Як жа без складанасцей?

№ 47 (813) 24.11.2007 - 30.11.2007 г

Пасада дырэктара Беларускай дзяржаўнай філармоніі — не з лёгкіх. Бо, акрамя ўласна будынка з інжынерна-тэхнічным абсталяваннем, пад яго кіраўніцтвам больш за сем (а разам з абласнымі філармоніямі больш за восем) сотняў людзей, дзе ў кожнага не проста свой характар, а яшчэ і творчыя амбіцыі, якія трэба разумець, падтрымліваць і... накіроўваць у неабходны бок. Трэці год гэтыя “абавязкі” ляжаць на плячах Аляксандра ГАРБАРА.

 /i/content/pi/cult/138/829/Garbar.jpg
— Гартаючы вашы справаздачы і даведкі, нельга не звярнуць увагу на, так бы мовіць, “няўмольны рост” паказчыкаў: па колькасці канцэртаў, абслужаных гледачоў, па тэмпах росту платных паслуг насельніцтву.
Мабыць, у вас ёсць свае сакрэты? Тым больш, што раней вы шмат гадоў запар узначальвалі “Белканцэрт”.
— Працаваць трэба! Бо толькі зладжаная сістэма, удалы падбор спецыялістаў, адказных на кожным працоўным месцы могуць прывесці да стабільнасці. Сёння ў нас і сапраўды становішча стабілізавалася, стратных канцэртаў няма.
— Няўжо і праблем няма ніякіх? Ніколі не паверу.
— Яны бываюць заўсёды. Але галоўнае — своечасова іх вырашаць. Раней, да рамонту будынка, у супрацоўнікаў філармоніі практычна не было прэмій. Цяпер яны ёсць практычна заўсёды. Калісьці, памятаю, шмат было абгавораў наконт забароны курэння ў нашым будынку. Сёння аб існаванні той былой “праблемы” ўсе забылі. Бо філармонія — гэта храм мастацтва. Калісьці праблемай была малая колькасць у штаце творчай моладзі. Сёння яе куды больш, але гэта павялічыла патрэбу ў атрыманні жылля. Шмат яшчэ намаганняў трэба прыкласці для капітальнага рамонту інтэрната. Але радуе, што дзякуючы яму мы ствараем умовы не толькі для сваіх артыстаў, але і для 47 іншых арганізацый і ўстаноў культуры, супрацоўнікі якіх таксама там пражываюць.Нядаўна, на вялікі жаль, пайшоў з жыцця унікальны, адзіны ў сваім родзе на ўсёй постсавецкай прасторы арганны майстар Станіслаў Чарняўскі. І хаця ён перадаваў свой вопыт сыну, думаю, мы яшчэ сутыкнёмся з праблемамі па абслугоўванні нашага аргана. Урэшце, якое ж жыццё без складанасцей?
— Апошнім часам пашыраецца і колькасць замежных выступленняў філарманічных калектываў.
— Сапраўды, вывезці за мяжу буйны аркестр ці хор не так і проста. Але ў тым, што гэта атрымліваецца, вялікая заслуга яшчэ і саміх кіраўнікоў калектываў, якія выязджаюць за мяжу, праводзяць там свае майстар-класы і, такім чынам, абуджаюць цікавасць і да ўсёй беларускай культуры, творчага багажу таго калектыву, які яны ў сваёй асобе прадстаўляюць. У 2005 годзе нашы музыканты наведалі 5 краін далёкага замежжа, праз год — удвая больш. Сёлета ж такіх краін ужо 17, а гэта больш чым 110 канцэртаў, на кожным з якіх па некалькі разоў з гонарам вымаўляецца назва нашай краіны — Беларусь. Асабліва вялікую цікавасць праяўляюць замежнікі да нашых цымбалаў. Гэтымі днямі, да прыкладу, у Велікабрытаніі знаходзіцца ансамбль народнай музыкі “Свята”, які мае неверагодны поспех. У красавіку плануецца выезд туды нашага сімфанічнага аркестра. Працуем мы і над удасканальваннем умоў замежных гастролей. Зараз абавязкова абгаворваем і намагаемся як мага больш плённа кампенсаваць страты самой філармоніі з-за адсутнасці на пэўны час гастралюючага калектыву. Больш актыўна практыкуем і падпісанне дамоў паміж нашай філармоніяй і канцэртнымі арганізацыямі іншых краін, бо гэта дае магчымасць абменьвацца выступленнямі калектываў.Так, месяц таму наш Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр паспяхова выступіў у Вільнюсе. Яшчэ раней Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла пад кіраўніцтвам Людмілы Яфімавай, Нацыянальны народны аркестр на чале з Міхаілам Казінцом, а таксама асобныя салісты, уключаючы Ігара Алоўнікава, гастралявалі ў Польшчы. А гэтымі днямі ў якасці творчага абмену ў нас ужо другі раз выступаў сімфанічны аркестр Падляскай оперы і філармоніі горада Беластока. Вялікую дапамогу ў гэтым аказваюць паслы Беларусі ў замежных краінах, у прыватнасці, Уладзімір Дражын у Літве, Аляксандр Міхневіч у Велікабрытаніі. Але і пра беларускую публіку мы не забываем. За гэтыя гады назапасілі вялікі вопыт. Я падлічыў: сёлета, акурат з 70-годдзем самой філармоніі, спаўняецца 60 гадоў існаванню ў нас абанементнай сістэмы, пераймаць якую ў свой час у нашу рэспубліку прыязджалі прадстаўнікі з іншых рэгіёнаў. Хутка, спадзяюся, адкрыем уласную студыю гуказапісу. Ужо сёння ў камп’ютэрным варыянце назапашана шмат трансляцыйных запісаў, засталося іх падрыхтаваць да тыражу. Дый да юбілейнага вечара, акрамя каляровага альбома, плануем выпусціць кампакт-дыск, на якім будуць прадстаўлены па два музычныя творы ад кожнага калектыву.