуры.

Нагадаем, напрыканцы мінулага года з афіцыйным візітам нашу краіну наведаў міністр культуры і інфармацыі Рэспублікі Сербія. У рамках візіту адбылося падпісанне Праграмы супрацоўніцтва ў галіне культуры і мастацтва паміж Міністэрствам культуры Беларусі і Міністэрствам культуры і інфармацыі Сербіі на 2012 — 2017 гады.

Пра тое, якім чынам развіваецца супрацоўніцтва ў галіне культуры паміж Сербіяй і Беларуссю, а таксама аб далейшых планах па актывізацыі гэтых кантактаў карэспандэнту “К” распавёў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Сербіі Уладзімір ЧУШАЎ.

— Спадар Пасол, якім чынам можна на сённяшні дзень ахарактарызаваць двухбаковыя кантакты паміж дзвюма краінамі?

— Вядома ж, беларуска-сербскія адносіны — даўнія, сягаюць у глыбіню стагоддзяў і будуюцца на моцным фундаменце духоўных і культурных сувязей. Напрыклад, Беларусь і Сербію збліжаюць славянскае пісьменства, праваслаўе, гістарычныя карані ды многае іншае. Да слова, вядомы гістарычны дзеяч Сямён Зорыч, які напрыканцы XVIII стагоддзя валодаў беларускім горадам Шклоў, нарадзіўся ў Сербіі. А не так даўно адна з яго нашчадкаў — Вольга Зорыч, якая з’яўляецца намеснікам старшыні райсавета Земуна (горада-пабраціма Нясвіжа), — наведала Беларусь.

Кантакты нашы на сённяшні дзень развіваюцца даволі плённа. А пачатак узаемаадносін у сферы культуры на сучасным этапе быў пакладзены яшчэ ў 1996-м, калі Беларусь і тагачасная Югаславія падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, культуры і спорту. У 2005-м у Сербіі прайшлі Дні культуры Беларусі. Прынамсі, і сербскі бок заяўляў аб планах правесці Дні культуры ў Беларусі, але пакуль што гэтая ідэя не рэалізавана. Разам з тым, у рамках нядаўна падпісанай Праграмы плануецца правядзенне Тыдня культуры Сербіі ў Беларусі ў 2013 годзе ды Тыдня культуры Беларусі ў Сербіі ў 2014-м.

/i/content/pi/cult/408/8336/6-1.jpeg

— Мяркую, не памылюся, калі скажу, што адным з падмуркаў для кантактаў паміж краінамі з’яўляюцца ўзаемаадносіны паміж Праваслаўнымі Цэрквамі Беларусі і Сербіі?

— Так, безумоўна, сяброўскія адносіны традыцыйна існуюць паміж Беларускай і Сербскай Праваслаўнымі Цэрквамі. Прыкладам, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт быў з візітам у Сербіі ў лістападзе 2009 года. Беларускія паломнікі часта наведваюць манастыры ў Сербіі, а сербскія вернікі, у сваю чаргу, — беларускія святыні. У 2008-м беларускія грамадскія арганізацыі сумесна з Беларускай і Сербскай Праваслаўнымі Цэрквамі ініцыявалі праект дапамогі аднаўленню царквы Святой Петкі (Параскевы Пятніцы) у вёсцы Дрснік Клінскага раёна ў Косава і Мятохіі. А яшчэ Свята-Елізавецінскі манастыр з Мінска разам са Срэцінскім манастыром Масквы дапамагае аднаўленню косаўскага манастыра ў Дэчанах, арганізаваў пераклад беларускай праваслаўнай літаратуры на сербскую мову і яе распаўсюджванне.

— А ці ведаюць сербы нашы нацыянальныя беларускія брэнды: музыку “Песняроў”, кнігі Васіля Быкава ды Уладзіміра Караткевіча, стужкі “Беларусьфільма”? І, з іншага боку, якія брэндавыя імёны сербскіх пісьменнікаў, рэжысёраў, мастакоў, а таксама кінафільмы або музычныя творы, на ваш погляд, маглі б быць цікавыя жыхарам Беларусі?

