Для Музея гісторыі горада Мінска самай важнай падзеяй мінулага года стала адкрыццё Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (1922 — 2010 гг.) — Героя Беларусі, народнага мастака Беларусі, народнага мастака СССР. Галерэя стваралася ў адпаведнасці з пратаколам даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ад 30 снежня 2007 г.
Стварэнне галерэі — гэта велізарная праца, што ўключае ў сябе распрацоўку навуковай і мастацкай канцэпцыі экспазіцыі, складанне тэматыка-экспазіцыйных планаў, эксплікацый, рэстаўрацыйныя работы, мантаж абсталявання і самой экспазіцыі. Актуальнасць стварэння галерэі М.А. Савіцкага была прадыктавана неабходнасцю максімальна поўна сабраць і маштабна прадставіць ягоную творчую спадчыну, якая размешчана ў дзевяці залах гістарычнага будынка, што на плошчы Свабоды, дзе па храналагічным прынцыпе экспануюцца некалькі дзясяткаў палотнаў мастака, у тым ліку серыі “Лічбы на сэрцы”, “Чорная быль” і Біблейскі цыкл, карціны пра Вялікую Айчынную вайну ды пра сучаснасць.
Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны біяграфіі, грамадскай і педагагічнай дзейнасці Міхаіла Андрэевіча: тут прадстаўлены асабістыя рэчы мастака, узнагароды, дакументы, фотаздымкі, лісты, кнігі з аўтографамі ды ўзноўлены інтэр’ер колішняга службовага кабінета і майстэрні жывапісца.
Над стварэннем галерэі працаваў калектыў на чале з дырэктарам Музея Галінай Ладзісавай у складзе яе намесніка Пятра Хадзько, галоўнага захавальніка фондаў Кацярыны Вальчук і вядучага навуковага супрацоўніка Юліі Кавалёвай.
“Для нас гэтая высокая ўзнагарода з’явілася сведчаннем прызнання вынікаў той велізарнай работы, якую правёў наш невялічкі калектыў, — распавяла Галіна Ладзісава. — Такое прызнанне з боку дзяржавы — не толькі прадмет нашага гонару, але і стымул для новых здзяйсненняў, які дадае ўпэўненасці ў правільнасці абранага шляху ў высакароднай справе развіцця нацыянальнай культуры”. І, у прыватнасці, — у захаванні ды папулярызацыі творчай спадчыны вялікага сына Беларусі — Міхаіла Андрэевіча Савіцкага.
На здымку: рэканструкцыя фрагмента інтэр'ера майстэрні мастака; Галіна Ладзісава.