Пад назвай “Свет рэчаў і пачуццяў” у Нацыянальным мастацкім музеі адбылася выстаўка заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны, Ганаровага члена Расійскай акадэміі мастацтваў, прафесара Уладзіміра Зінкевіча. У экспазіцыі прадстаўлена каля сямідзесяці жывапісных кампазіцый, створаных мастаком за апошнія шэсць гадоў.
У сваёй творчасці Уладзімір Леанідавіч асэнсоўвае рамантычныя якасці навакольнага свету. Ім створана ўласная вобразна-пластычная сістэма, заснаваная на сімвалічнай інтэрпрэтацыі вобразаў. Мастак у сваіх работах перадае цэласную сувязь чалавека з прыродай, дасягаючы ўздзеяння на гледача пры дапамозе выразных колеравых рашэнняў, вывераных форм і арыгінальных кампазіцыйных пабудоў.
Творчасць Уладзіміра Зінкевіча вылучаецца ўнікальнай змястоўнасцю і незвычайным тлумачэннем дзіўных з’яў навакольнага свету. Створаныя ім вобразы напоўнены вялікімі пачуццямі і не паддаюцца спрошчанай інтэрпрэтацыі. Мастак карыстаецца ўласнай, уласцівай толькі яму, мастацкай мовай, унікальным арсеналам выразных сродкаў працы з колерам і лініяй. У кожнай кампазіцыі заўсёды прысутнічае сам прадмет творчага даследавання альбо намёк на яго. Творчасць Уладзіміра Зінкевіча не падлягае тыражаванню — яна заўсёды аўтарская, індывідуальная. Пластычна-вобразныя задумы ўвасоблены ў серыях жывапісных работ, сярод якіх — найбольш вядомыя “Старое віно”, “Забавы Вадалея”, “Гарбата каля мора”, "Пара туманоў", "Зімовыя пейзажы" ды іншыя.
Мастацтва Уладзіміра Зінкевіча — з традыцыямі і бляскам навізны — займае годнае месца ў мастацкай іерархіі сучаснага мастацтва Беларусі. Сам творчы шлях майстра з’яўляецца прыкладам надзвычай яснай і лагічна абумоўленай творчай стратэгіі. Палітра мастака валодае дзіўным магнетызмам і асацыятыўнай змястоўнасцю. Яму ўласціва тонкае пачуццё колеру, бліскучае кампазіцыйнае майстэрства, прафесійная культура і глыбокая інтэлігентнасць. Палотны Уладзіміра Зінкевіча адзначаны рэдкай мастацкай самабытнасцю, асаблівай філасофіяй, унікальнасцю пластычнай мовы, глыбокім веданнем і пачуццём прыналежнасці да культуры свайго народа. Ён заўсёды “добра бачыць” не толькі саму прастору палатна, але і прастору ўсёй мастацкай сцэны.
Жывапісная творчасць Уладзіміра Зінкевіча зведала мноства трансфармацый на шляху адкрыцця лёгкапазнавальнага почырку. Пышная манатоннасць жывапіснай манеры аўтара не стварае адчування "цяжкаважнасці". Яго карцінам, як невялікага памеру, так і буйнафарматным, уласціва надзвычай свежае эмацыйнае ўспрыманне, глыбокае стаўленне да адбору ўражанняў, выразнасць рытмічнай структуры і заканамернасць усіх дэталей ды элементаў. Вялікае значэнне мае паўтаральнасць матываў у цыклах. Да іх адносяцца дрэвы, заслона туману, таямнічы жаночы вобраз. Такая ўзаемная сувязь сведчыць пра пастаяннае развіццё канцэпцыі творчасці.
Уладзімір Зінкевіч стварае свае работы, зыходзячы з назіранняў і вывучэння ўласных эмоцый. Яго творы сталі выразным адлюстраваннем свету пачуццяў і рэчаў. Што б мастак ні пісаў — партрэт, пейзаж або нацюрморт, — мэта яго ў тым, каб выявіць імкненне да гарманічнага адзінства з навакольным светам.
Міхаіл БАРАЗНА, кандыдат мастацтвазнаўства, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў