“Caritas” — гэта міласэрнасць

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне"

Сярод лаўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэнне” — дырэктар рэлігійнай місіі Дабрачыннага каталіцкага таварыства ”Карытас“ Віцебскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь Віталь Кульпекша. На Беларусі пра гэтую арганізацыю ведаюць мала, але тыя, хто непасрэдна з ёй сутыкнуўся, — згадваюць з удзячнасцю.

У сваім Саборным пасланні апостал Якуб заклікаў хрысціян любіць сваіх бліжніх “не словам і языком, але справай ды ісцінай”, дбаючы не толькі пра іх духоўны стан, але і пра надзённыя патрэбы. Таму клопат пра хворых ды іншыя праявы дабрачыннасці спрадвеку былі ўласцівы для Каталіцкага Касцёла — як, зрэшты, і для іншых хрысціянскіх канфесій. Напрыканцы ХІХ стагоддзя наспела патрэба зрабіць тую дзейнасць больш сістэмнай ды скаардынаванай, што і прывяло ў выніку да з’яўлення сеткі арганізацый, якія спецыялізаваліся менавіта на дапамозе тым, каму яна патрэбна. Сёння яны дзейнічаюць амаль у 200 краінах свету, маючы назву “Caritas”, што перакладаецца з лаціны як “Міласэрнасць”.

З 1999-га такая арганізацыя працуе і на Віцебшчыне. Апошні перыяд яе дзейнасці быў асабліва плённы. За мінулыя два гады праведзены рамонтныя работы ў дзіцячым аддзяленні Віцебскай абласной клінічнай псіхіятрычнай бальніцы, Полацкім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, Бягомльскай дапаможнай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот, 250 дзетак атрымалі магчымасць выехаць на адпачынак за мяжой. Былі закуплены медыкаменты для 187 хворых на анкалогію дзяцей, якія стаяць на ўліку ў Беларускім дзяржаўным таварыстве ”Дзеці ў бядзе“ Віцебскага, Аршанскага і Наваполацкага аддзяленняў. Натуральна, гэтыя пачыны ніколі не мелі “вузкаканфесійнай” скіраванасці: услед за навукай Хрыста, “Карытас” дапамагае кожнаму, хто ў патрэбе, без залежнасці ад яго веравызнання.

Віцебская каталіцкая арганізацыя дзейнічае не адасоблена — яна актыўна шукае партнёраў ды інтэгруецца ў тую сацыяльную палітыку, якая праводзіцца ў краіне. Многія важныя праекты былі б немагчымыя без супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі. Прыкладам, не так даўно была пабудавана цяпліца для Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Міёрах, і гэта дазволіла забяспечыць працоўнымі месцамі людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Сведчаннем плённасці працы Віталя Кульпекшы стала пашырэнне арганізацыі, якую ён узначальвае. Прыкладам, у тых самых Міёрах нядаўна з’явілася мясцовая ўстанова “Карытас”, што дзейнічае пры каталіцкай парафіі. Запрацавалі яны і ў іншых мясцінах Віцебшчыны: Глыбокім, Оршы, Чашніках, Лепелі, Браславе і вёсцы Слабодка, што непадалёк ад яго. Без сумневу, гэты рост немагчымы без павелічэння кола людзей, якія знаходзяць сваё пакліканне ў дапамозе іншым…