Турнір з бюракратычнымі ветракамі

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Выспа турызму аднаго Дон Кіхота па суседстве з бабрамі

Вынікі мінулагодняга конкурсу “Лепшы прыклад аховы гісторыка-культурнай спадчыны”, праведзенага Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, утрымлівалі сапраўдную сенсацыю. Апярэдзіўшы буйныя рэстаўрацыйныя праекты ў сталіцы ды абласных цэнтрах, другое месца заняў фермер са Светлагоршчыны Уладзімір Быхаўцаў. Яго даробак выглядае даволі сціпла: перанёс на свой хутар ды аднавіў вятрак ХІХ стагоддзя, тым самым уратаваўшы яго ад немінучай гібелі.

Зрэшты, як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аксана Сматрэнка, нічога дзіўнага ў рашэнні камісіі насамрэч няма: аб’ём праведзеных работ і, тым больш, колькасць укладзеных сродкаў зусім не з’яўляліся галоўнымі крытэрыямі ацэнкі. Бо самае важнае — гэта менавіта падыход.

Наўрад ці хто будзе спрачацца з тым, што фермер сапраўды спарадзіў выдатны прыклад, варты пераймання. А вось той досвед, які набыў Уладзімір Быхаўцаў на шляху да рэалізацыі сваёй задумы, хочацца верыць, свайго працягу ў будучыні мець не будзе. Бо ва ўсіх кутках Беларусі ўжо даўно пара зразумець: час, калі дбайны прыватнік, бы той шляхетны Дон Кіхот, мусіў выпрабоўваць сваю адвагу ў турніры з бюракратычнымі ветракамі, даўно і незваротна адышоў у мінулае.

 Млын сутыкнення

Як і многія цікавыя гісторыі, пачалося ўсё выпадкова. Працуючы лесніком, Уладзімір Быхаўцоў гадоў дзевяць таму трапіў у глухі беларускі куток паміж Дняпром і Бярэзінай, дзе ў спрадвечным змаганні прыроды і цывілізацыі першая ўпарта бярэ сваё: сельскагаспадарчыя прадпрыемствы там ужо спынілі сваё існаванне, а вёскі — зусім малалюдныя…

— Вырашылі мы скараціць шлях ды праехаць напрасткі цераз лес, — апавядае ён. — Запыталі ў мясцовых дарогу, але ж самі ведаеце, як яны тлумачаць... У выніку заблукалі і неяк зусім выпадкова апынуліся ў вёсцы Ляды, што на Жлобіншчыне. Бачу: ля ваколіцы стаіць закінуты млын. Крылаў у яго ўжо не было, сам зруб таксама ладна пахіліўся, але ж механізмы захаваліся ў выдатным стане. І ў мяне адразу з’явілася думка: перанесці гэты млын на свой агратурыстычны комплекс, які на той момант яшчэ толькі ўзнік...

Многія добрыя думкі як з’яўляюцца, так і знікаюць, але... толькі не ў выпадку з гэтым чалавекам. За справу ён узяўся адразу і ўсур’ёз.

— Запытаў у мясцовых жыхароў, чый гэта млын, — працягвае Уладзімір Быхавец. — “А нічый, — адказалі тыя. — Некалі быў калгасны, але ад калгаса таго ўжо нічога не засталося…”

Шыльдачкі з надпісам “Гісторыка-культурная каштоўнасць” на сцяне ветрака не было выяўлена, хаця ўжо на той час ён быў унесены ў Дзяржаўны спіс: адпаведнае рашэнне было прынята Навукова-метадычнай радай па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны 18 снежня 2002 года. Прававызначальныя дакументы на гэтую пабудову, як пазней выявілася, таксама адсутнічалі. І паспрабуй тут знайсці канцы...

Клубок давялося разблытваць досыць доўга. Але ж дзякуючы гэтаму млын цяпер ужо не “ананімны”: адкрыліся ўсе перыпетыі яго гісторыі. На сюжэт для поўнаметражнай кінадрамы іх цалкам павінна хапіць.