— У Сербіі добра ведаюць і “Песняроў”, і творы нашых выбітных майстроў слова, як і ваенныя стужкі “Беларусьфільма”. Да прыкладу, нядаўна на кінафестывалях у Бялградзе прымалі чынны ўдзел беларускія карціны “Брэсцкая крэпасць” і “У тумане”. Яшчэ ў 2007 годзе на сербскай мове выйшла кніга Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”, якая была цёпла сустрэта сербскімі чытачамі. А яшчэ раней, у 1993-м, у Бялградзе была надрукавана “Анталогія беларускай паэзіі” на сербскай мове, складзеная прафесарам БДУ Іванам Чаротам. Другое, перапрацаванае, выданне кнігі падрыхтавана і выйшла ў свет летась пры садзейнічанні Пасольства ў Сербіі. Выданне гэтае, дарэчы, прысвечана Году кнігі ў Беларусі і 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Урачыстая прэзентацыя кнігі праведзена ў Нацыянальнай бібліятэцы Сербіі, а першыя асобнікі падораны названай установе культуры, Прэзідэнту Сербіі, а таксама паслам шэрагу славянскіх краін.

Што да сербскіх майстроў культуры, дык у Беларусі вельмі добра вядома кінатворчасць Эміра Кустурыцы, музыка Горана Брэгавіча, проза Міларада Павіча, Горана Петравіча. Таму цікавасць да Сербіі і яе выбітных асоб у Беларусі маецца, і ў гэтым таксама ёсць патэнцыял для ўмацавання нашых культурных сувязей.

— Але што, на вашу думку, варта зрабіць, каб прыцягнуць увагу сербаў да Беларусі, каб зацікавіць іх тым культурным патэнцыялам, якім так багата наша краіна?

— На маю думку, тут варта, прыкладам, выдаткоўваць сродкі на фінансавую падтрымку дзейнасці замежных перакладчыкаў, папулярызатараў, крытыкаў, выдавецтваў. Менавіта праз папулярызацыю беларускай культуры, у тым ліку літаратуры, можна данесці поўную і аб’ектыўную інфармацыю аб нашым народзе ды тых культурных падзеях, якія адбываюцца ў краіне і маглі б аказацца цікавымі сербам.

Дарэчы, некаторыя праекты ў гэтым кірунку ўжо ажыццяўляюцца. Напрыклад, у кастрычніку два беларускія выдавецтвы прынялі ўдзел у 57-й Міжнароднай кніжнай выстаўцы ў Бялградзе — найбуйнейшай у рэгіёне. Зараз разглядаецца магчымасць публікацыі сербскіх кніг у нашай краіне, а таксама, натуральна, — і беларускіх кніг у Сербіі. Як, дарэчы, і ўдзел сербскіх выдавецтваў у Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў Мінску ў лютым.

Да таго ж, мы правялі выстаўку сучаснай беларускай графікі ў Белградзе, зладзілі прэзентацыю творчасці пяці беларускіх мастакоў у рэгіёнах, а таксама фотавыстаўку “Чароўная Беларусь”. Пасольства накіравала ў МЗС і Мінкультуры Сербіі спіс галоўных культурных падзей і мерапрыемстваў Беларусі на наступны год, а таксама размясціла гэтую інфармацыю на сваім сайце.

— Мо варта наладзіць вывучэнне беларускай і сербскай моў ва ўніверсітэтах дзвюх краін?

— Цалкам згодны. Дарэчы, мы плануем, што ў хуткім часе адбудзецца акрэдытацыя курса “Беларуская літаратура” на філалагічным факультэце Бялградскага ўніверсітэта і павышэнне статуса вывучэння беларускай мовы ў гэтай ВНУ да “Другой славянскай мовы”. Папярэднія перамовы на гэты конт з кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі Сербіі і названага ўніверсітэта ўжо праведзены.

