Якая доля ў “…Долі”?

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Сёння, у дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна, Беларуская дзяржаўная філармонія працягвае цыкл канцэртаў і тэатралізаваных імпрэз, прысвечаных яго творчасці. Прагучаць не толькі кампазіцыі з рэпертуару легендарных “Песняроў”, але і рок-опера майстра “Песня пра долю”. Усё — з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Беларусі імя І.Жыновіча на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Казінцом.

/i/content/pi/cult/407/8318/8-2.jpeg

Прэм’еру адноўленай рок-оперы, творча перакладзенай для іншага выканальніцкага складу Аляксандрам Крамко, гэты калектыў падрыхтаваў дзевяць месяцаў таму — летась у красавіку. Так што цяперашняе выкананне можна лічыць яшчэ адным новым нараджэннем рок-оперы.

Параўноўваць “народны” варыянт з мінулым, як гэта рабілі некаторыя пасля першага яго паказу, — справа няўдзячная. Яшчэ і таму, што выканальніцкі лёс абедзвюх версій прынцыпова адрозніваецца. Калі “Песняры” ў час гастролей пракатвалі “Песню пра долю” па некалькі разоў на дзень, дык сённяшняе выкананне твора аркестрам з салістамі — усяго другое па ліку. Так, выдаткі на ансамбль і аркестр — непараўнальныя, як значна адрозныя і прыбыткі ад продажу білетаў. На “Песнярах” філармонія — зарабляла. На аркестры імя І.Жыновіча — зарабіць немагчыма. Дык, значыць, і не трэба яму гастраляваць з “Песняй пра долю” хаця б па роднай Беларусі?

Тым не менш, нейкія паездкі ўсё ж адбываюцца. Але — з іншай праграмай. Можа, у абласцях недаацэньваюць мастацкую вагу такіх буйных праектаў? Мулявін, дарэчы, таксама ў свой час скардзіўся на тое, што публіка, маўляў, патрабуе ад “Песняроў” не рок-оперы, а тую ж “Волагду-гду”. Што ж, яны давалі слухачам, што тыя прасілі. Але… “на даважку”. У цяперашняй версіі другое аддзяленне таксама складуць песні — у выкананні такіх знаных маладых салістаў, як Пётр Ялфімаў і Ян Жанчак. Што можа быць лепш? Хіба дадаць у канцэртную праграму салістку Музычнага тэатра Кацярыну Дзегцярову, якая таксама ўдзельнічае ў выкананні “Песні пра долю”. Праўда, не пісаў Мулявін жаночага рэпертуару. Можа, таму, што Кацярына тады яшчэ не падрасла?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"