"Падарожная" да аднаго лёсу

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Мікалай Шчакаціхін: "Я паспеў зрабіць штосьці для навукі..."

Мікалай Мікалаевіч Шчакаціхін… Хто ж такі гэты чалавек для нас, беларусаў, які, на мой погляд, даўно і па праве заслугоўвае велічнага помніка ў нашай сталіцы? Так, у красавіку 2008-га на доме № 9 па вуліцы Кірава, дзе ў 1922 — 1930 гг. ён жыў, была адкрыта мемарыяльная дошка. Яшчэ ж раней, у 1996-м, да 100-годдзя з дня нараджэння Шчакаціхіна, з’явіўся канверт з яго партрэтам (тыраж — 90 тысяч асобнікаў). І тады ж у Мінску была праведзена канферэнцыя, прысвечаная гэтаму юбілею, у якой прынялі ўдзел больш за дваццаць прадстаўнікоў навукі і культуры Беларусі і г. Белябея (Башкартастан): мастацтвазнаўцы, архівісты, музейшчыкі, краязнаўцы, археолагі, бібліятэкары, а таксама дзеці вучонага — Уладзімір, Аляксандр і Алена. Дарэчы, яшчэ за дзевятнаццаць гадоў да таго, у 1977-м, Леанід Шчамялёў напісаў цудоўны партрэт М.Шчакаціхіна, калі гэтае імя было мала каму вядома! Упершыню той твор (праўда, не ў колеры) быў надрукаваны ў маскоўскім каталогу 1982 г. персанальнай выстаўкі Леаніда Дзмітрыевіча ў Цэнтральным Доме мастака ў Маскве. Дадзены каталог я падрыхтаваў па заказе Саюза мастакоў СССР. Тады я амаль нічога не ведаў пра героя гэтага ягонага палатна, не лічачы скупых успамінаў “на хаду” Алены Васільеўны Аладавай, якая вучылася ў яго і ў М.Сыркіна ў толькі што створаным Беларускім дзяржаўным універсітэце на пачатку 1920-х. Словам, так атрымалася, что Леанід Дзмітрыевіч, распавёўшы мне сёе-тоё пра лёс гэтага чалавека (аказваецца, пра Шчакаціхіна Шчамялёў ведаў яшчэ задоўга да ягонай рэабілітацыі ў студзені 1956 года і лічыў яго лепшым беларускім мастацтвазнаўцам свайго часу, гісторыкам і тэарэтыкам нацыянальнага мастацтва, многія творы якога не страцілі свайго значэння і сёння), даў мне нейкую “падарожную” да інтарэсу, што датычыўся жыцця ды спадчыны Шчакаціхіна…

/i/content/pi/cult/407/8317/15-1.jpeg

Але юбілеі юбілеямі. Так часта бывае: яны праходзяць і… многае забываецца — да наступнага буйнога юбілею. У нашага героя ён у 2016-м: 120 гадоў з дня нараджэння. І тое, калі яго яшчэ ўспомняць як належыць, бо “шчакаціхіназнаўцаў” застаецца ўсё менш і менш… Вось прайшоў час, цяпер — студзень 2013 года. Я спытаўся ў некаторых дзеячаў беларускай культуры і мастацтва, што яны ведаюць пра Шчакаціхіна. Большасць адказала, паціскаючы плячыма: маўляў, быў такі да вайны мастацтвазнаўца, быццам бы рэпрэсіраваны, але што канкрэтна ён зрабіў як творца — цяжка сказаць... Меншая частка (у асноўным — спецыялісты-культуролагі ў галіне беларускага мастацтва 1920-х — 30-х, а таксама колішнія і сённяшнія супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі), пра Шчакаціхіна ведаюць, асабліва —тыя, хто раней займаўся вывучэннем творчай спадчыны гэтага чалавека. Тут я магу згадаць імёны А.Ліса, Н.Высоцкай, А.Пікулік, Т.Габрусь, І.Холадавай, Л.Налівайка. Але, па вялікім рахунку, імя Шчакаціхіна ў грамадскай культурнай “палітры” застаецца, на жаль, практычна невядомым, хаця само па сабе прозвішча — на слыху ў большасці тых, хто мае дачыненне да беларускай выяўленчай культуры. Гэты чалавек, хаця і нарадзіўся ў Маскве, для нашай краіны зрабіў вельмі шмат: у адраджэнні беларускай нацыянальнай самасвядомасці, самаідэнтыфікацыі і нават, не пабаюся гэтага слова, нацыянальнага самалюбства.

