А ў вас ёсць экспрэс-торбы з кнігамі?

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Рэйтынг ідэй з інтэрнэт-прасторы / Колькі старонак "Вялікага Гэтсбі" прагучыць за адну мілю?

/i/content/pi/cult/408/8334/7-1.jpegУ гэтай рубрыцы плануем звяртацца да работнікаў культуры з розных куткоў краіны з просьбай падзяліцца асабістым рэйтынгам — топ-5 — ідэй для іх сферы, адшуканых у Інтэрнэце. Распачынаем пяцёркай бібліятэчных праектаў. І, вядома ж, чакаем вашых прапаноў!

“На свеце шмат ёсць, мой сябра Гарацыа, чаго і не снілася нашым мудрацам…” — мне прыгадваюцца гэтыя шэкспіраўскія радкі, калі чытаю пра цікавыя ідэі, што ўвасобіліся ў розных бібліятэках свету. Мой цяперашні топ-5 выглядае наступным чынам.

1. Літаратура і фізкультура

Самы час бібліятэкарам ад традыцыйных кніжных выставак і гутарак пра здаровы лад жыцця перайсці да больш актыўных форм работы. Трыццацігадовы пісьменнік і трэнер па стральбе з лука ў адным з каледжаў Паўднёвай Дакоты (ЗША) здолеў аб’яднаць два, здавалася б, несумяшчальныя хобі з дапамогай аўдыякніг. Ён вельмі любіць мастацкую літаратуру і бег на доўгія дыстанцыі, а праслухоўванне пад час бегу тэкстаў знакамітых класікаў або сучасных аўтараў на сваім мабільным тэлефоне дапамагае яму пераадолець кожны раз яшчэ адну дадатковую мілю.

У цяперашні час колькасць амерыканскіх аматараў літаратуры і фізкультуры “ў адным флаконе” ўвесь час павялічваецца. Паводле даных даследавання амерыканскай Асацыяцыі аўдыявыдаўцоў, прыблізна чвэрць пакупнікоў аўдыякніг праслухоўваюць іх пад час розных трэніровак або фізічных практыкаванняў. За апошні год продаж аўдыякніг узрос на 13%, а насельніцтва выдаткавала на іх набыццё больш за 1 мільярд долараў. Пампаванне аўдыякніг на мабільныя гаджэты павялічылася на 30%, склаўшы 54% ад усяго продажу.

Па разліках спецыялістаў, праслухоўванне тэкстаў лепш за ўсё засвойваецца пры павольным бегу: міля (роўная прыкладна 1,609 км)  — за 6,5-7 хвілін.

У табліцы прыводзяцца даныя аб працягласці аўдыязапісу пяці выбраных аўдыякніг (“Анна Карэніна”, “50 адценняў шэрага”, “Код Да Вінчы”, “Галодныя гульні”, “Вялікі Гэтсбі”), працягласць дыстанцыі і колькасць спаленых калорый пад час бегу з хуткасцю 1 міля — за 10 хвілін.

2. Рэкамендацыйныя сумкі

Час кіравання чытаннем нікуды не сышоў, наадварот — цяпер, у эпоху глабальнага “нечытання”, яно асабліва актуальнае. Таму з цягам часу ў замежных бібліятэках крыху змяніліся формы падачы...

Скажам, у Фінляндыі і Украіне выкарыстоўваецца такая арыгінальная форма кіравання чытаннем, як фарміраванне падборак літаратуры ў прывабных торбах з прывабнымі слоганамі тыпу: “Книжкова торбина для всієї родини” (“Кніжная сумачка для ўсёй сям’і”). Чытач, які спяшаецца, можа без чаргі схапіць торбачку з падборкай кніг і часопісаў для ўсёй сям’і, а калі запоўніць анкету ды пазначыць, што чытаюць члены яго сям’і, тады здолее атрымліваць кнігі і па індывідуальных заказах у далейшым. Чым не падтрымка сямейнага чытання?

/i/content/pi/cult/408/8334/7-2.jpeg

3. Старытэлінг

Усё большую папулярнасць у бібліятэках свету набірае старытэлінг — спосаб перадачы інфармацыі праз распавяданне гісторый. Гэтая цікавая форма можа быць выкарыстана ў першую чаргу ў дзіцячых бібліятэках.

4. Краўдсорсінг

Яшчэ адно з распаўсюджаных на Захадзе паняццяў, якое тлумачыцца вельмі проста: гэта дэлегаванне вырашэння сваіх задач або вытворчых функцый неабмежаванай групе асоб, напрыклад, выкарыстанне творчага патэнцыялу валанцёраў. Для бібліятэкі такая з’ява, прынамсі, у нашых умовах, не вельмі распаўсюджана.

5. Буктрэйлер

Гэта кароткі відэаролік, створаны па матывах кнігі, відэарэклама кнігі, у якой працуюць метады, аналагічныя рэкламам фільмаў. Асноўная яе задача — расказаць пра кнігу, зацікавіць, заінтрыгаваць чытача. У суседзяў, дарэчы, аб’яўлены Усерасійскі конкурс-парад буктрэйлераў.

Юрый МАКСІМЕНКА, вучоны сакратар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі

 

Прапануйце ваш топ-5 ідэй з блізкай вам галіны культурнай сферы! Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 або kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце тэму на facebook.com/kimpressby і twitter.com/kultura_by!