Роўда Вiктар Уладзiмiравiч нарадзiўся 23 лiстапада 1921 года ў г. Смаргоні. Скончыў Вiльнюскую духоўную семiнарыю, дырыжорска-харавое i вакальнае аддзяленні Вiльнюскай кансерваторыi ў прафесара К.Кавецкаса ў 1951 годзе, аспiрантуру Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыi iмя П.І. Чайкоўскага па класе выдатнага майстра харавога мастацтва А.В. Свешнiкава. Далейшая работа ў якасцi хормайстра Дзяржаўнага акадэмiчнага рускага хору СССР i выкладчыка Маскоўскага харавога вучылiшча, паспяховая абарона кандыдацкай дысертацыi па праблемах выканання народнай песнi ў акадэмiчным хоры вылучылi В.У. Роўду ў шэрагi вядомых музыкантаў-iнтэрпрэтатараў харавога спеву, вопытных дырыжораў.З 1955 года В.У. Роўда — вядучы хормайстар Дзяржаўнай акадэмiчнай харавой капэлы БССР i нязменны кiраўнiк кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэмii музыкi. За час работы iм падрыхтавана больш чым 800 хормайстраў.
Вялiкая колькасць фондавых запiсаў i праведзеных iм канцэртаў у якасцi мастацкага кiраўнiка i галоўнага дырыжора Акадэмiчнага хору Нацыянальнай тэлерадыёкампанii Рэспублiкi Беларусь трывала сцвердзiлi iмя В.У. Роўды ў лiку выдатных дзеячаў сучаснага музычнага мастацтва. З яго iмем звязаны творчыя дасягненнi i мiжнароднае прызнанне канцэртнага хору студэнтаў Акадэмii музыкi, правядзенне рэспублiканскiх святаў, аглядаў дзiцячай i дарослай харавой самадзейнасцi, непераўзыдзеная iнтэрпрэтацыя лiтургiчнай музыкi.
За сваю самаадданую творчую працу В.У. Роўда ўдастоены ордэна Францыска Скарыны, прэмii “За духоўнае адраджэнне”. Ён з’яўляецца поўным кавалерам ордэна Святога князя Данiiла Маскоўскага.
Светлая памяць пра Вiктара Уладзiмiравiча Роўду назаўсёды застанецца ў сэрцах яго родных, блiзкiх, калег, вучняў, усiхзнаўцаў музычнага мастацтва.
КОСIНЕЦ А.М., РУБIНАЎ А.М.,
МАТВЕЙЧУК У.Ф., ЗIМОЎСКI А.Л.,
АЎДЗЕЕВА Н.П., РЫЛАТКА У.П.,
РАШЧУПКIН А.Ф., ЛУЧАНОК I.М.,
ЯФIМАВА Л.Б., КАЗIНЕЦ М.А.,
IЗВОРСКА-ЕЛIЗАР’ЕВА М.М., IСАЕЎ А.М.,
ГIЛЬДЗЮК Ю.М., АНIСIМАЎ А.М.,
ЛАМАНОВIЧ Н.I.