Як распавёў нашаму карэспандэнту маэстра Міхаіл Фінберг, сёлетні фэст — ізноў жа, па добрай традыцыі, — будзе прысвечаны класіку беларускай акадэмічнай музыкі і стане важнай падзеяй у адзначэнні 100-годдзя з дня нараджэння народнага артыста СССР Анатоля Багатырова. Праграма калектываў аркестра будзе, як заўсёды, эксклюзіўнай — адпаведна, аматараў “сур’ёзнай” беларускай музыкі чакае мноства сюрпрызаў.
У той самы час, фестываль у Заслаўі мае і асветніцкае значэнне. Ужо не ўпершыню ў яго рамках адбудзецца конкурс навучэнцаў музычных школ Міншчыны.
— Мэта ўсіх нашых фестываляў — папулярызацыя нацыянальнай музыкі, — адзначыў Міхаіл Фінберг. — І таму навучэнцы будуць спаборнічаць у выкананні інструментальных п’ес беларускіх кампазітараў.
Ёсць усе падставы меркаваць, што конкурс будзе папраўдзе бяспройгрышным — яго ўдзельнікі не змарнуюць свой час у Заслаўі хаця б таму, што яны атрымаюць унікальную магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класе маэстра Фінберга, што таксама запланаваны ў рамках фестывалю. Для маладых музыкантаў ён павінен стаць запамінальнай падзеяй.