Фестывальны ККД

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

Палітра айчынных тэатральных фестываляў ужо даўно набыла стан раўнавагі. З аднаго боку, стабільнасць гэтая ясна дае зразумець: установачны перыяд ваганняў даўно завяршыўся, і тыя фестывалі, што замацаваліся ў творчай прасторы краіны, нельга лічыць "выпадковымі". Але калі паглядзець на раўнавагу як на адсутнасць дынамікі, немінуча паўстае пытанне: якім чынам арганізаваць рух на новым, сённяшнім вітку фестывальнага жыцця?

Наўрад ці хто-небудзь сёння стане задавацца пытаннем: а ці патрэбны нам тэатральныя фестывалі ў тым выглядзе, у якім існуюць на дадзены момант? Яны ў поўнай ступені пацвердзілі не толькі свой кароткатэрміновы эфект у выглядзе творчага марафону з яркіх спектакляў, але і доўгатэрміновы,  у выглядзе ўласных спектакляў — намінантаў на сёлетнюю Нацыянальную тэатральную прэмію з брэсцкай альбо магілёўскай драмы, сталічнага тэатра лялек і г. д. Ды ўсё ж апошнія пару сезонаў не пакідае адчуванне, што для саміх тэатраў — арганізатараў фестываляў застаецца нявырашанай надзвычай важная задача: чым жа, па вялікім рахунку, у бліжэйшым будучым стане займацца іх "дзецішча"? Што прадставіць тэатральнай грамадскасці? І які каэфіцыент карыснага дзеяння атрымаюць гэтыя намаганні?

Чым адрозніваецца фестывальная прастора ад нават самага насычанага будзённага тэатральнага жыцця? Найперш тым, што пад час добрага фестывалю "ўзнікае" тое, чаго не хапае альбо папросту не можа ўзнікнуць у іншы час. І справа не проста ў прывазных спектаклях, сабраных у адзін час у адным месцы, а ў стваральным прызначэнні самога фестывалю як формы існавання сучаснага мастацтва. Так, з дзясятак гадоў таму айчынныя тэатральныя фестывалі стваралі для нас, прыхільнікаў гэтага віду мастацтва, галоўнае на той момант — адэкватнае, збольшага, уяўленне пра сучаснае тэатральнае асяроддзе, тэндэнцыі і накірункі, якімі абазначыўся пачатак ХХІ стагоддзя. Дзякуючы гэтаму сёння ўжо не ўзнікае адчування ўласнага культурнага вакууму, разгубленасці і дэзарыентаванасці адносна таго, што адбываецца ў сусветным тэатры.

Што ж можа даць тэатральны фестываль на сучасным этапе? Адказ на гэтае пытанне стане сапраўдным "залатым ключыкам", які здолее адчыніць запаветныя дзверцы ў невядомую яшчэ будучыню. "Вытворчасцю" чаго ён можа заняцца? Нараджэннем тэатральных ідэй, здольных ажывіць беларускі рэпертуарны тэатр? Альбо актыўным прасоўваннем новых форм бытавання тэатральнага мастацтва?..