Храналогія Савіцкага

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва

Для Музея гісторыі горада Мінска самай важнай падзеяй мінулага года стала адкрыццё Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (1922 — 2010 гг.) — Героя Беларусі, народнага мастака Беларусі, народнага мастака СССР. Галерэя стваралася ў адпаведнасці з пратаколам даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ад 30 снежня 2007 г.

/i/content/pi/cult/407/8324/IMG_8407_opt.jpeg

Стварэнне галерэі — гэта велізарная праца, што ўключае ў сябе распрацоўку навуковай і мастацкай канцэпцыі экспазіцыі, складанне тэматыка-экспазіцыйных планаў, эксплікацый, рэстаўрацыйныя работы, мантаж абсталявання і самой экспазіцыі. Актуальнасць стварэння галерэі М.А. Савіцкага была прадыктавана неабходнасцю максімальна поўна сабраць і маштабна прадставіць ягоную творчую спадчыну, якая размешчана ў дзевяці залах гістарычнага будынка, што на плошчы Свабоды, дзе па храналагічным прынцыпе экспануюцца некалькі дзясяткаў палотнаў мастака, у тым ліку серыі “Лічбы на сэрцы”, “Чорная быль” і Біблейскі цыкл, карціны пра Вялікую Айчынную вайну ды пра сучаснасць.

/i/content/pi/cult/407/8324/7-3.jpeg

Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны біяграфіі, грамадскай і педагагічнай дзейнасці Міхаіла Андрэевіча: тут прадстаўлены асабістыя рэчы мастака, узнагароды, дакументы, фотаздымкі, лісты, кнігі з аўтографамі ды ўзноўлены інтэр’ер колішняга службовага кабінета і майстэрні жывапісца.

Над стварэннем галерэі працаваў калектыў на чале з дырэктарам Музея Галінай Ладзісавай у складзе яе намесніка Пятра Хадзько, галоўнага захавальніка фондаў Кацярыны Вальчук і вядучага навуковага супрацоўніка Юліі Кавалёвай.

“Для нас гэтая высокая ўзнагарода з’явілася сведчаннем прызнання вынікаў той велізарнай работы, якую правёў наш невялічкі калектыў, — распавяла Галіна Ладзісава. — Такое прызнанне з боку дзяржавы — не толькі прадмет нашага гонару, але і стымул для новых здзяйсненняў, які дадае ўпэўненасці ў правільнасці абранага шляху ў высакароднай справе развіцця нацыянальнай культуры”. І, у прыватнасці, — у захаванні ды папулярызацыі творчай спадчыны вялікага сына Беларусі — Міхаіла Андрэевіча Савіцкага.

На здымку: рэканструкцыя фрагмента інтэр'ера майстэрні мастака; Галіна Ладзісава.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"