Некалі млын стаяў на хутары Савелія Фамянка. Ісці ў калгас гэты моцны гаспадар адмаўляўся наадрэз, і таму ў 1927-м уся яго сям’я апынулася ў ГУЛАГу. На першы раз тэрмін быў невялікі, але вярнуўшыся ў родны кут праз тры гады, гаспадар ізноў заўпарціўся: маўляў, пакаранне я адбыў, дык пакіньце мяне ў спакоі. І вось, тады сям’я была раскулачана, яе пазбавілі ўсёй заробленай гадамі маёмасці, пакінуўшы хіба толькі лазню, а Савелій Фамянок ізноў трапіў у сібірскае спецпасяленне — ужо на сем гадоў…

— 15 сакавіка 1938-га ён быў вызвалены, і ў той жа самы дзень — ізноў арыштаваны, — распавядае Уладзімір Быхаўцаў.

 

— Гэтым разам ужо па расстрэльным артыкуле: за ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі. Прысуд быў неўзабаве выкананы, а магілай Фамянку сталі бяскрайнія балоты…

І вось, у 1996-м млын быў вернуты дзецям яго колішняга гаспадара. Фермер здолеў выйсці на след дачкі апошняга, каб прыдбаць у яе вятрак, паабяцаўшы пры гэтым увекавечыць памяць бацькі. Згода была хутка дасягнута, а на адсутнасць прававызначальных дакументаў на гэты аб'ект ніхто тады не звярнуў увагі.

— Калі мы ўжо пачалі разбіраць млын, каб перанесці яго ў маю гаспадарку, раптам прыехалі супрацоўнікі міліцыі і пракуратуры, супраць мяне была нават узбуджана крымінальная справа… — распавядае Уладзімір Быхаўцаў.

У пэўнай меры, такі паварот сюжэта быў вытлумачальны: работы на помніку спадчыны распачаліся без адпаведнага дазволу Міністэрства культуры краіны. Сам фермер настойвае на тым, што ён ведаць не ведаў пра адмысловы статус той “развалюхі” (ахоўнай дошкі ж на ёй не было!), а гаспадыню таксама ніхто не ставіў у вядомасць пра яго наданне. Але няведанне, як вядома, не вызваляе ад адказнасці...

— Мы адразу ж звярнуліся ў Міністэрства культуры з просьбай выдаць нам адпаведны дазвол на правядзенне работ, — кажа Уладзімір Быхаўцаў. — Мушу зазначыць, што прынялі мяне там вельмі прыязна ды ахвотна пракансультавалі па ўсіх тых пытаннях, у якіх я, вядома, быў зусім некампетэнтны…

Але неўзабаве ўзнікла і яшчэ адна праблема: маёмасная. Здавалася б, яна ў дадзеным выпадку неяк не да месца: гутарка ж вядзецца пра незапатрабаваны і, лічы, “бесперспектыўны” аб’ект, які рассыпаўся ў парахню літаральна на вачах. Ды тым не менш...

— Калі мы распачалі работы, адразу ж выявілася, што гэты млын, які прастаяў закінуты ўжо не адзін год, раптам стаў усім патрэбны! — кажа фермер. — Прыкладам, жлобінскія ўлады нават распрацавалі планы па яго аднаўленні...

Атрымаўся своеасаблівы юрыдычны казус. Як выявілася, для таго, каб уступіць у правы спадчынніцы, уласніцы млына патрэбна было аформіць цэлы пакет дакументаў. Пажылая жанчына не дала сабе з гэтым рады, і таму атрымалася, што фармальна яна спадкаемцай так і не стала. З іншага боку, належнай працэдуры адчужэння маёмасці Жлобінскім райвыканкамам таксама не было праведзена. Адпаведна, у пэўны момант свайго жыцця бедачына-млын апынуўся і сапраўды нічыйным.

Лагічным рашэннем праблемы было афармленне тых самых прававызначальных дакументаў на імя спадкаемцы. Вядома ж, Уладзімір Быхаўцаў узяў на сябе гэтыя клопаты. Але тут пачаўся сапраўдны тэатр абсурду.

— Прыкладам, ад нас патрабавалі копію тэхпашпарта на механізмы млына, прычым абавязкова выдадзеную на тым заводзе, дзе яны былі зроблены, — распавядае Уладзімір Быхаўцаў. — Уяўляеце: праз паўтара стагоддзя! Або — даведку аб месцы пахавання Савелія Фамянка, які быў расстраляны недзе ў бязмежных бійскіх балотах...

