Фактура-2012: цяжка абвінаваціць у бяздзейнасці!

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

Культурны партрэт рэспублікі ў люстэрку рэгіёнаў

Гэтымі днямі мы развітваемся з Годам кнігі, падлічваем, падсумоўваем, ацэньваем і аналізуем дванаццацімесячныя высілкі па ўмацаванні нацыянальнай духоўнай спадчыны. Зроблена, натуральна, шмат. І не толькі ў развіцці бібліятэчнай справы. Работнікаў культуры ўвогуле надзвычай цяжка абвінаваціць у бяздзейнасці, прамаруджванні ды абыякавасці… Дык вось, яшчэ адзін год — гэта яшчэ адзін крок наперад: ва ўдасканаленні матэрыяльнай базы, у пашырэнні сферы культурнага ўплыву, у далейшым прафесійным станаўленні, у развіцці творчай дзейнасці, у павышэнні якасці аказваемых паслуг…

Якія цяжкасці з фінансаваннем не існавалі б, але работнікі культуры і вялікіх гарадоў, і маленькіх паселішчаў з пастаўленымі мэтамі, вызначанымі Дзяржпраграмай “Культура Беларусі” на 2012 год, справіліся.

2013-ы — Год беражлівасці. Ён запатрабуе яшчэ больш уважлівага стаўлення да прафесійных абавязкаў. Вам даверана зберажэнне духоўнай спадчыны, яе ўмацаванне і далейшае развіццё. Так, апрача творчых праектаў, рэалізоўваць давядзецца, як і заўжды, праекты гаспадарчыя. Аднак рамонты, будоўлі і рэканструкцыі наўпрост уплываюць на якасць творчасці. І менавіта ад вашага старання залежыла і залежыць маральнае здароўе нацыі… Мяркуючы па выніках 2012-га, год наступны ў гэтым плане будзе не менш плённы ды вырашальны.

Дык вось, вельмі сцісла па аб’ёме, але ёміста па фактуры — пра вынікі адыходзячага 2012-га…

/i/content/pi/cult/405/8285/1-1.jpeg

Брэстчына

Школа ў падарунак

Пачнём менавіта з гаспадарчых праектаў, якія на Брэстчыне з поспехам рэалізаваны. Пра іх нам паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Сачкоўскі. Да прыкладу, здадзены інтэрнат для навучэнцаў ды выкладчыкаў Баранавіцкага каледжа мастацтваў. Апрача мэблі набыты халадзільнікі, электрапліты, прасы, пральныя машыны. Увага да будучых работнікаў культуры і сённяшніх выкладчыкаў са статусам маладога спецыяліста — відавочная. Ці не таму на Брэстчыне кадравага пытання збольшага проста не існуе?

Працягваюцца работы на Брэсцкім тэатры лялек. Ён знаходзіцца ў цэнтры горада і стане сапраўдным яго ўпрыгожаннем. Да абласных дажынак ля Камянецкай вежы абсталявана шыкоўная сцэнічная пляцоўка. Нягледзячы на складанасці з фінансаваннем, 18 снежня быў здадзены новы будынак школы мастацтваў у Драгічыне. Стары быў узведзены аж у 1909 годзе. Пярэбары ўстановы былі закладзены ў Дзяржаўную інвестпраграму і каштавалі больш за паўтара мільярда рублёў. Для мясцовай дзятвы лепшага навагодняга падарунка — не прыдумаць...

Дзякуючы інвестыцыйнай праграме сёлета здадзена і першая чарга рэстаўрацыі палаца Пуслоўскіх у Косаве. За чатыры гады працы на аб’екце выкарыстана 12 мільярдаў рублёў. Другая чарга будзе распачата ў 2013-м. Плануецца выдаткаваць для гэтага больш за 7 мільярдаў. Палову грошай дае бюджэт Брэсцкай вобласці, палову — рэспубліканскі бюджэт.

Завершана другая чарга работ на Ружанскім палацы Сапегаў. Цяпер вядуцца праектна-вышукальныя працы для адраджэння замкавага тэатральнага комплексу.

Па словах Дзмітрыя Сачкоўскага, у кожным раёне вобласці дзейнічаюць аўтабібліятэкі, кінаперасоўкі. У працэсе аптымізацыі і пры аб’яднанні школьных ды публічных бібліятэк прыярытэт надаецца менавіта ўстановам аддзела культуры. Як мяркуе Дзмітрый Мікалаевіч, у такім выпадку ўплыў на чытацкую аўдыторыю больш маштабны і дзейсны. Так што асноўны бібліятэчны дэвіз “Змагаемся за чытача!” працуе па-ранейшаму эфектыўна. У гэтым можна пераканацца на прыкладзе развіцця бібліятэчнай справы Баранавіцкага і Драгічынскага раёнаў.

