Паўночныя Афіны адраджаюцца*

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

Залессе пад Смаргонню — маёнтак Агінскіх. Менавіта тут на пачатку XIX стагоддзя літаральна буяла культурнае жыццё. Міхал Клеафас Агінскі на гэты момант — ужо цудоўна вядомы ў свеце. І не толькі як палітычны дзеяч, але і як музыкант, кампазітар. Таму Залессе, якое сучаснікі называлі Паўночнымі Афінамі, пераўтвараецца ў своеасаблівы цэнтр мастацтва, што аказвае істотны ўплыў на станаўленне маральных ідэалаў Смаргонскага краю, Гродзеншчыны, усёй Беларусі.

Сённяшняе адраджэнне Залесся — даніна памяці выбітнай асобе Агінскага, вяртанне нашчадкам рэдкіх па прыгажосці палаца, маляўнічых парку і сажалак, якія стануць неўзабаве цэнтрам масавага прыцягнення турыстаў з усяго свету. А ў самім маёнтку зноў загучаць неверагоднай прыгажосці ўрачыстыя маршы і вытанчаныя паланэзы Міхала Клеафаса Агінскага…

Аб’ект невыпадкова ўключаны ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму Рэспублікі Беларусь: рамонтна-будаўнічыя работы тут фінансуюцца з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Але важнасць вяртання спадчыны разумеюць не толькі ў Беларусі. 14 лістапада дэлегацыя Смаргонскага райвыканкама наведала дырэкцыю Тракайскага нацыянальнага гістарычнага парку ў Літоўскай Рэспубліцы. Была абмеркавана рэалізацыя праекта “Выкарыстанне гістарычных сядзіб і іх адаптацыя да сучасных культурных умоў”, прадугледжанага Праграмай трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — Беларусь” у рамках Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства.

/i/content/pi/cult/405/8286/2-1.jpeg

Прадстаўнікі Смаргоншчыны пабывалі ва Ужутракісе, дзе размешчана сядзіба графа Юрыя Тышкевіча. Яна, як і маёнтак Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, стане знакавым аб’ектам трансгранічнага турызму. Агінскі і Тышкевіч былі гаспадарамі суседніх маёнткаў ды ўплывалі на культурнае жыццё рэгіёна. Інакш кажучы, беларускія і літоўскія партнёры праекта робяць новы маштабны крок у развіцці творчых стасункаў, адчуваюць адказнасць за адраджэнне гістарычных сядзіб, усяляк спрыяюць устанаўленню якасна новых міжнародных кантактаў у сферы агульнай культуры.

Сутнасць праекта, пад рэалізацыю якога ўжо неўзабаве будзе атрымана ад Еўрасаюза 212 тысяч еўра, у тым, што ў Залессі будзе адрэстаўравана канцэртная зала, плануецца закупка мэблі і музычных інструментаў. У выніку стануць традыцыйнымі фартэпіянныя канцэрты, якімі так славілася колішняе Залессе…

/i/content/pi/cult/405/8286/2-2.jpeg

Смаргоншчына, радзіма князя Вітаўта, — унікальны куток беларускай зямлі. Ад крэўскіх муроў бярэ вытокі Вялікае Княства Літоўскае. Але гаворка  — не толькі пра станаўленне нацыянальнай дзяржаўнасці. Менавіта тут, на смаргонскай зямлі, у Залессі, Агінскі мацаваў славу беларускага музычнага мастацтва. А менавіта спалучэнне творчага ды патрыятычнага пачаткаў і пераўтварае народ у нацыю. Магнетызмам такога знітавання і адметны маёнтак у Залессі, “залаты век” якога адраджаецца гэтымі днямі.

Абавязкова наведайце Залессе, паслухайце музыку Агінскага, спрычыніцеся да сусветнай культуры!..