У такой сітуацыі іншы, мусіць, проста махнуў бы рукой, а потым тыя рукі апусціў. Але Уладзімір Быхаўцаў біўся як сапраўдны рыцар, штораз знаходзячы выйсце з тупіковых сітуацый. І біўся ён, адзначым, з ветракамі — з бесцялеснымі хімерамі бюракратызму. Валакіта доўжылася каля двух гадоў. Колькі яна запатрабавала часу, сродкаў, нерваў...

— Думаю, што каб наша ініцыятыва не атрымала падтрымкі — няхай сабе і маральнай — у Міністэрстве культуры краіны, яна так і завісла б у паветры, — кажа фермер.

У рэшце рэшт, наступіў “хэпі-энд”. Пасля таго, як Міністэрства культуры выдала дазвол на перанос помніка спадчыны, імпэт “на месцах” крыху суняўся, і Уладзімір Быхаўцаў узяўся за справу.

— Калі разбіралі млын, на жорнах знайшлі клеймы, найстарэйшае з якіх датуецца ажно 1847 годам! — распавядае ён.

Адзначым, што фермер зарэкамендаваў сябе як вельмі дысцыплінаваны ўласнік помніка спадчыны. Усе работы адбываліся пад наглядам кампетэнтнага навуковага кіраўніка — доктара архітэктуры і вядомага "млыназнаўцы" Сяргея Сергачова. Адпаведна, і належны ўзровень быў вытрыманы.

— Аднаўляючы млын ужо на новым месцы, выкарысталі ўсе тыя арыгінальныя часткі, якія было магчыма, — распавядае фермер. — Але ж каркас, прыкладам, давялося рабіць наноў: стары прагніў ушчэнт. На ўсе работы спатрэбілася гады мо тры…

Урэшце быў дасягнуты самы важны вынік: млын ізноў можа малоць муку! Прычым не на электрапрывадзе, а менавіта па старой “дзедаўскай” тэхналогіі. Праўда, хлебам з той мукі ў сядзібе фермера пакуль не частуюць, але... напэўна, гэта справа часу.

Пасярод дрыгвы

Светлагорск — гэта малады і сучасны горад, які месцамі нагадвае дагледжаныя сталічныя мікрараёны. Але ж літаральна праз якія пятнаццаць хвілін язды на машыне ты трапляеш у зусім іншы свет — суцэльнае валадарства непралазных палескіх балот. Менавіта сярод іх і затаіўся агратурыстычны комплекс Уладзіміра Быхаўцава.

 

 — Быў час, калі туды нават “Урал” не мог праехаць, але ж цяпер дарога, як бачыце, нішто сабе, — распавядае ён. — Падсыпалі трохі...

Між іншым, патрэбны паварот з трасы турыст не прапусціць: яго маркіруе дарожны ўказальнік, зроблены адразу на трох мовах (няхай сабе і небездакорна, бо геаграфічныя назвы, як вядома, не перакладаюцца). А для кантрасту паведамім, што агратурыстычны комплекс яшчэ і дасюль не электрыфікаваны! Пра тыя выгоды, якія даступны ў любой беларускай вёсцы, Уладзімір Быхаўцаў можа толькі марыць: адкуль узяцца камунікацыям пасярод дрыгвы?

— Намаганняў прыкладзена шмат, але спадзяюся, што ўжо ў самым хуткім часе праблему мы вырашым, — кажа фермер.

Гэты аб’ект — адзін з піянераў. Уладзімір Быхаўцаў пачаў займацца агратурызмам яшчэ ў 2001-м. Каб рэалізаваць усе задумы гаспадара, спатрэбіцца, мабыць, столькі ж часу. Прыкладам, ён знайшоў добры спосаб кампенсаваць адсутнасць нармальнага вадаёма: вырыць яго “з нуля”. Гектараў гэтак на пятнаццаць... Дакументацыя ўжо робіцца.

— Вады ў нас тут хапае, а вось купацца пакуль няма дзе, — наракае гаспадар. — Затое баброў вельмі шмат. Такіх плацін набудуюць, што нават дзіву даешся. Таму для аматараў прыроды гэтае месца нічым не заменіш…

Ёсць і яшчэ адна ідэя: стварыць на хутары своеасаблівы міні-скансен. Фермер ужо “закінуў вуду”, каб перанесці да сябе дом лесапрамыслоўца з мястэчка Парычы. Не так даўно яго дах ушчэнт згарэў, і помнік драўлянага дойлідства апынуўся ў незайздросным становішчы.

