Розныя вобразы, розныя фарбы…

№ 47 (813) 24.11.2007 - 30.11.2007 г

У Рэспубліканскай галерэі “Палац мастацтва” Беларускага саюза мастакоў нядаўна прайшлі персанальныя выстаўкі двух вядомых светлагорскіх жывапісцаў і культурна-асветніцкіх дзеячаў Гомельшчыны — Мікалая Кухарэнкі і Віктара Баранава, а таксама таленавітага мінскага мастака — Аляксандра Дэшко, “беларускага Чурлёніса”.

/i/content/pi/cult/138/831/Roznyja-vobrazy1.jpg 

В.Баранаў. “Шацілкі. Вечарэе”.

Прыгажосць вялікага і дзіўнага свету навакольнай Прыроды, дзе разам арганічна, непарыўна з Ёю, існуе сам Чалавек, — асноўны лейтматыў творчасці гэтых прывабных майстроў пэндзля.
Уражвае жыццёвы і творчы шлях Віктара Баранава. Мужны, мэтанакіраваны, адораны чалавек, які скончыў толькі завочныя курсы Народнага універсітэта мастацтваў у г. Маскве ў далёкія 60-я гг., у выніку ўпартай працы, пастаяннага самаўдасканальвання здолеў дасягнуць адметных, значных творчых поспехаў і ў рэшце рэшт стаць прафесійным мастаком. Шмат гадоў працаваў ён на Гомельскім камбінаце “Мастацтва”, упрыгожваў дзяржаўныя грамадскія, вытворчыя, навучальныя ўстановы, а ў вольны час — “вырываўся” на эцюды і апантана творча працаваў. Яго пейзажы, нацюрморты не пакідаюць абыякавымі. Творы мастака “Восень на Светлагоршчыне”, “Летні вечар”, “Зіма. Шацілкі”, “Сельскія будні”, “Вясна на Бярэзіне” дэманструюць назіральнасць, паэтычнасць, добры густ, тонкае адчуванне зменлівага стану прыроды, вялікую любоў да роднай зямлі, добры талент каларыста.
Выпускнік Разанскага мастацкага вучылішча і Санкт-Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў Мікалай Кухарэнка — нязменны ўдзельнік абласных і рэспубліканскіх мастацкіх выставак, аднолькава ўдала працуе ў розных жанрах жывапісу. У творчасці мастака станоўчае месца займае партрэт. У вобразах сваіх сучаснікаў аўтар імкнецца адлюстраваць не столькі знешняе падабенства, род дзейнасці людзей, але перш за ўсё перадаць іхнія
 /i/content/pi/cult/138/831/Roznyja-vobrazy3.jpg
М.Кухарэнка. “Восеньскі нацюрморт”.
ўнутраны стан душы і характары. Здаецца, у адных толькі вачах яго родных дачкі і жонкі сканцэнтравана іх узаемнае каханне і жыццёвы лёс... Улюбёны кампазіцыйны прыём майстра — расчыненае насцеж вакно, праз якое ў пакой, свет чалавечы ўрываецца паветра, святло і гукі прыроды.
Выкладчык і кіраўнік Светлагорскай дзіцячай мастацкай школы, Кухарэнка — таленавіты знаўца і прапагандыст сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва ў рэгіёне. Па яго прапанове пры школе адкрыты выставачны зал, рэгулярна наладжваюцца групавыя, персанальныя і перасоўныя мастацкія выстаўкі, дзейнічае Галерэя творчасці адораных дзяцей.
Разам з Віктарам Баранавым і іншымі мясцовымі творцамі ён удзельнічаў на выстаўках у розных гарадах Беларусі, а таксама ў Хельмштадце (Германія), Разані, Бранску, Клінцах. 

***
Там жа, у Палацы мастацтва, сапраўднай нечаканасцю для аматараў Прыгожага стала і
 /i/content/pi/cult/138/831/Roznyja-vobrazy2.jpg
А.Дэшко. “Вясенняя ноч”.
першая персанальная выстаўка жывапісу і графікі мінчаніна Аляксандра Дэшко — творцы вялікай, шматзначнай патэнцыі, чалавека з багатай асабістай унутранай духоўнай культурай, які валодае унікальным, амаль экстрасэнсорным поглядам на свет. Ён імкнецца данесці да гледача не проста прыгожыя вонкавыя прыродныя стан і форму, і нават не толькі асэнсаваць, “пераварыць” убачанае праз уласныя думкі і пачуцці... Здаецца, у навакольнай рэчаіснасці ён бачыць яшчэ нашмат больш — і бліскуча адлюстроўвае ўсё гэта на паперы і палатне. Некранутай чысціні і свежасці, быццам “першародныя”, такія непаўторныя, чароўныя ў яго творах колерамузычныя фарбы!
У незвычайных пейзажах мастака, якія дораць радасць, натхняюць, хвалююць — “Белая маўклівасць”, “Зорка, якая падае”, “Змярканне. Снег ужо растае”, “Нараджэнне вясёлкі”, “Купалле”, “Сонечная сенажаць”, “Жабіна царства”, — цудоўным чынам спалучаюцца музыка і жывапіс, паэзія і філасофскі роздум аб вытоках і сэнсе быцця, падкупляюць рамантызм і аптымізм ягонага юнацкага светаўспрымання...

Аляксандр РУНЕЦ