Віцебшчына

Куды ж без “…Базару”?

Як распавядае намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Сідарэнка, днямі ў Мінску адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Было прааналізавана сёлетняе свята, ацэнка дадзена станоўчая. Натуральна, гаворка ішла і пра фестывальнае аблічча і змест яго ў 2013-м. Але творчыя задумкі раскрываць пакуль зарана. Адназначна вось што: “Славянскі базар у Віцебску” застаецца брэндам, што даўно і актыўна працуе на станоўчы міжнародны імідж нашай краіны. Інакш кажучы, вобласць ужо гэтымі днямі рыхтуецца да чарговага фестывалю мастацтваў.

Якімі яшчэ падзеямі здзівіла Віцебшчына? Феерычным святкаваннем 1150-годдзя Полацка, маштабнымі Днямі беларускага пісьменства ў Глыбокім, прадстаўнічым Міжнародным фестывалем сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. Натуральна, пра кожную творчую акцыю “К” у свой час пісала. Але не зашкодзіць нагадаць, што вобласць здавён славіцца карпатлівай ды шматграннай падрыхтоўкай да маштабных творчых дзей. Да прыкладу, у Глыбокім да Дня беларускага пісьменства былі даведзены да ладу не толькі літаральна ўсе ўстановы культуры, але і кожная вуліца з завулкам. Гэткая ж грунтоўнасць датычыцца і якасці творчых мерапрыемстваў.

Возьмем толькі адзін Міёрскі раён. Начальнік аддзела культуры Аляксандр Тронькін нагадвае, што 30 верасня пад эгідай Еўрасаюза і ПРААН прайшло першае рэспубліканскае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. Мерапрыемства, ініцыяванае райвыканкамам, мела не толькі прыродаахоўны, але і творчы характар. А 8 снежня Міёрскі РДК адзначыў 50-годдзе. На трохгадзінны канцэрт з гэтай нагоды сабраліся ледзь не ўсе колішнія яго супрацоўнікі, якія прыехалі з Расіі, Латвіі, Літвы, нават з Японіі. Карацей, арганізатарскіх здольнасцей Аляксандру Тронькіну не займаць…

Працягваецца на Віцебшчыне і ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. У абласным цэнтры, як паведамляе Аляксандр Сідарэнка, рамантуюцца сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы культуры. Удасканальваецца абсталяванне кінатэатраў.

Гомельшчына

Дом для кнігі

А што рабілася ў Прысожскім краі? Натуральна, дэфіцыту на крэатыў не назіралася. Адна з творчых акцый асабліва вартая таго, каб быць адзначанай у выніковым аглядзе “К”, — маем на ўвазе Рэспубліканскі фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”, які прайшоў у аграгарадку “Ляскавічы” Петрыкаўскага раёна і які наведаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Пад час фэсту адкрыўся Музей прыроды Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, адбыліся шматлікія канцэртныя выступленні творчых калектываў з Гомельскай і Брэсцкай абласцей...

Названы фестываль, як вядома, па выніках X Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу “Спазнай Беларусь!”, арганізаванага Міністэрствам спорту і турызму ды Нацыянальным агенцтвам па турызме, прызнаны лепшым мерапрыемствам падзейнага турызму ў 2012 годзе.

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка паведаміла “К”, што згодна з даручэннем Кіраўніка дзяржавы, фестываль “Покліч Палесся” будуць ладзіць у Петрыкаўскім раёне штогод. Таксама мяркуецца павысіць яго статус да міжнароднага ўзроўню. Хаця можна з упэўненасцю сцвярджаць, што названае мерапрыемства дасягнула гэтага ўзроўню ўжо сёлета: у Ляскавічы на фестываль прыехала больш за тысячу самадзейных артыстаў з Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі.

Па словах Вольгі Антоненка, чакаецца, што ў 2013-м менавіта Гомельшчына будзе прымаць Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі” і, натуральна, шмат фінансавых сродкаў ды высілкаў культработнікаў рэгіёна будзе скіравана на тое, каб гэтая маштабная акцыя прайшла на самым высокім узроўні. А яшчэ ў Гомелі запланавана правесці ў наступным годзе Фестываль аматарскага цыркавога мастацтва. Гэтае мерапрыемства, якое раней ладзілася ў рамках Міжнароднага фестывалю харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”, таксама ў хуткім часе павінна займець статус міжнароднага.