Увогуле, Светлагорскі раён можа ганарыцца чым заўгодна, акрамя архітэктурных помнікаў. Іх статус маюць усяго тры будынкі: млын, той самы дом і сціплая камянічка з тых самых Парычаў. Рэсурсаў для пашырэння гэтага спісу за кошт уключэння новых аб'ектаў таксама небагата. Ёсць яшчэ, праўда, помнікі археалогіі. Але, як нядаўна выявілася, адзін з іх быў выпадкова знішчаны — нават невядома, кім і калі.

Адпаведна, Светлагоршчына — гэта край, дзе мінуўшчына не кідаецца ў вочы, уражваючы стромкімі вежамі касцёлаў альбо рванымі абрысамі замкавых руін. Тут яна ўтоеная, схаваная сярод тых самых балот. Стараннямі Уладзіміра Быхаўца, безыменны лапік сярод дрыгвы вярнуў сваю гістарычную назву: Міколін востраў. Як выявілася пад час ініцыяваных фермерам архіўных даследаванняў, гэты хутар быў вядомы ўжо з 1779 года, а праіснаваў ён да 1938-га. Што было далей, можна здагадацца.

Побач з прыгажуном-млыном — мемарыяльны знак, устаноўлены ў гонар яго колішняга ўласніка Савелія Фамянка. Між іншым, ягоны хутар называўся не іначай, як Мікалаеў. Вось такое нібы выпадковае супадзенне...

Увогуле, перанос помніка спадчыны Міжнародная супольнасць рэстаўратараў (а ўслед за ёю — і беларускае заканадаўства), мякка кажучы, не вітае. Паводле Венецыянскай хартыі, ён дапушчальны толькі тады, калі захаваць аб’ект на яго першасным месцы немагчыма, што, па вялікім рахунку, датычыцца і дадзенага выпадку. Ды, як бачым, гэтыя захады, неаспрэчна, спрыяюць захаванню не толькі будынка, але таксама і гістарычнай памяці, дазваляючы больш глыбока прасякнуцца мінуўшчынай усяго народа на прыкладзе асобных сем’яў, чый лёс быў бадай “звычайны”.

Мільянерам ніхто не стаў

Зрэшты, “жарсці па млыне” на гэтым не скончыліся. Ужо пасля таго, як ён быў устаноўлены ў агратурыстычным комплексе, у яго раптам аб’явіліся шматлікія спадкаемцы — агулам 36! Віной таму — адна з газетных публікацый, дзе паводле дзіўнага алгарытму такі помнік спадчыны ацэньваўся... ажно ў мільён долараў! Прачытаўшы артыкул, нашчадкі Савелія Фамянка ўспрынялі тую лічбу блізка да сэрца... Вядома ж, мільён дзяліць ім не давялося.

Усё гэта тым больш смешна, калі ўлічыць, што казаць пра прыбыткі ў дадзеным выпадку ўвогуле праблемна: адноўлены млын, насамрэч, ніякіх дывідэндаў прынесці не можа. А вось затое выдаткі... І менавіта таму большасць ацалелых ветракоў (раней іх ніхто не лічыў, а засталося ўсяго каля тузіна) мірна дагніваюць сабе дзесьці на ўзбочыне сучаснага жыцця. Прыкладам, у Клецкім раёне такіх “развалюх” яшчэ нядаўна было ажно тры, а цяпер ужо на адну менш...

Дадамо яшчэ, што ў “катэгорыю рызыкі” трапілі і вадзяныя ды паравыя млыны, якія рабіліся звычайна з камянёў альбо цэглы і добра перажылі сваё першае стагоддзе без усялякіх рамонтаў. І хаця іх сцены маюць нейкую аб’ектыўную эканамічную вартасць, на большасць з такіх помнікаў ніхто не прэтэндуе. Прычым закінутымі яны стаяць нават у самых, здавалася б, турыстычных мясцінах. Прыкладам, у Завушшы, што за два крокі ад Нясвіжа і яшчэ за два — ад трасы М1. Там нават механізмы сяк-так захаваліся, але... Ідэя перакрыць дах ды зрабіць там тую ж аграсядзібу пакуль так і не рэалізавана. І колькі яшчэ падобных прыкладаў: Воўчын, Зэльва, Крэва...

А вось пералічыць каменныя млыны, што займелі другое жыццё, можна па пальцах рук. Зрэшты, і некаторым ветракам пашчасціла: яны былі перанесены ў музеі (толькі ў Азярцы іх тры, плюс адзін у “Дудутках”) альбо цэнтры рамёстваў  — на Баранавіччыне і Бабруйшчыне.

Але, бадай, упершыню пра захаванне такога помніка спадчыны парупіўся менавіта прыватнік, прычым далёка не мільянер. Трэба адзначыць, нават лепш за іншых, захаваўшы не толькі відарыс млына, як гэта бывае звычайна, але і яго функцыянальнае прызначэнне. У наш прагматычны век можа падацца, што практычныя матывацыі для такога геройства знайсці немагчыма. Хаця насамрэч яны — навідавоку. Млын сёння ўжо стаў сапраўднай “фішкай” агратурыстычнага комплексу.

Многія калегі Уладзіміра Быхаўцава перакананы, што без такіх дарагіх (ва ўсіх сэнсах слова) адметнасцей, без грунтоўных архіўных пошукаў ды ўвогуле гістарычнага бэкграўнду жыць на свеце значна лягчэй. Балазе катэдж “на прыродзе” і без таго нязменна карыстаецца добрым попытам, асабліва калі яго назваць модным словам “аграсядзіба”. І такія катэджы растуць бы грыбы пасля дажджу, не надта адрозніваючыся адно ад аднаго нават назвамі.

Сапраўды, сёння попыт на агратурызм збольшага перавышае прапанову — адпаведна, выбіраць кліент можа далёка не заўжды. Але ўсё няўхільна ідзе да таго, што сітуацыя зменіцца акурат на карысць кліента. Гэта раней пра гарачы душ у зацішным кутку можна было хіба толькі марыць. Аграсядзіб штогод становіцца ўсё больш, і разам з тым расце патрабавальнасць спажыўцоў. Таму можа стацца, што “базавага камплекту” выгод ім будзе ўжо недастаткова. Натуральным чынам узнікне канкурэнцыя, і, праглядаючы спіс соцень назваў кшталту “Елачкі плюс”, кліент урэшце спыніцца менавіта на Міколіным востраве.

 

 — Ведаеце, рэкламай мы пакуль асабліва і не займаемся: усё ж яшчэ — у стадыі развіцця, — кажа Уладзімір Быхаўцаў. — Але турысты нас і самі знаходзяць: не толькі са Светлагорска, але і з Мінска — хаця і далекавата, канешне ж. Замежнікі рэгулярна бываюць з самых розных краін... Людзі даведваюцца пра нас, і ў іх само сабою ўзнікае жаданне прыехаць…

Гэты аб’ект аграэкатурызму імкнецца вылучыцца не колькасцю спадарожнікавых каналаў або нейкімі надзвычайнымі ўмовамі сучаснага сэрвісу (імі сучаснага чалавека ў кожным разе ўжо не здзівіць), але менавіта сваёй самабытнасцю, як прыроднай, так і гістарычнай. Вось, з нядаўняй пары на хутары “прызямліўся” сапраўдны ваенны самалёт АН-2 — мадыфікацыя знакамітага разведчыка У-2. Між іншым, амаль у спраўным стане.

— У вайну гэтыя зацішныя балоты былі сапраўдным цэнтрам падзей, — распавядае Уладзімір Быхаўцаў. — Тут актыўна дзейнічалі партызаны, тут дзевяць месяцаў стаяў фронт, літаральна кіламетраў за пяць адсюль быў штаб Жукава на пачатку аперацыі “Баграціён”... Нам ёсць што паказаць ды распавесці наведвальнікам…

...Урэшце, акцэнтуючы ўвагу на развіцці аграэкатурызму, дзяржава мела на ўвазе не толькі эканамічны фактар, але і ставіла сацыяльныя ды дэмаграфічныя задачы. Не сакрэт, што колькасць вёсак у нас паступова скарачаецца. Але ж стараннямі Уладзіміра Быхаўцава ў краіне стала на адзін сельскі населены пункт больш. Летась Тапанімічная камісія пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь надала гэты афіцыйны статус адроджанаму з нябыту хутару Міколін востраў…

Мінск — Светлагорскі раён — Мінск