“Паштоўка” на Ражджаство

№ 1 (1075) 05.01.2013 - 12.01.2013 г

8 студзеня будуць уручаны прэміі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі дзеячам культуры і мастацтва. Пасля ўрачыстай цырымоніі адбудзецца, паводле традыцыі, святочны канцэрт. Чым ён парадуе нас сёлета? Якімі стануць яго адметнасці?

— У канцэрце, — паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іна Адамовіч, — возьмуць удзел лепшыя салісты і творчыя калектывы краіны. Сярод іх — народныя артысты рэспублікі Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, ансамбль “Камерата”, Прэзідэнцкі аркестр Беларусі на чале з Віктарам Бабарыкіным, Дзяржаўная харавая капэла імя Рыгора Шырмы, оперныя салісты Уладзімір Громаў, Аляксандр Краснадубскі, Станіслаў Трыфанаў, вядомыя эстрадныя спевакі Наталля Тамела, Дзмітрый Качароўскі, гітарыстка Ірына Ігнацюк, лаўрэат міжнародных конкурсаў, піяніст Аляксандр Музыкантаў, ансамбль кафедры харэаграфіі БДУКіМ, навучэнцы сталічнага харэаграфічнага каледжа і многія іншыя.

— “Разыначкай” святочнага канцэрта, — распавяла рэжысёр Уладзіслава Арцюхоўская, на творчым рахунку якой — ажно тры Галоўныя ёлкі краіны, шматлікія святочныя канцэрты, у тым ліку на “Славянскім базары ў Віцебску”, — стане прыём “жывой” каляднай паштоўкі. Мастачка Вольга Грыцаева зробіць на сцэне гэткі заснежаны калядны сад. У ім пастаянна мае знаходзіцца каля пяцідзесяці артыстаў. Яны будуць то “заміраць”, быццам выява на паштоўцы, то рухацца, змяняючы мізансцэны. Такога папраўдзе не было раней. Увогуле, разнастайных навінак ды прыдумак будзе куды больш, чым звычайна. Чаго вартыя, да прыкладу, хаця б сукенкі-трансформеры! Ці амаль сотня ліхтароў, што “запаляцца” ў час выступлення Анатоля Сіўко! Фіналам стане прэм’ера каляднай песні Алены Атрашкевіч на словы Людмілы Войнавай, калі на сцэну выйдуць усе дзве сотні ўдзельнікаў вечарыны. Цікавым будзе і пачатак канцэрта: Алена Ланская выступіць разам з тэатрам “Рукі” БДУКіМ, артысты якога будуць ствараць выявы літар і “складаць” з іх словы: “Надзея”, “Вера”, “Любоў” — як галоўныя пастулаты духоўнасці...

Н.Б.