Заключны акорд

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

У адыходзячым годзе Беларусь адсвяткавала 130-годдзе сваіх Песняроў — Янкі Купалы і Якуба Коласа. Святочныя мерапрыемствы праходзілі ў сталіцы, а таксама ў мясцінах, непасрэдна звязаных з жыццём ды творчасцю класікаў, у асяродках беларускай дыяспары. Заключны акорд юбілейнага года — урачысты вечар у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў у сваім выступленні засяродзіўся на маштабных мерапрыемствах і грамадска-культурных акцыях, якімі будзе памятны юбілейны год. Сярод іх — “Чытаем Купалу разам” і “Мы чытаем Коласа” ад музеяў класікаў, рэспубліканскія святы “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…” і “О, Беларусь, ты сэрца і душа…”, выхад у свет факсімільных выданняў зборнікаў “Шляхам жыцця” Купалы і “Сымон-музыка” Коласа, прысвечаных Песнярам кніг у серыях “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” і “Школьная бібліятэка”. Тым, хто спрыяў сваёй творчай і арганізацыйнай дзейнасцю паспяховаму святкаванню юбілеяў Купалы і Коласа, на вечары былі ўручаны падзячныя лісты.

Запомніліся словы сына Якуба Коласа Міхася Міцкевіча, які прачытаў у першай аўтарскай рэдакцыі ўрывак “Край мой родны…” з паэмы “Сымон-музыка”. У канцэрце ж удзельнічалі ансамбль “Свята”, Галіна Дзягілева, Пётр Ялфімаў, Ірына Дарафеева, Ганна Благава, Дзмітрый Качароўскі, Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча, Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” ды іншыя творцы. Здараліся дробныя неспадзяванкі, калі той або іншы спявак, натхнёна выканаўшы беларускамоўную песню, на апладысменты адказваў: “Спасибо!”. Што ж, звычка…

/i/content/pi/cult/405/8296/2-1.jpeg

Пасля канцэрта наш карэспандэнт меў магчымасць пагутарыць з некаторымі гасцямі свята, запытацца, чым, на іх думку, быў адметны юбілейны год.

Алена Ляшковіч, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, называе важнай падзеяй года тое, што дзякуючы акцыі “Чытаем Купалу разам” да творчасці Песняра далучыліся тысячы людзей у нашай краіне і ў асяродках беларускай дыяспары. На вечары ў музеі купалаўскія вершы чыталі прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, адбылася прэзентацыя перакладу верша “А хто там ідзе?” на славацкую мову. Акцыі, прысвечаныя Купалу, прайшлі ў Бельгіі, Балгарыі, Польшчы, Расіі.

— Зараз чакаем выстаўку са славацкага горада Банска-Быстрыца, — распавяла Алена Ляшковіч. — У ім знаходзіцца вядомая бібліятэка, дзе захоўваюцца матэрыялы, датычныя гісторыі славацкай літаратуры. Частка гэтых дакументаў, якія адносяцца да часу наведання Купалам тагачаснай Чэхаславакіі (гэта 1935 год), распавядае пра славацкіх літаратараў тае пары. Яна будзе экспанавацца ў нас. У адказ мы павязём у Славакію рэчы, звязаныя са згаданай вандроўкай Песняра і творчымі яе вынікамі.

/i/content/pi/cult/405/8296/2-2.jpeg

У юбілейны год мы аднавілі частку музейнай экспазіцыі з дапамогай новых інфармацыйных тэхналогій, аналагічных тым, што скарыстаны ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Другая чарга новай экспазіцыі адкрыецца для наведвальнікаў у наступным годзе. Гэта тры залы. Адна будзе прысвечана Мінску ў творчасці Купалы, другая — драматургіі класіка. У ёй размесцяцца адпаведныя экспазіцыі: “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Тутэйшыя”… Да таго ж, яна будзе прыстасавана для тэатралізаваных імпрэз. Трэцяя зала — Ляўкоўскі перыяд: гэта будзе інтэрактыўная пляцоўка, разлічаная на дзяцей. У Ляўках Купала напісаў верш “Хлопчык і лётчык” — вакол гэтага факта і разгорнецца экспазіцыя. Тут будзе шкляная падлога, стоячы на якой глядач будзе мець ілюзію, што сам ён — у паветры, а далёка ўнізе пад ім — зямля. У зале будзе парашут, які можна надзець і адчуць сябе лётчыкам…

Таксама ў бліжэйшых планах — новая экспазіцыя ў Ляўках. Дзеючая была створана яшчэ ў 1978 годзе і сёння ў чымсьці састарэла. У перспектыве — Акопы…

/i/content/pi/cult/405/8296/2-3.jpeg

Намеснік дырэктара па навуцы Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ганна Зайцава кажа:

— У юбілейным годзе мы рабілі сваю звычайную справу, але адчувалі асаблівую адказнасць. Адметным жа было тое, што будынак сталічнага Музея Якуба Коласа набыў абноўлены выгляд. Тут зроблены капітальны рамонт, адрэстаўраваны фасады, даведзена да ладу мемарыяльная частка сядзібы. Але гэта толькі першая чарга запланаваных работ. Распрацавана канцэпцыя мадэрнізацыі экспазіцыі праз скарыстанне інтэрактыўных інфармацыйных сродкаў. Маем падставы спадзявацца, што ўсё гэта стане рэальнасцю ў бліжэйшы час. Таксама рамонтныя работы прайшлі на нашых філіялах. Так што год быў для нас плённым…

Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч нагадала, што сёлета разам са 130-годдзем з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа краіна адзначала яшчэ і 100 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка.

/i/content/pi/cult/405/8296/2-4.jpeg

— У юбілейны год — распавяла яна, — была магчымасць перарабіць экспазіцыі, прысвечаныя Песнярам, у адпаведнасці з новымі патрэбамі, рэалізаваць шэраг выдавецкіх праектаў, распаўсюдзіць з дапамогай нашых дыпламатычных прадстаўніцтваў за межы краіны веды пра геніяў беларускай літаратуры. Зроблена шмат. Калі музейшчыкі азіраюцца на зробленае імі ў юбілейны год, яны маюць падставы для задаволенасці вынікам. Хацелася б, каб гэтая праца не прыпынялася. І яшчэ пажадана, каб у школьных праграмах надавалася больш увагі нацыянальнай літаратуры, якая з’яўляецца сродкам духоўнага выхавання, спрыяе патрыятычным пачуццям...

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"