Сага пра Тэатр

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Пра тое, як узводзілі знакаміты будынак / На працягу шэрагу нумароў — аповед пра гісторыю ўзвядзення знакамітага будынка, дзе сёння месціцца Купалаўскі тэатр. Увесну калектыў мае прыняць першых гледачоў пасля вяртання гэтаму будынку яго гістарычнага аблічча.

Словазлучэнне “архітэктар тэатра” выклікае ў культурнага мінчаніна адзіную асацыяцыю — імя Іосіфа Лангбарда, які пабудаваў у 1930-я Вялікі тэатр — сённяшні Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета. Але быў і іншы архітэктар, што можа прэтэндаваць на гэтае званне: дойлід першага мінскага гарадскога тэатра Караль Казлоўскі, 165 гадоў з дня нараджэння якога споўнілася летась.

/i/content/pi/cult/407/8313/14-1.jpeg

Зараз яго імя малавядомае. А ў той час Караль Казлоўскі — паспяховы і запатрабаваны варшаўскі архітэктар — узвёў у Мінску будынак, які праз дзесяцігоддзі, у 1940-м, быў прызнаны сучаснікамі “лепшым у цяперашні час па прыгожасці і вытанчанасці ў горадзе”.

Наўрад ці праектуючы свой будынак — невялікі драматычны тэатр у Мінску — Казлоўскі мог меркаваць, што стварае аб’ект, які ўвойдзе ў гісторыю Беларусі — і не толькі тэатральную. Колькі бачылі гэтыя сцены! Калі б на гэтым будынку можна было павесіць памятныя шыльды, іх набралася б багата: “У гэтым будынку ў 1919 годзе была прынята першая Канстытуцыя Савецкай Беларусі”; “У гэтым будынку ў 1917 годзе выступала Першае Таварыства беларускай драмы і камедыі”; “Тут у 1908 годзе адбылася прэм’ера “Балаганчыка” Аляксандра Блока ў пастаноўцы Усевалада Меерхольда”; “Тут выступаў знакаміты яўрэйскі пісьменнік Шалом-Алейхем”… У ім іграла народная артыстка СССР і народная артыстка Беларусі Стэфанія Станюта, а таксама — вялікія рускія актрысы Вера Камісаржэўская, Марыя Савіна… Тут, акрамя спектакляў, праходзілі юбілейныя ўрачыстасці, бенефісы, тэатральныя фестывалі, урачыстыя сходы, прэзентацыі. Дух будынка надаваў кожнай урачыстасці святочны ды ўтульны характар. Словам, так склалася, што гмах аказаўся не толькі архітэктурным, але і гістарычным помнікам Беларусі.

Сёлета яму спаўняецца 115 гадоў. Маленькую ўтульную залу Купалаўскага тэатра з “радзівілаўскімі”, вывезенымі з Нясвіжа (і цяпер вернутымі туды), люстэркамі ў вестыбюлі любілі мінчане, хоць і скардзіліся на цеснату. Гэта натуральна: тэатр, ацалелы ў дзвюх сусветных войнах, будаваўся для горада са стотысячным насельніцтвам...

У кастрычніку 2009 года на калегіі Міністэрства культуры быў зацверджаны праект рэканструкцыі будынка тэатра. Ён атрымаў стылізаваную ў кірунку эклектыкі прыбудову для складоў дэкарацый і “спусціўся” ўніз на тры паверхі. Скарацілася — на 150 — колькасць месцаў у глядзельнай зале. Фасад і інтэр’ер глядзельнай залы меркавалася аднавіць у першапачатковым выглядзе, як задумаў аўтар — архітэктар Казлоўскі.

Дык хто ж такі Караль Казлоўскі? Мінчане ведаюць пра архітэктара тэатра вельмі мала: нават на старой ахоўнай шыльдзе не было ягонага імя. Нямногія знаўцы Мінска могуць правільна назваць імя і прозвішча архітэктара: у прэсе часта памылкова падаюць ягонае імя на чэшскі лад — “Карэл”, замест польскага “Караль”. Мінскі гарадскі тэатр пабудаваў жыхар Варшавы, што было справай звычайнай, бо Царства Польскае ўваходзіла тады ў склад Расійскай імперыі. Але чаму менавіта ён быў запрошаны для будаўніцтва тэатра?

Крыху перадгісторыі. Тэатр у Мінску дзейнічаў у ХІХ ст., але свайго будынка ніколі не меў. Неабходнасць у аднаўленні працы тэатра ў сваёй уласнай, а не арандаванай зале, так званым зімнім тэатры (лядашчы “летні” павільён быў у Аляксандраўскім садзе), адчувалася ў Мінску даўно. Прыгожы тэатр быў пабудаваны нават у суседнім губернскім Магілёве, і адміністрацыя вялікай і заможнай Мінскай губерні зведвала пэўныя комплексы з-за адсутнасці трох абавязковых складнікаў развітой гарадской цывілізацыі: тэатра, трамвая і ўніверсітэта. Вырашыць першае пытанне аказалася прасцей за ўсё; другое ж і трэцяе ажыццявіліся толькі ў 1920-я, у савецкі час, ужо ў Мінску з новым статусам сталічнага горада.

Ініцыятарам будаўніцтва тэатра выступіў губернатар Мікалай Трубяцкой. Можна толькі меркаваць, як здзяйсняўся выбар архітэктара...

(Працяг будзе.)

Надзея УСАВА, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь