Выхад выдання ажыццёўлены пад эгідай Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь па заказе і фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі краіны...
У кнізе сабраны апісанні гербаў і сцягаў 197 адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь: абласцей, раёнаў, гарадскіх пасёлкаў ды вёсак. Асобны раздзел прысвечаны Дзяржаўнаму сцягу і Дзяржаўнаму гербу краіны. Выданне — навуковае, але разлічана на шырокае кола чытачоў, таму ў кнізе змешчаны кароткая гісторыя развіцця беларускай тэрытарыяльнай геральдыкі і асноўныя правілы "канструявання" гербаў.
Кожная гербавая выява суправаджаецца гістарычным нарысам пэўнага паселішча. Такім чынам, кніга з’яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй беларускіх гарадоў і мястэчак, а таксама — шляхецкіх родаў, лёс якіх спалучыўся з гісторыяй тых або іншых краёў, і іх прыватныя гербы, цалкам альбо фрагментарна, увайшлі ў нашу тэрытарыяльную геральдыку.
Аб’ёмам і грунтоўнасцю інфармацыі дадзенае выданне значна пераўзыходзіць папярэднія на тую ж тэматыку. Паводле памераў “Гербы і сцягі гарадоў і раёнаў Беларусі” (2004 г.) і “Гербы і сцягі Беларусі” (2006 г.) побач з гэтым альбомам глядзяцца сціпла.
Варта адзначыць высокую якасць друку альбома “Сучасная геральдыка Беларусі”. Мяркуючы па малым накладзе — усяго 2 000 асобнікаў — кніга даволі хутка стане бібліяграфічнай рэдкасцю.