“Убачыць Зямлю ўсю...”

№ 1 (1075) 05.01.2013 - 12.01.2013 г

Так прыгожа і ўзвышана называецца юбілейная выстаўка народнага мастака Беларусі Віктара Грамыкі, прысвечаная 90-годдзю гэтага выдатнага жывапісца і педагога, якая 3 студзеня ўрачыста, пры вялікай колькасці прыхільнікаў ягонага таленту, адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі.

“Убачыць зямлю ўсю” — гэты дэвіз экспазіцыі можна з поўным правам аднесці цалкам да ўсяго мастацтва Віктара Аляксандравіча, бо гэтая Зямля з вялікай літары — галоўная і асноватворная тэма яго мастакоўскага жыцця: зямля, абпаленая агнём вайны і палітая крывёю; зямля, абноўленая пасля Перамогі; зямля і на ёй — чалавек, цудоўны ў сваёй існасці і дабрыні. Канешне ж, Віктар Грамыка перш за ўсё — пясняр подзвігу чалавека на вайне. І гэты подзвіг ён бліскуча адлюстраваў не толькі ў сімволіка-алегарычных шматфігурных палотнах, але і ў “карцінных” пейзажах-сімфоніях, якія ён вар’іраваў у розных эмацыйных ключах, звязаных з памяццю пра пражытае і прачулае ў мінулай вайне, бо нялёгкае партызанскае юнацтва — заўсёды ў ягоным сэрцы. І плынь гадоў гэтае пачуццё не сцірае, а часам нават абвастрае, і тады рука міжволі цягнецца да пэндзля або да пісьменніцкага пяра (успомнім яго цікавую кнігу ўспамінаў “Вясёлка над дарогай”!)...

/i/content/pi/cult/406/8303/1-2.jpeg

Віктар Грамыка — рэаліст-рамантык, які выпрацаваў гераічны, узвышаны лад мыслення, дзе жыццёвая праўда неаддзельная ад мары, а эпас — ад пранізлівай лірыкі. Партызанская маладосць падарыла мастаку такую магчымасць, і сама атрымала ў ягоных творах сваё высокаэстэтычнае вытлумачэнне. Таму работы гэтыя заўсёды сучасныя: ад знакамітых палотнаў “Салдаты”, “1941 год. Над Прыпяццю”, “Песня пра мой атрад”, “Яблыкі ўраджаю 1941 года” да карцін “Ільны беларускія”, “Чырвоныя землі Полаччыны”, “Над старымі акопамі — цішыня”, “І неба над намі”, “Дарога на Лепель”, “Вясёлка над храмам”, “Васіль Быкаў. Роздум”... Сучаснасць гэтая — у іх адкрытасці, у даверы мастака да гледача, у майстэрстве зрабіць яго давераным сваіх пачуццяў. У гэтым заключаецца вялікае прынцыповае значэнне і каштоўнасць творчасці Майстра.

/i/content/pi/cult/406/8303/1-1.jpeg

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 60 твораў: фігуратыўныя карціны, эпічныя і лірычныя пейзажы, псіхалагічныя партрэты сяброў ды блізкіх, эцюды, у тым ліку і самыя даўнія — студэнцкай пары, якія раней мала хто бачыў. Але шмат яго работ засталося “па-за экспазіцыяй” — у іншых музеях Беларусі ды Расіі (таксама ў Траццякоўцы) і ў Аршанскай гарадской мастацкай галерэі Віктара Грамыкі. Нават у такі юбілей не было ніякай магчымасці сабраць усё разам. Але і на сённяшняй выстаўцы можна натхніцца вялікім талентам ды яркай вобразна-пластычнай мовай мастака і разам з ім “убачыць зямлю ўсю”...

На вернісажы віншавальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, накіраваны В.А. Грамыку ў сувязі з яго 90-годдзем, зачытаў міністр культуры нашай краіны Барыс Святлоў. Таксама мастака павіншавалі вядомыя дзеячы культуры, сябры і калегі. У сваёй прамове Віктар Аляксандравіч сардэчна падзякаваў усім за ўвагу да ягонай творчасці.

Б.К.