Паблік, стрыт, лофт…

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

І пленэрны выхад музея на гарадскую плошчу

Пятнаццатыя ўгодкі музея — гэта папраўдзе “паркалёвы” юбілей, асабліва калі ўлічыць, які век маюць найстарэйшыя з такіх устаноў. Тым не менш, перыяд станаўлення — ці не найважнейшы ў гісторыі. Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, які сёлета адсвяткаваў сваё 15-годдзе, скарыстаў гэты час не дарэмна, трывала прапісаўшыся на культурнай карце Мінска і знайшоўшы — а потым і пашырыўшы — уласную аўдыторыю. Менавіта з гэтай тэмы і пачалася наша гутарка з дырэктарам музея Наталляй ШАРАНГОВІЧ.

/i/content/pi/cult/405/8295/1-1.jpeg

— Гады тры таму ў сваім інтэрв’ю для “К” вы агучылі досыць амбітную задуму: “завабіць” у музей тую моладзь, якая ніколі не адкрывала дзверы падобных устаноў. Ці атрымалася?

— Даваць адназначна станоўчы адказ было б пахвальбой, але... мы паслядоўна працуем на гэтай ніве, і пэўныя зрухі ўжо ёсць. Тут, натуральна, узнікае пытанне: а як завабіць моладзь? Загнаць сілком альбо прывесці за руку можна толькі школьнікаў, са студэнтамі — ужо складаней... І ў кожным разе, калі ім не будзе цікава на тваёй выстаўцы, яны ўцякуць з яе, як толькі настаўнік адвернецца.

Таму мы пайшлі іншым шляхам: разнастаіць наш асартымент тымі імпрэзамі, якія могуць выклікаць цікавасць моладзі. Прыкладам, сёлета ўпершыню зладзілі своеасаблівую акцыю, прысвечаную стрыт-арту. Нам было важна давесці, што ў ліку графітчыкаў — не толькі хуліганы, якія пэцкаюць горад няўцямнымі надпісамі, але і сапраўдныя творцы, што шчыра прагнуць выказацца і пакутуюць праз брак паразумення з грамадствам. І калі мы запрасілі іх паўдзельнічаць у выстаўцы, прысвечанай Марку Шагалу на плошчы Якуба Коласа, людзей сабралося нямала. Потым “стрыт-артысты” зладзілі свае майстар-класы ўжо ў сценах музея — і зноў прывабілі ў іх мноства немузейнай публікі! Мы пераканаліся, што ёсць вялікі пласт моладзі, які такім чынам можа быць далучаны да сучаснага мастацтва. І, безумоўна, будзем працягваць дзейнічаць у гэтым напрамку. Увесну плануем ужо цэлы фэст стрыт-арту з удзелам аўтараў з суседніх краін. Вядома ж, гэта будзе і добрая нагода падыскутаваць наконт таго, ці мае стрыт-арт права на афіцыйнае жыццё і якія формы ён можа набыць у гарадской прасторы Мінска.

/i/content/pi/cult/405/8295/1-2.jpeg

— У той самы час, ваш музей ужо зрабіў крок у гэтую прастору, на цёплы час года літаральна пераўтварыўшы плошчу Якуба Коласа ў свой філіял. Ці плануецца там нешта новае?

— Абавязкова! Але сакрэтаў пакуль раскрываць не буду. Мы і сапраўды пачуваемся неяк зацесна ў сценах музея — пагатоў, і плошчы ў нас зусім невялікія. Таму асваенне гарадской прасторы стала для нас выйсцем. Плануем рабіць гэта яшчэ больш эфектыўна ды эфектна, “выплёскваць” на вуліцы самыя розныя віды мастацтваў, скажам, тое ж кіно, якое мы ўжо паказвалі ў мінулы Дзень горада.

— Ці не заменіць гэты паблік-арт традыцыйныя формы музейнай працы?

— Ні ў якім разе! Мы пераканаліся ў тым, што паблік-арт — гэта выдатны спосаб нязмушана далучыць да мастацтва простых мінакоў. Як ні круці, але музеі наведвае не такі і значны працэнт жыхароў горада, вулічная аўдыторыя куды большая. І дарэчы, пасля выстаўкі рэпрадукцый Шагала мы адзначылі прыкметны рост наведвальнікаў. Мабыць, яны даведаліся пра наша існаванне і вырашылі зазірнуць дзеля цікаўнасці.

/i/content/pi/cult/405/8295/1-3.jpeg

— Але ж многія гледачы чакаюць ад вас менавіта традыцыйных выставак добрага прафесійнага мастацтва, якое існуе на Беларусі і таму прэтэндуе на права называцца сучасным…

— Як мне падаецца, бясконцая дыскусія на тэму таго, што ж такое сучаснае мастацтва, у айчыннай прасторы вырашаецца на карысць той пазіцыі, паводле якой пад гэтым тэрмінам маецца на ўвазе не проста механічны зрэз усяго, што існуе сёння, але менавіта мастацтва пошукаў і эксперыментаў, здатных стварыць платформу для нейкіх пазітыўных зрухаў у грамадскай свядомасці. Таму мы і імкнёмся стаць пляцоўкай менавіта для творчых эксперыментаў самага рознага кшталту — у тым ліку і на глебе традыцыйнага мастацтва. Што ж да звыклых форм яго рэпрэзентацыі... Мы таксама пра іх не забываемся. Але ў Мінску ёсць і іншыя выставачныя пляцоўкі, якія на гэтым спецыялізуюцца, і паўтарацца тут не хацелася б.

— Толькі што вы закранулі ледзь не самую балючую праблему музея: катастрафічны недахоп плошчаў. Ён быў відавочны яшчэ на самым пачатку гісторыі ўстановы, і вырашыць яго адно з дапамогай “выхаду на вуліцу” наўрад ці магчыма…

 — Гэта сапраўды так. А памяшканне ды яго канкрэтныя параметры для нас вельмі важныя. Вы ж самі разумееце, што праэкспанаваць нейкія буйныя творы магчымасці нам пакуль не дазваляюць. І таму мы ўвесь час працуем над тым, каб гэтая праблема неяк вырашылася. Ёсць ужо і пэўныя ідэі, але пакуль я не наважуся іх канкрэтызаваць.

/i/content/pi/cult/405/8295/1-4.jpeg

— Ва ўсім свеце сёння пануе мода на арт-лофт — прамысловыя памяшканні, што пераўтвараюцца ў выставачныя плошчы. Дык калі ж і ў Мінску з’явіцца нешта падобнае?

— Вось-вось, вы амаль адгадалі адну нашу ідэю! Сапраўды, сучаснае мастацтва выдатна глядзіцца ў такіх крышачку брутальных інтэр’ерах. Апошні раз мы пераканаліся ў гэтым, пабываўшы восенню ў Пекіне, дзе старая фабрыка пераўтварылася акурат у такі вялізны і надзвычай каларытны арт-цэнтр. Падобныя мясціны заўсёды прыцягваюць процьму наведвальнікаў — у тым ліку людзей, якія традыцыйныя музеі амаль не наведваюць.

Дарэчы, у Пекін мы прывезлі выстаўку беларускай графікі, што прайшла ў рамках Дзён беларускай культуры ў КНР. І мушу зазначыць, што цікавасць да яе пераўзышла ўсе чаканні! Як, між іншым, і выстаўка Уладзіміра Цэслера, што прайшла сёлета ў Санкт-Пецярбургу. Толькі цягам Ночы музеяў яе наведала больш за тысячу чалавек! Адпаведна, міжнародны вектар дзейнасці нашага музея таксама не абмінаецца ўвагай.

— На Першым музейным форуме Музей сучаснага выяўленчага мастацтва атрымаў дыплом за партнёрскую дзейнасць. І сапраўды, вам удаецца знаходзіць паразуменне як з саліднымі міжнароднымі інстытуцыямі, так і з простымі энтузіястамі, якія прыходзяць да вас ледзь не з вуліцы...

— Чаму ж, бывае, што і з вуліцы прыходзяць! Ведаеце, у нас яшчэ засталася тая заганная звычка, калі людзі наладжваюць супрацоўніцтва “па знаёмстве”, а проста прыйсці ды распавесці пра сваю ідэю нават неяк боязна. Натуральна, справе такі падыход не спрыяе. Таму мы і сапраўды гатовы выслухаць любога. І звяртаючыся да нас са сваімі задумамі, маладыя ды амбітныя разумеюць, што музей — установа не такая ўжо кансерватыўная, як многім падаецца. Так наладжваюцца цікавыя праекты, так і спонсары, дарэчы, знаходзяцца.

— Не сакрэт, што алгарытм пошуку апошніх сёння хвалюе, не раўнуючы, кожнага музейшчыка...

— Безумоўна, мы ўсе тут пакуль яшчэ толькі вучымся. Вучымся, як працаваць са спонсарамі, як цікава прадставіць свае задумы, як запэўніць, што з іх атрымаецца нешта вартае. Але пэўны прагрэс ужо ёсць. Прыкладам, сёлета ў нас быў карысны досвед працы з кампаніяй, якая займаецца IT-тэхналогіямі. На пачатку стаўленне да нас было... ну, скажам так, няпэўнае. Але калі мы зладзілі выстаўку аднаго з яе супрацоўнікаў, які ў вольны ад працы час робіць цікавыя калажы, і выстаўка была паспяховай, давер да нас значна ўзрос. Не так даўно мы прапанавалі кампаніі ўвайсці ў наш апякунскі савет ды наладзіць доўгатэрміновае супрацоўніцтва, і адказ быў станоўчы. Адпаведна, у сваёй карыснасці нам трэба запэўніваць спонсараў не на пальцах, а — з дапамогай канкрэтных дзеянняў.

— Поспех любой установы ў значнай ступені залежыць ад яе калектыву…

— І ў гэтым сэнсе нам папраўдзе пашчасціла: калектыў склаўся, ён — малады, прафесійны ды імпэтны. Прычым працуюць у ім не толькі абазнаныя мастацтвазнаўцы, але і мастакі — прыкладам, такія вядомыя беларускія графікі, як Ганна Ціханава, якая сёлета ініцыявала выдатны праект, прысвечаны мастацтву экслібрыса, і Сяргей Балянок. Заняўшы сваю цяперашнюю пасаду, я з самага пачатку імкнулася стварыць у музеі творчую атмасферу, якая стымулявала б працу. Бо калі яе няма, чалавек працуе, робіць выстаўкі адно “дзеля птушачкі”. А каму яны такія патрэбны?..

На здымках: Наталля Шаранговіч; арт-праекты ва ўстанове і ля яе ў Ноч музеяў.

Фота Юрыя ІВАНОВА