…Ёсць на паўднёвым захадзе Башкартастана невялічкі гарадок пад назвай Белябей, што за 180 кіламетраў ад Уфы, непадалёк ад ракі Усень (басейн Камы). У XVIII ст. ён быў заснаваны чувашскімі перасяленцамі. У розныя часы ўваходзіў то ў Арэнбургскую губерню, то ва Уфімскую. Людзі гэтага мястэчка займаліся земляробствам, дробным гандлем і пчалярствам. У 1812 г. з белябейцаў было сфарміравана аж 26 башкірскіх палкоў для барацьбы з Напалеонам. Салдаты дайшлі да Парыжа. Французы назвалі іх паўночнымі амурамі, бо воіны былі ўзброены лукамі са стрэламі…

Дык вось, Белябей. Навокал — спрадвечны лес: кедроўнік, бяроза, ельнік. Глухамань? Ды не зусім. Хараство белябейскай зямлі ўвекавечыў знакаміты рускі пісьменнік Сяргей Аксакаў у “Сямейнай хроніцы”, “Дзіцячых гадах Багрова-ўнука” ды ва “Успамінах”. А ён у пейзажах разбіраўся як ніхто іншы. Зараз тут, на тэрыторыі раёна, ёсць Музей-сядзіба сям’і Аксакавых, Гісторыка-культурны цэнтр Марыны Цвятаевай ды іншыя музеі. Мабыць, калісьці з’явіцца і музей народнай артысткі СССР Іны Чурыкавай: у Белябеі яна нарадзілася 70 гадоў таму. Але вось музея памяці таго, пра каго я зараз пішу, у Белябеі няма, хаця Шчакаціхін тут правёў у ссылцы амаль дзесяць сваіх апошніх гадоў жыцця, і тут жа — пахаваны. Я бачыў на фатаграфіі 90-х гадоў мінулага стагоддзя аднапавярховы драўляны дом у Беглым завулку, 4 (да вайны — Савецкі завулак), дзе ў другой палове 1930-х жыў і памёр вучоны.

Бадай, сваё апавяданне пра Шчакаціхіна пачну з канца — з успамінаў ягонай жонкі Ганны Мацвееўны Шчакаціхінай-Раманавай, літаратара, кнігалюба і педагога, якая чвэрць стагоддзя вяла заняткі ў навукова-планавым тэхнікуме горада Маладзечна, дзе жыла з дачкой Аленай Мікалаеўнай. Памерла там жа ў 1988-м, перажыўшы мужа на 38 гадоў і захаваўшы на ўсё жыццё добрую і светлую памяць пра яго. Вось перада мной ксеракопія даведкі аб смерці М.М. Шчакаціхіна 1940-га пад грыфам “Народны Камісарыят Унутраных Спраў СССР”: “Нацыянальнасць — рускі; час смерці — 5 красавіка 1940 г.; узрост — 42 гады; месца смерці — Белябей, Савецкі завулак, 4; прычына смерці — сухоты кішэчніка і гартані…”. Як Шчакаціхін, старшыня Камісіі гісторыі мастацтваў пры кафедры гісторыі Беларусі Акадэміі навук БССР, быў у ліпені 1930 г. арыштаваны, рэпрэсіраваны і высланы ў Белябей, я раскажу пазней. Але і там, у ссылцы, быў тройчы арыштаваны чэкістамі НКУС ужо хворым, кінуты ў турму, а потым — часова вызвалены, каб ізноў там апынуцца…

А пакуль — фрагмент успамінаў жонкі Мікалая Мікалаевіча пра ягоныя апошнія месяцы. “…Але і ў такіх умовах М.М. працягваў творчую дзейнасць. Зусім хворы, ён садзіўся за стол, аддаючы любімай справе апошнія творчыя сілы. У лютым 1940 г. Мікалай Мікалаевіч скончыў працу над двума рукапісамі “Нарысы гісторыі літоўскай манеты XVI — XVII стст. Ч. 1”. Адзін рукапіс і калекцыю гербаў, адбіткаў пячатак, экслібрысаў ён адправіў у Ленінград у дар Эрмітажу. А другі рукапіс перадаў мне са словамі: “Беражы, як зрэнку вока. Некалі ён спатрэбіцца”. На той час Мікалай Мікалаевіч быў зусім слабы. Хвароба прагрэсіравала. Адарваны ад насычанага культурнага жыцця, надломлены фізічна і духоўна, ён злёг і больш ужо не падымаўся. Балюча, страшэнна было бачыць яго пакуты. Але ён ніколі не скардзіўся. Вясной 1940-га яму стала зусім кепска. За два тыдні да смерці М.М. сказаў мне: “Ты яшчэ вернешся ў Мінск. А я тут застануся векаваць, — і рэчытатывам прадэкламаваў: — Не для мяне прыйшла вясна…” Набліжалася непазбежнае, непапраўнае, немінучае. 5 красавіка ў другой палове дня Мікалая Мікалаевіча прыйшоў праведаць знаёмы Мартынаў. Яны доўга размаўлялі пра паляванне. Як толькі той пайшоў, М.М. папрасіў вады. Папрасіў выключыць радыё. Галава яго дзіўна затрэслася. Я ўліла яму ў рот лякарства. “Гадзіннік…” — ледзь вымавіў ён. Я падала яго любімы кішэнны гадзіннік. Ён глянуў на цыферблат, і рука, у якой быў заціснуты гадзіннік, змярцвела павісла… Стрэлкі замерлі на лічбе “9”…