— Ці часта беларускія калектывы, выканаўцы, дзеячы мастацтва прымаюць удзел у культурных падзеях на тэрыторыі Сербіі?

— Даволі часта! Напрыклад, у верасні 2012-га адбылося турнэ беларускага камернага хору “Салютарыс” па Сербіі. А ўвогуле, цягам мінулага года прайшлі шматлікія мерапрыемствы і ў тэатральнай, і ў музычнай сферах, завязаліся кантакты паміж дзеячамі сферы культуры нашых краін. Скажам, пад час Першага Мінскага трыенале сучаснага мастацтва выстаўляліся і сербскія творцы. А яшчэ раней, у кастрычніку, ужо ў Бялградзе, прайшла Міжнародная выстаўка каліграфіі “Культура кірыліцы”, дзе паўдзельнічалі студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

У сваю чаргу, сербы традыцыйна ўдзельнічаюць у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, а таксама ў Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад”. Дарэчы, як вядома, на апошнім беларускім кінафоруме сербскі дакументальны фільм “Вёскі без жанчын” атрымаў Гран-пры па сваёй катэгорыі. Таксама сёлета сербскі этнаграфічны ансамбль “Святы Сава” прыняў удзел у “Дняпроўскіх галасах у Дуброўне", што ладзіцца на Віцебшчыне… Так што спектр нашага культурнага ўзаемадзеяння — даволі шырокі, і Пасольства пастаянна працуе над тым, каб актывізаваць гэтую дзейнасць.

— Магчыма, супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Беларусі і Сербіі можна было б вывесці на больш высокі ўзровень? Актывізаваць сувязі гарадоў-пабрацімаў, узаемадзеянне паміж прадстаўнікамі выканаўчых улад у Беларусі і Сербіі…

— Сапраўды, такое ўзаемадзеянне — вельмі важны канал для камунікацыі двух народаў. Я назваў бы гэта “народнай дыпламатыяй”. І мы пастаянна працуем у гэтым кірунку. Цяпер, напрыклад, актыўна пачынае развівацца супрацоўніцтва паміж Гомельскай вобласцю і Аўтаномным краем Ваяводзіна ў Сербіі. Дэлегацыі Гомельшчыны ўдзельнічаюць ў міжнародных сельскагаспадарчых выстаўках ў горадзе Нові-Сад, а прадстаўнікі Ваяводзіны — у мерапрыемствах, эканамічных форумах ды іншых праектах, якія арганізуюцца ў Беларусі. Дарэчы, пагадненні аб супрацоўніцтве падпісаны таксама і паміж Гомельскім дзяржаўным ўніверсітэтам імя Ф.Скарыны ды ўніверсітэтам Нові-Сада.

Таксама вельмі шчыльныя пабрацімскія адносіны ўстаноўлены паміж Магілёвам і Крагуевацам. Так, 27 лістапада 2012 года наша Пасольства сумесна з уладамі і грамадскасцю Крагуеваца арганізавалі ў гэтым горадзе Дзень культуры Беларусі.

Таксама добра развіваецца супрацоўніцтва паміж гарадамі Нясвіж і Земун, а нядаўна былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве Гродна ды Кралева, Заслаўя ды Таполы, а таксама плануюцца да падпісання пагадненні і з іншымі гарадамі. Так што патэнцыял і ў гэтым кірунку дзейнасці — досыць вялікі, і я цалкам перакананы, што падобнае ўзаемадзеянне на рэгіянальным узроўні абавязкова актывізуе эканамічныя ды сацыякультурныя сувязі паміж нашымі краінамі...

Карыстаючыся нагодай, хацеў бы напрыканцы падзякаваць Міністэрству культуры Беларусі за дапамогу і падтрымку, а таксама павіншаваць чытачоў “Культуры” з надышоўшым Новым годам і Ражджаством Хрыстовым!..

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"