Сярод іншых знакавых акцый, якія запланаваны на будучы год, ва ўпраўленні культуры адзначылі адкрыццё Дома кнігі. Гэтая ўстанова з’явіцца ў Рагачове на базе Цэнтральнай раённай бібліятэкі і стане сапраўдным цэнтрам культурнага і кніжнага жыцця горада і раёна.

Гродзеншчына

Лялькі збяруцца над Нёманам

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч сярод найбольш адметных мерапрыемстваў, што прайшлі сёлета ў рэгіёне, назвала правядзенне Першага Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”, у якім прынялі ўдзел музейшчыкі ды спецыялісты ў галіне музейнай справы з 15 краін свету, а таксама — 152 музеі нашай краіны. Як вядома, гэты маштабны праект быў распачаты на Беларусі ўпершыню, а Гродна абрана пляцоўкай для форуму невыпадкова: гэты абласны цэнтр здаўна лічыцца нефармальным горадам-музеем. Правядзенне форуму, вядома ж, дало рэгіянальным музейшчыкам новы імпульс для раскруткі і піяру ўласных творчых праектаў… А пераможцамі ў некалькіх намінацыях конкурсу “Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю”, зладжанага ў рамках Першага Нацыянальнага форуму, прызнаны гродзенскія ўдзельнікі.

Сярод іншых рэгіянальных мерапрыемстваў варта, па словах Алены Клімовіч, адзначыць правядзенне ў 2012 годзе ІX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, фестывалю “Ганненскі кірмаш” у Зэльве, VIII Абласнога фестывалю дзіцячай эстраднай творчасці “Масты надзей”, ІІІ Рэгіянальнага фестывалю “Гальшанскі замак” на Ашмяншчыне і некаторыя іншыя.

Таксама, як вядома, у 2012-м завяршылася фарміраванне галоўнай экспазіцыі адзінага ў Беларусі Музея гісторыі рэлігіі ў Гродне, а напрыканцы года ў абласным цэнтры быў адкрыты абноўлены тэатр лялек. Усё гэта сведчыць пра тое, што сфера культуры вобласці паспяхова і сістэмна развіваецца ды ўзбагачаецца.

Што да планаў, дык у 2013-м мяркуецца ўпершыню правесці Міжнародны фестываль тэатраў лялек “Лялькі над Нёманам”, а таксама зладзіць у абласным цэнтры свята, прысвечанае ахоўніку Гродна — святому Губерту. Названая акцыя таксама будзе ў навіну для жыхароў і гасцей горада і, як перакананы ва ўпраўленні культуры аблвыканкама, абавязкова стане традыцыйнай. А сярод знакавых аб’ектаў, распавяла Алена Клімовіч, у наступным годзе будуць здадзены ў эксплуатацыю новыя будынкі Слонімскага драматычнага тэатра і Гродзенскай абласной філармоніі.

Магілёўшчына

Вялікае мастацтва фандрайзінгу

Магілёў у 2013-м стане Культурнай сталіцай Беларусі і краін СНД. І абласны цэнтр варты гэтага статуса. Дакладней кажучы, мясцовыя работнікі культуры даказалі гэтую вартаснасць якаснымі маштабнымі справамі, якія даўно сталі творчай візітоўкай вобласці. Маем на ўвазе міжнародныя і статусныя фестывалі “Залаты шлягер”, “Магутны Божа”, “Анімаёўка”. Менавіта яны складуць ядро яркіх ды шматгранных мерапрыемстваў у будучай Культурнай сталіцы-2013.

Да выканання “сталічных” абавязкаў Магілёўшчына рыхтавалася цягам усяго бягучага года. Як пераконвае начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, была складзена праграма адпаведных мерапрыемстваў. Выкананне яе звязана не толькі з удасканаленнем творча-культурнага складніка. Грунтоўнасць, уласцівая Магілёўшчыне, не можа не прынесці плёну.

