І помнік класіку…

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

Чым быў адметны юбілейны год Янкі Купалы і Якуба Коласа для абласцей краіны?

Начальнік аддзела культасветработы ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Шчарбук:

— Вылучыла б з агульнага шэрагу мерапрыемствы, што прайшлі ў вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна, бо гэтая вёска мае непасрэднае дачыненне да біяграфіі нашага класіка. Тут Якуб Колас настаўнічаў, у эпапеі “На ростанях” Пінкавічы выведзены пад імем Выганы. У вёсцы адбылося літаратурнае свята, якое мела розгалас на ўсю вобласць. І, што асабліва важна, тут, у мясцовай школе, пасля капітальнага рамонту аднавіў працу літаратурна-краязнаўчы музей, прысвечаны Якубу Коласу. Музей — не дзяржаўны, ён створаны і дзейнічае праз грамадскую ініцыятыву. Гэта мясцовая славутасць…

Першы намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка:

 — Да юбілею Песняроў Гомельскі маладзёжны тэатр паставіў спектакль паводле купалаўскіх “Прымакоў” пад умоўнай назвай “А наступным днём яны прачнуліся…”. Ён разлічаны на моладзь і падлеткаў. Праект меў на мэце абудзіць у пакалення, для якога рэальнасць — неабсяжны Інтэрнэт, інтарэс да нацыянальнай спадчыны. Мяркую, што гэта ў пэўнай ступені атрымалася. Я спецыяльна некалькі разоў прыходзіла у тэатр, каб даведацца рэакцыю публікі. І мне прыемна было чуць ад школьнікаў, што Купала — гэта цікава, што варта пачытаць і іншыя ягоныя творы…

Галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Галіна Мартынава:

 — Сярод адметных падзей юбілейнага года класікаў беларускай літаратуры і Года кнігі — Абласное свята паэзіі ў купалаўскім музеі-запаведніку ў Ляўках. У Аршанскай цэнтральнай бібліятэцы адкрылася чытальная зала імя Янкі Сіпакова. Пісьменнік у свой час падарыў Аршаншчыне ўласны кнігазбор, цяпер ён адкрыты для шырокага кола чытачоў. І яшчэ сёлета рашэннем аблвыканкама была заснавана штогадовая абласная літаратурная прэмія імя Петруся Броўкі…

Начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Акушэвіч:

 — Што было адметнага ў гэтым святкаванні юбілеяў Купалы і Коласа? Цяжка сказаць. Чым, да прыкладу, адна Алімпіяда адрозніваецца ад другой, калі рэжысура Алімпійскіх гульняў застаецца нязменнай дзесяцігоддзямі? Хіба што — дызайнам медалёў… Вось так і тут: існуе традыцыйны комплекс святочных мерапрыемстваў. Сталічная вобласць была цэнтрам святкавання. У Вязынцы і ў Мікалаеўшчыне прайшлі імпрэзы нацыянальнага маштабу. Вось, скажам, з’явіцца помнік Купалу ў Маладзечне. Ужо ёсць праектныя прапановы. Мы ўсведамляем, што спадчына нашых Песняроў мае працяг у творчасці наступных пакаленняў творцаў. Юбілеі Купалы і Коласа супалі са 100-годдзем з дня нараджэння Максіма Танка. З гэтай нагоды ў Мядзеле ўстаноўлены камень з тэкстам пра тое, што тут з часам паўстане помнік славутаму пісьменніку…

Дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі Ілона Сарокіна:

 — Абласная бібліятэка, наўпрост ці ўскосна, мела дачыненне да ўсіх мерапрыемстваў, якія ладзіліся на Магілёўшчыне з нагоды юбілеяў класікаў. Святкаванні ж паспрыялі пошуку новых форм працы з чытачамі. З нашага досведу вядома, што кніга з ілюстрацыямі, пры магчымасці выбару, больш прывабная для чытача, чым тая, дзе змешчаны толькі тэкст. Зыходзячы з гэтага, мы паспрабавалі візуалізаваць словы Песняроў: цягам паловы года ў нашых сценах працавала экспазіцыя, дзе спалучаліся тэксты ды ілюстрацыі да іх — радкі “Новай зямлі” і рэпрадукцыі ілюстрацый Васіля Шаранговіча, а таксама — карцін Купалаўскага цыкла Міхаіла Савіцкага ў спалучэнні з адпаведнымі тэкстамі. Людзі спыняліся, разглядалі… Хтосьці, магчыма, такім чынам адкрыў для сябе цэлы культурны пласт. Дадам, штосьці падобнае рабілася бадай ва ўсіх бібліятэках абласной сістэмы. Напрацоўкі юбілейнага года будуць карысныя для нас і ў перспектыве…

Дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага Лідзія Мальцава:

 — Юбілейны год Купалы і Коласа Гродзеншчына адзначыла шэрагам традыцыйных мерапрыемстваў, але былі і выбітныя. Згадаю міжнародную канферэнцыю. У ёй акрамя беларускіх навукоўцаў бралі ўдзел госці з Польшчы і Латвіі. Мінск на канферэнцыі быў прадстаўлены супрацоўнікамі сталічных музеяў Купалы і Коласа. Другая важная, на маю думку, падзея — абласны маладзёжны конкурс “Песняры зямлі Беларускай”, арганізаваны ўпраўленнем культуры. Удзельнікі павінны былі прадставіць верш, эсэ ці іншы пісьмовы водгук на творы Песняроў. Журы разгледзела 129 работ, дасланых з усёй Гродзеншчыны і нават з іншых рэгіёнаў краіны. Дарэчы, узнагароды пераможцам былі ўручаны ў часе згаданай міжнароднай канферэнцыі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"