Пленэры Алега Скавародкі

№ 47 (813) 24.11.2007 - 30.11.2007 г

Вядомы беларускі мастак Алег Скавародка прадставіў у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі арыгінальную выніковую выстаўку пленэраў — амаль усіх, у якіх яму давялося ўдзельнічаць за некалькі дзесяткаў гадоў. Яна так і называецца: “Пленэры Алега Скавародкі”.

 /i/content/pi/cult/138/833/Skavarodka.jpg

А.Скавародка. “Вулачкі старога горада”.

Экспазіцыя адлюстроўвае вандраванні жывапісца па незвычайных, памятных мясцінах: Кольскі паўвостраў, цэнтральная Расія, возера Байкал, старадаўні Ноўгарад. Каля пяці дзесяткаў эцюдаў захавалі непаўторныя моманты стану прыроды, жывыя гістарычныя вобразы, напісаныя з натуры. Гэтае непасрэднае, жывое дакрананне да натуры надае эцюдам Алега Аляксандравіча шчырасць, свежае дыханне і непаўторнасць.
Самы першы свой пленэр — “Па Кольскім паўвостраве” ў 1977 годзе — ён успамінае як самы сур’ёзны: “Тады са мной былі мае сябры — Фелікс Гумэн, Уладзімір Шапо, Мікалай Образаў. Мы абышлі ўвесь паўвостраў вакол — ад Мурманска да Кандалакшы…”.
На пленэры ў Разані (2005) мастакі працавалі цэлы месяц, і на палотнах засталіся родныя мясціны С.Ясеніна. “Калі шмат падарожнічаеш, то яшчэ даражэй становіцца тая зямля, дзе ты жывеш. Наш край мае ціхі, таямнічы, прыгожы добры твар, — гаворыць мастак. — Усё, што я вынес з гэтых паездак, я прадставіў на гэтай выстаўцы”.
У экспазіцыю ўвайшлі таксама работы з Міжнароднага пленэру жывапісу ва Франкфурце-на-Одэры (2003), Міжнароднага пленэру, прысвечанага 500-годдзю Ф.Скарыны (1990), пленэру “Сем белых начэй” у Волагдзе (2007), пленэраў, прысвечаных В.Быкаву, У.Караткевічу, І.Хруцкаму і інш.
Наступны год для Алега Скавародкі — юбілейны, і знаёмства з яго “Пленэрамі” — гэта пачатак шэрагу выставак, прымеркаваных да 60-годдзя таленавітага мастака, якое ён адзначыць восенню 2008 года.

Таццяна САЛАЎЁВА
Віцебск