Падрыхтоўка да акцыі “Культурная сталіца” не перашкодзіла Магілёўшчыне ўзорным чынам арганізаваць і правесці Рэспубліканскае свята-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2012” у Горках, пра што “К” цягам года пісала неаднаразова. Нагадаем, што райцэнтр з нагоды дзяржаўнага свята займеў якасна новае аблічча. Тое ж датычыцца і ўстаноў культуры. На іх пераўтварэнне было выкарыстана каля 50 мільярдаў рублёў. Па сутнасці, новым стаў кінатэатр “Крыніца”, у адрэстаўраваны будынак перабралася музейная ўстанова. “У выніку шматграннай і дзейснай дзяржаўнай падтрымкі, — падкрэсліў Анатоль Сінкавец, — культурная сфера Горацкага раёна знаходзіцца цяпер на новым этапе развіцця”.

Апрача ўсяго гэтага, рамонтна-рэстаўрацыйныя работы працягваліся і на гісторыка-культурных аб’ектах у Жылічах Кіраўскага раёна і ў Пустынках, што на Мсціслаўшчыне. Начальнік аддзела культуры Кіраўскага райвыканкама Тамара Галубоўская распавядае, што другая чарга ўзнаўленчых работ на Жыліцкім палацы будзе завершана прыкладна напрыканцы снежня бягучага года. Цяпер узводзіцца прыбудова да паўднёвага флігеля, узарваная фашыстамі пад час Вялікай Айчыннай вайны. Прыступілі ў Жылічах і да трэцяй чаргі. Гэтымі днямі аднаўляецца галоўны палацавы корпус. Паведаміла Тамара Галубоўская і пра тое, што ва ўсіх бібліятэках раёна ёсць ужо камп’ютары, а гадавы план па аказанні платных паслуг выкананы датэрмінова.

І апошняя навіна. Дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў паведаміў СМІ, што паспяхова завяршыў акцыю па выкупцы нямецкага выдання кнігі Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі”. Дапамаглі жыхары горада, прадпрымальнікі і прыватныя арганізыцыі. Былі праведзены дабрачынныя суботнікі і канцэрт… Неўзабаве кніга з’явіцца сярод музейных экспанатаў.

Міншчына

Палац за 120 мільярдаў

І сёлета Мінская вобласць пацвердзіла статус прысталічнага рэгіёна. Цягам 2012 года на Міншчыне прайшлі сапраўды знакавыя культурныя мерапрыемствы. Найбольш маштабнымі, натуральна, былі акцыі, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, зладжаныя ў Маладзечанскім ды Стаўбцоўскім раёнах вобласці, а таксама праекты, што рэалізоўваліся ў рамках Рэспубліканскай акцыі “Нясвіж — Культурная сталіца Беларусі-2012”.

Галоўнай падзеяй названай акцыі сталася афіцыйнае адкрыццё палацавага ансамбля Радзівілаў. А сярод цікавых мерапрыемстваў, зладжаных у гэтым старадаўнім і слынным паселішчы Міншчыны, аказаліся Форум прафесійных тэатраў “Тэатр Уршулі Радзівіл”, Фестываль опернага і балетнага мастацтва “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”, Баль у Нясвіжскім палацы...

Таксама значным для рэгіёна, па словах намесніка начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Эдуарда Багдановіча, стаўся міжнародны мітынг-рэквіем, прымеркаваны да 200-годдзя вайны 1812-га, што адбыўся на Брылёўскім полі ў Барысаўскім раёне. У ім прынялі ўдзел нашчадкі Напалеона і рускіх генералаў, а пасля мітынгу прайшла рэканструкцыя гістарычных падзей. Прычым цікава, што ў пастаноўцы удзельнічалі ваенна-гістарычныя клубы з Расіі, Польшчы, Францыі і Швейцарыі.

Як кажа начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Акушэвіч, за апошнія два з паловай гады на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры Мінскай вобласці было выдаткавана і асвоена прыкладна 113 мільярдаў рублёў. Натуральна, фінансавая падтрымка сферы займее працяг і ў наступныя гады. Адзін з аб’ектаў, на які сёлета і ў 2013-м выдаткоўваюцца значныя сродкі, знаходзіцца ва Уздзе. Па словах Эдуарда Багдановіча, ужо ў будучым годзе ў гэтым райцэнтры Міншчыны паўстане новы будынак раённага Палаца культуры. На сёння на гэтым аб’екце ўжо асвоена прыкладна 24 мільярды рублёў. Агульная ж сума, запланаваная ў абласным бюджэце на пабудову Уздзенскага палаца культуры, роўная 120 мільярдам рублёў.

Вынікі падводзілі Яўген РАГІН і Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