Дэталі дакументалістыкі

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва

Галіна АДАМОВІЧ — рэжысёр-дакументаліст, уладальнік шматлікіх прызоў і лаўрэат мноства міжнародных кінафестываляў:

/i/content/pi/cult/407/8326/7-2.jpeg

— Галоўная эмоцыя ад мінулага года — я па-ранейшаму маю магчымасць займацца любімай справай: здымаць стужкі. Не толькі ў плане наяўнасці неабходных рэсурсаў, хоць і гэта вельмі істотна, але, найперш, у плане творчага імпэту, фізічнага здароўя — свайго і сваіх блізкіх. Бо прафесія рэжысёра-дакументаліста патрабуе вялікай самааддачы ды поўнага паглыблення ў матэрыял, чаму нішто не павінна перашкаджаць. Мінулы 2012-ы лічу цалкам удалым, бо ён быў насычаны здымкамі, вандроўкамі, цікавымі сустрэчамі. На студыі “Летапіс” стварыла дзве стужкі: пра салістку папулярнага гурта “Сярэбранае вяселле” Святлану Бень і пра галоўнага трэнера нацыянальнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ Уладзіміра Шантаровіча. Працаваць над абедзвюма карцінамі было вельмі захапляльна, бо знаходзіцца побач і назіраць за гэтымі асобамі — неверагодна цікава!..

Таксама запомніліся паездкі на міжнародныя кінафестывалі ў розныя краіны, прычым, збольшага, у якасці члена журы, а не ўдзельніка. На жаль, стужкі “Летапісу” з’яўляюцца ў конкурсных паказах замежных кінафорумаў не так часта, як таго заслугоўваюць...

Наконт планаў на год, які пачаўся... Многае будзе залежыць ад вынікаў адкрытага Рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў, бо без фінансавання няма здымак. Але, з іншага боку, я нават задаволена гэтай невялікай паўзай: з’явілася магчымасць крышку агледзецца ды ўдакладніць свае творчыя арыенціры. З таго, што ўжо запланавана, — паездка на штогадовы фестываль у Днепрапятроўск. Чакаю яе з вялікім нецярпеннем, бо на гэтым фэсце заўсёды адбываюцца вельмі плённыя сустрэчы з калегамі і прагляды з запоўненымі зацікаўленай публікай заламі...