/i/content/pi/cult/407/8317/15-2.jpeg

Падрыхтоўку да пахавання давялося выконваць самой. Не аказалася ахвотных прыняць удзел у маіх журботных клопатах. Стрымліваючы рыданні, сама заказвала труну. Хадзіла па могілках, адшуквала куточак, каб сонейка больш ярка свяціла над магілай. Калі я забірала труну, работнік бюро пахавання спытаў: “Для каго бераце?” Я адказала. “Памёр такі выдатны чалавек!” — паспачуваў ён. Я заплакала… Просты воз, пакрыты рагожай. Простая белая труна. За ёй — мой старэйшы сын і суседка... На могілках, калі апускалі труну, падышла знаёмая дзяўчына. Яна кінула жменю зямлі і з нейкай вінаватасцю сказала: “Гэтак хаваюць дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і навуковага супрацоўніка Беларускай акадэміі навук…”

На гэтым успаміны Ганны Мацвееўны заканчваюцца. Мікалай Шчакаціхін не дажыў шэсць месяцаў да 44 гадоў... Першую палову свайго веку ён правёў у Маскве, трошкі — у Арле і Харкаве, другую палову — у Мінску ды Белябеі. Але менавіта Мінск 1920-х можна лічыць яго творчым Алімпам, дзе ён зрабіў максімальна ўсё, што было яму наканавана лёсам, і дзе стаў, па вялікім рахунку, рэальным заснавальнікам беларускай прафесійнай мастацтвазнаўчай навукі ды выдатным даследчыкам археалогіі і гісторыі архітэктуры, звязанай з вывучэннем старажытных храмаў або іх рэштак (Полацка, Віцебска, Гродна, Вільні, Смаленска, Люцына, Гнёздава).

У гэтых адносінах пакуль прывяду толькі адзін прыклад. Возьмем знакамітую Дабравешчанскую царкву ў Віцебску. Яна мае ў аснове руска-візантыйскую крыжова-купальную кампазіцыю. Вядома, што царква была знішчана ў 1961 г. і зноў адноўлена ў 1992 — 1998 гг., яе асвяціў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій II. У 1968-м я быў у Віцебску са сваім сябрам — мастаком Уладзімірам Мінейкам. Мы пабачылі месца раскопак гэтай царквы і нават спускаліся амаль на два метры ўніз. Бачылі фрагменты кладкі сцен і рэшткі фундамента, які прарэзаў нейкі невядомы культурны пласт. Фундамент быў запоўнены жвірам і не быў замацаваны растворам. Потым нам сказалі, што тут пачынаючы з 1964 года археолагамі вядуцца раскопкі. А мы ўсё здзіўляліся: царкву па загадзе партыйных органаў узарвалі, разбурылі, бо “рэлігія — опіум для народа”, а трошкі пазней рэшткі ўзялі… пад ахову дзяржавы, закансервавалі, каб потым храм аднавіць. А між тым, гэты храм, па харастве адзіны ў сваім родзе, быў ідэальным па месцазнаходжанні (раўнінная плошча на левым беразе Заходняй Дзвіны) і, у той жа час, — побач з вялікакняжацкім дваром. А вось з датаваннем будаўніцтва храма было вялікае пытанне: храм з’явіўся ў ХII стагоддзі, лічылі вучоныя А.Паўлінаў і А.Сапуноў, да 40-х гадоў XII ст. — П.Рапапорт, не раней за XII ст. адносіў будаўніцтва царквы І.Хозераў... Найбліжэй да ісціны аказаўся Шчакаціхін: ён даказаў, што храм з’явіўся дакладна ў пачатку 80-х гадоў XII ст. і будавалі яго мясцовыя архітэктары, тыя, што стварылі на тэрыторыі Беларусі яшчэ адну аналагічную царкву — Барыса і Глеба ў Навагрудку. І яшчэ. Аналізуючы канструктыўныя рашэнні, якія датычыліся супадзення ў канструкцыях полацкай Спаскай царквы з Дабравешчанскай у Віцебску, а таксама летапісныя сведчанні, Шчакаціхін зрабіў выснову: узвядзенне храма можна аднесці да пачатку 80-х гадоў XII ст., г. зн. часу пасля будаўніцтва полацкай Спаскай царквы. Вось як ён разважаў: “З’яўленне такой канструкцыі ў Віцебску і Полацку трэба аднесці, магчыма, не раней як да другой паловы XII ст., бо спачатку, як мы гэта бачылі на прыкладах Сафійскага сабора і адной з пабудоў Барысаглебскага манастыра, тут скарыстоўваліся яшчэ трохапсідныя планы… Падобнасць планаў і некаторых дэталей канструкцый даюць падставу меркаваць, што віцебская царква Дабравешчання таксама павінна належаць гэтаму часу (паводле Шчакаціхіна, тое 1171 — 1173 гг. — Б.К.). Гэта значыць, вызначаюцца дзве галоўныя высновы: першая — віцебская царква з’яўляецца, прынамсі, сучасніцай полацкай Спаскай царквы; другая — цалкам абгрунтавана супадзенне канструкцый гэтых двух збудаванняў. Апошняе меркаванне толькі пацвярджае выснову ў сувязі дзвюх будаўнічых арцеляў — полацкай і віцебскай”…

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"