Што прадала Клара?

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

А “Візіт старой дамы” актуалізаваўся…

Трагічная камедыя (менавіта так, парадаксальным чынам, вызначаны жанр п’есы самім аўтарам) “Візіт старой дамы” выдатнага швейцарскага драматурга Фрыдрыха Дзюрэнмата з’явілася на свет у далёкім зараз 1956 годзе. На Беларусі першым да п’есы звярнуўся Валерый Маслюк, увасобіўшы яе ў 1982-м у Магілёўскім абласным драмтэатры. Апошнім часам цікавасць да трагікамедыі ўзрасла (згадайма, скажам, пастаноўку Барыса Луцэнкі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага з Бэлай Масумян у галоўнай ролі), і гэта можна патлумачыць. Праблемы пэўнай маральнай дэфармацыі чалавека пад уплывам грошай, законаў куплі-продажу, якія існавалі недзе там, за глухой Берлінскай сцяной, сталі больш зразумелыя і адчувальныя для нашага гледача. Больш за тое: менавіта ён, гэты самы глядач, раз-пораз пазнае ў героях п’есы, як у люстэрку, сябе самога.

Пэўна, усё гэта ўбачыў і зразумеў у п’есе вядомы беларускі рэжысёр Уладзімір Савіцкі, прапанаваўшы віцебскаму гледачу сваю сцэнічную версію знакамітага твора. Пазначыўшы жанр спектакля як трагіфарс, аўтар пастаноўкі спалучае ў шэрагу рэжысёрскіх прыёмаў, яго мастацкім, музычным афармленні і вядома ж, у стылістыцы акцёрскай ігры праўдападабенства і жорсткую іронію, гіпербалізацыю, гратэск, іншым часам нават буфанаду (гэта асабліва тычыцца вобразаў світы мільярдэркі). Тэатр нібыта даследуе, як шараговы абывацель у пэўных, спрыяльных для таго варунках, абставінах ператавараецца ў маральнага вылюдка, гнюса, нейкую пародыю на чалавека. Рэжысёр і артысты тут карыстаюцца кідкімі прыемамі. Шкляныя дзверцы у цэнтры сцэны, з якіх з’яўляюцца шараговыя грамадзяне гарадка Гюлена і якія іх паглынаюць, што асацыіруюцца не толькі з вакзалам, куды прыязджае мільярдэрка, але і з сучасным гіпермаркетам (іх нястрымны рух задае і пэўны рытм дзеяння), манекены, якія перасоўваюць з месца на месца, гандлёвыя драбінкі, скрыні для смецця, у якіх корпаюцца і з якіх “вылупляюцца” ў асобных сцэнах шаноўныя асобы горада, — усё канцэптуальна раскрывае задуму спектакля.

/i/content/pi/cult/407/8320/9-1.jpeg

Зрэшты, гэты сцэнічны твор мог бы не з’явіцца на Коласаўскай сцэне, каб не палкае жаданне, творчая няўрымслівасць народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной. Пра ролю Клары Цаханасьян актрыса марыла ўжо даўно, і дадзены праект абмяркоўваўся ёю яшчэ з колішнім мастацкім кіраўніком віцебскай трупы Рыдам Таліпавым. Пасля яго смерці Святлана Арцёмаўна звярнулася з просьбай аб пастаноўцы да мінскага рэжысёра Уладзіміра Савіцкага, каго добра ведала па ранейшай сумеснай працы над спектаклем “Апошнія сведкі” па кнізе Святланы Алексіевіч. Вынікам таго тандэму актрыса поўнасцю задаволена. А ў новым спектаклі шмат іншых яркіх работ, ды ўсё ж такі вобраз галоўнай гераіні — у цэнтры ўвагі аўтараў спектакля, і менавіта на яго, дзякуючы бліскучаму таленту Святланы Арцёмаўны, скіравана, у асноўным, увага гледачоў.

Асабіста мне гэты вобраз нагадаў Эмілію Марці з даўняй работы актрысы — у спектаклі “Сродак Макропуласа” па п’есе Карэла Чапека. Але ў гэтай пастаноўцы выканаўца дасягнула яшчэ большага мастацкага выніку. І, што яшчэ важна, актрыса, даследуючы прыроду, вытокі зла, абараняе сваю гераіню, імкнецца зразумець яе як жанчыну, якую некалі жорстка, несправядліва апусцілі на дно. Вядома ж, трагічныя гісторыі гераінь Акружной (Франкі, Эміліі, Кацярыны Іванаўны, Лауры, Васы) у нечым падобныя. Падобныя тым, што яны, з аднаго боку, станавіліся ахвярамі несправядлівага асяроддзя, але, з іншага, — рабілі іншых сваімі ахвярамі. Быццам бы нейкі монстрык пасяляўся ў іхніх душах ды прымушаў пакутаваць іншых. Прытым, што ўсе гэтыя персанажы абсалютна непадобныя, што з’яўляецца адзнакай, адметнасцю Майстра.

Актрыса ў новай ролі зноў спалучыла, здавался б, абсалютна несумяшчальнае: раскрыла асабістую трагедыю скалечанай душы гераіні, тугу па сапраўдным каханні, па незваротным мінулым і адначасова ўразіла жорсткасцю, нейкай вычварнасцю. Перад гледачом нібыта ўзніклі два абсалютна розныя абліччы: чалавека і вылюдка. Здавалася б, толькі што Клара жыва аддаецца нахлынуўшым успамінам аб сваім юнацтве і прагне кахання, ды праз імгненне яе твар робіцца нібы скамянелым, быццам пачварная маска з’яўляецца на ім.

Годным партнёрам народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной ізноў выступіў Валянцін Салаўёў, які не так даўно атрымаў званне заслужанага артыста Беларусі. Сапраўдны майстар, ён падае вобраз Альфрэда Іла, так бы мовіць, у развіцці, дакладна паказвае, як змяняецца яго персанаж. На пачатку спектакля ён нічым не адрозніваецца ад іншых абывацеляў Гюлена: такі ж мітуслівы, такі ж задаволены ў прадчуванні прыемнай сустрэчы са сваёй былой каханай. Ён упэўнены ў сабе, у сваёй перамозе, таму можа дазволіць паводзіць сябе з Кларай крыху па-блазанску. У другой частцы Іл таксама мітусіцца, ды толькі ўжо па-іншаму: страх пасяліўся ў ягонай душы. У аўтара герой параўноўваецца са збеглым чорным барсам — улюбёнай жывёлінай Клары, за якім ідзе пагоня. Рэжысёр цікава ілюструе гэтае параўнанне пластычным прыёмам: спярша Іл гоніцца за сваімі суграмадзянамі, потым яны “палююць” яго. У апошняй частцы дзеі герой Салаўёва зноў іншы: нейкі ўнутраны спакой ахінае яго душу, ён нібыта разумее, што візіт дамы — гэта пэўная наканаванасць, лёс, ад якога не ўцячэш…

Уражвае фінал. Жыхары горада Гюлена нарэшце выканалі ўмову Клары Цаханасьян: прадалі справядлівасць, забілі чалавека ў абмен на мільярд. Але чаго дамагліся? Клара ж выканала сваё іншае абяцанне, ператварыўшы горад у вялікі публічны дом, а яго жыхароў — у тавар. Гэта дэманструе рэжысёр у адмысловым фінале спектакля: спярша грашовыя паперкі аднекуль зверху ляцяць на аслупянелых грамадзян Гюлена, а потым іх, што і самі сталі мерцвякамі, паслугачы Клары кідаюць на продаж!..

Юрый ІВАНОЎСКІ

Віцебск

Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА