Прагноз-2013 ад Дзеда Мароза

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

Каб дарослыя верылі ў казку

Перадсвяточны настрой з’яўляецца ўжо ля самага ўезда ў заснежаную Белавежскую Пушчу — месца, што не страціла сваёй спрадвечнай таямнічасці, нават стаўшы звышзапатрабаваным турыстычным аб’ектам.

“Цвік праграмы” амаль кожнай экскурсіі — сядзіба Дзеда Мароза. Натуральна, гэтай парой там вельмі шматлюдна (мы налічылі 25 турыстычных аўтобусаў і “бусікаў”), хаця прыкрай мітусні няма. Прабіцца па інтэрв’ю да яе гаспадара аказалася не лягчэй, чым да якой суперзоркі эстрады: зразумела ж, у цяперашні час ён нарасхват. Дэлегацыі ідуць да яго адна за адной — так што нават кубачка гарбаты няма калі выпіць. Ды, тым не менш, “К” галоўны герой навагодніх святаў усё ж не адмовіў.

/i/content/pi/cult/405/8287/2-3.jpeg

— Напрыканцы года звычайна падводзяць вынікі. Чым запомніўся гэты год Дзеду Марозу?

— Вядома ж, маімі гасцямі! Як заўсёды, іх было вельмі шмат! Я прымаю наведвальнікаў цягам ужо дзевяці гадоў, і за гэты час у мяне пабывалі прадстаўнікі 93 краін свету, агулам — больш за 800 тысяч чалавек! І вось што цікава: 70% з іх — гэта дарослыя. Тут я спрабую пераканаць іх у тым, што...

— ...Яны — дзеці?

— Не-не, дзеці — гэта пакуль дзеці, а дарослыя — ужо выраслі… Але я хачу пераканаць у тым, што ўсе мы, без залежнасці ад узросту, нацыянальнасці і пасады, павінны ўмець верыць у казку. Верыць у тое, што дабро заўсёды перамагае зло, бо менавіта гэтая вера робіць нас сапраўднымі людзьмі, дапамагае не страчваць жыццёвы імпэт ды рупнасць у нашых справах. Можа, я кажу вам тут простыя ды банальныя рэчы? Ну так, вядома! Але ж як часта мы губляем гэтую веру цяпер, у ХХІ стагоддзі! Таму давайце вяртацца да вытокаў чалавечнасці — і ўсё ў нас атрымаецца!..

— Ці ўстаноўлены ў вас дыпламатычныя стасункі з калегамі: скажам, з тым жа Зюзем Паазёрскім?

— Гэта мой далёкі сваяк, прычым маладзейшы. Ён сустракае гасцей толькі цягам кароткага прамежку часу. А беларускі Дзед Мароз жыве ў Пушчы круглы год.

— Аднак за тыя дзевяць гадоў і іншыя “калегі” паз’яўляліся. Скажыце шчыра, ці ёсць між вамі рэўнасць, альбо... канкурэнцыя?

— Што вы, якая канкурэнцыя! Дзед Мароз — ён жа адзін!

— А ёсць жа яшчэ і ў Фінляндыі, у Вялікім Усцюгу...

— Фінскі Ёлупукі — мой добры сябра, ён жа да мяне і ў госці неяк сюды прыязджаў, а з расійскім “калегам” і ўвогуле рэгулярна сустракаемся. Калі ён прыехаў сюды два гады таму ды пабачыў, колькі тут людзей, дык ажно дзіву даўся. Пабываў і я ў яго ў адведках...

— І, мабыць, карыснага досведу набраліся?

— Ведаеце, там сустрэча з гасцямі выглядае зусім іначай. Няма такой шчырасці ды імправізацыі, як у нас. Дзед Мароз сядзіць сабе на троне, бы цар, да яго падводзяць людзей, каб зрабіць фота, — і ўсё. Прычым каштуе гэтае фота даражэй, чым у нас уся праграма. Думаю, нельга ператвараць казку ў нейкую камерцыйную структуру. А для нас галоўнае — менавіта душэўнасць…

— Напэўна, дзяліцца душэўнасцю з кожным складана — зважаючы на тое, якія натоўпы да вас едуць…

— У пераднавагодні час нашу сядзібу наведвае да пяці тысяч гасцей у дзень! І кожнаму трэба дагадзіць, знайсці для яго час, не абмінуць увагай. А некаторым, на жаль, патрэбна яе зашмат, і яны цягнуць коўдру на сябе. Ну што тут зробіш, калі чалавек перакананы, быццам Дзядуля Мароз існуе толькі для яго аднаго? Але... Душэўнасцю дзяліцца — гэта заўсёды ў радасць…

— Тым больш, Дзед Мароз вітае гасцей на роднай беларускай мове...

— Натуральна, а як жа інакш! Я ж беларускі Дзед Мароз. Вядома, калі сюды трапляюць дзеткі з Малдовы або Грузіі, я звяртаюся да іх па-руску. Але калі прыязджае дэлегацыя з Мінска або Брэста, дык — на роднай мове!

 — Да Дзеда Мароза ўсе ідуць са сваімі пажаданнямі, нават не задумваючыся пра тое, што і ён сам можа нечага жадаць...

— …Каб як мага больш гасцей пабывала тут, і каб усе яны зразумелі, што вера ў казку, вера ў дабро — гэта самае галоўнае ў жыцці. Вось такое маё пажаданне. А “Культуры”, дарэчы, хачу пажадаць не губляць увагу і аўтарытэт чытачоў, быць ім заўсёды патрэбнай. Ну і, вядома, пабольш новых падпісчыкаў!..

Распытвалі Ілья СВІРЫН і Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Фота Юрыя ІВАНОВА